«Новая Беларусь» адсвяткуе свой дзень народзінаў гастрафэстам у трох краінах
Першы Hastrafest Novaj Biełarusi пройдзе з 1 па 10 снежня ў трох краінах і пяці гарадах: Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні. 11 беларускіх бараў, кавярняў і рэстаранаў прыгатуюць на новы лад 35 страў і напояў, якія здаўна былі моднымі ў Беларусі.
Праекту «Новая Беларусь» спаўняецца год. «Новая Беларусь» — гэта прыкладанне ў тэлефоне, у якім сабраны самыя розныя ініцыятывы і падзеі, што адбываюцца ў беларускім асяроддзі па ўсім свеце. Па меркаванні ініцыятара стварэння платформы, Паўла Лібера, «Новая Беларусь» заклікана вяртаць тыя гарызантальныя сувязі паміж людзьмі, якія былі перапынены з-за вымушанай эміграцыі ці рэпрэсій, што цяпер фактычна закрылі для развіцця прастору ўнутры Беларусі.
«За першы год мы запусцілі некалькі карысных і паспяховых праектаў, каб аб’яднаць беларусаў і беларусак. Стварылі і пратэсціравалі першыя інструменты лічбавага самакіравання, каб беларусы і беларускі ўпершыню паспрабавалі самастойна размяркоўваць свае падаткі. Запусцілі суполкі, каб было прасцей яднацца вакол агульных інтарэсаў і праблем. Пачалі тэсціраванне Digital ID і Digital Voting. І разам з крутымі беларускімі музыкамі выпусцілі першы «Плэйліст Новай Беларусі». Усе гэтыя праекты набліжаюць нас да галоўнай мэты — стварыць лічбавае грамадства», — адзначаюць у камандзе праекта.
Усё гэта не было б магчыма без падтрымкі беларусаў, і цяпер стваральнікі «Новай Беларусі» хочуць падзякаваць усім, хто разам гэты год. Таму «Новая Беларусь» разам з беларускімі барамі, кавярнямі і рэстаранамі ладзіць Hastrafest Novaj Biełarusi і запрашае беларусаў і беларусак адпачыць за святочны стол.
У дні Гастрафэсту віленская «Karčma 1863 »прыгатуе «Сэт старадаўняга экстрэміста», прысвечаны Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, кожная страва ў ім будзе звязана з жыццём ці творчасцю драматурга.
Кухар бара «MY», што ў Познані, будзе гатаваць мачанку па даўнім рэцэпце сваёй бабулі з-пад Барысава.
Гданьскі бар «Mirzam» таксама прыгатуе мачанку, але веганскую, каб вярнуць гэтую страву з дзіцячых успамінаў у талеркі беларусаў і беларусак, якія не ўжываюць ежу жывёльнага паходжання.
У варшаўскім бары «GiGi» будуць частаваць модным кактэйлем з бурачным хрэнам.
А ў тбіліскім бары «5327°» вырашылі прыгатаваць амаль што ўсе культавыя беларускія стравы адным махам. Там будзе верашчака, бабка (у вегетарыянскім варыянце), культавая тройка напояў (збіцень, крамбамбуля, хрэнавуха) і шмат што яшчэ.
Апроч ежы гасцей Hastrafest Novaj Biełarusi чакае некалькі прыемных сюрпрызаў. 2 снежня, наўпрост у Дзень народзінаў, карыстальнікі аплікацыі «Новая Беларусь» разам з гастрафэстнай стравай атрымаюць «камплімент» ад «Новай Беларусі». А падчас усяго Гастрафэсту ў месцы-ўдзельнікі будуць прыходзіць «таемныя госці» — вядомыя беларусы і беларускі, каб усе ахвочыя маглі разам з імі пачаставацца беларускай ежай і пагаварыць за жыццё.
Поўны спіс удзельнікаў, іх стравы з гісторыямі, кошты і ўсе важныя навіны будуць публікавацца ў суполцы Hastrafest Novaj Biełarusi, што ў аплікацыі «Новая Беларусь».
А калі хто хоча павіншаваць праект «Новая Беларусь» з Днём народзінаў, гэта зрабіць проста:
- Далучыцца да лічбавай супольнасці беларусаў і беларусак, калі яшчэ не там. Спампаваць апку «Новая Беларусь» можна па спасылцы.
- Калі вы ўжо ў «Новай Беларусі», то павіншуйце каманду сваімі сторыс, пастамі, твітамі ці ТыкТокамі, каб яшчэ больш беларусаў і беларусак даведаліся пра праект і далучыліся да яго.