Немагчыма забыць, пакуль сэрца помніць. Генадзю Кеснеру
Два гады таму не стала журналіста, аўтара «Новага Часу» Генадзя Кеснера. Пішу гэтыя словы, каб сказаць, што мы памятаем — і ніколі не забывалі.
Складана пісаць пра чалавека, якога не ведала і з якім не давялося нават перасячыся. Але, вывучаючы яго па ўспамінах сяброў і калег, нязменна шкадую пра гэтае неперасячэнне — быццам нешта вельмі каштоўнае, вельмі важнае я ўпусціла і ўжо ніколі не навярстаю.
Генадзь Кеснер памёр два гады таму. Страшная хвароба з'ядала яго доўгі час, але ён змагаўся з ёю як мог і стараўся заставацца верным сабе: не засмучацца, працаваць да апошняга, дапамагаць іншым.
Я бачыла, як балюча было калегам ад гэтай страты. Тады клішэ «калектыў як сям'я» ў дачыненні да «Новага Часу» перастала быць для мяне фразай, якая набіла аскоміну і страціла сэнс. Генадзя Кеснера праводзілі як сапраўднага члена сям'і, без якога сям'я на нейкі час апусцела і сама быццам пазбавілася жыцця.
Адным з яго апошніх жаданняў было вельмі чалавечае і зразумелае «гаварыце пра мяне, не забывайце». Рэдка можна пачуць, калі пра чалавека гавораць з такой цеплынёй і пяшчотай у голасе, ніколі не стрымліваючы слёз: «Генка, Генка, Генка...» Ён і сам пры жыцці стараўся не забываць пра іншых. Нават у сваім апошнім інтэрв'ю, дзе здавалася б, уся прастора — аднаму табе і пра цябе, ён гаварыў пра сваіх калег, згадваў тых, з кім хаця б трошкі паспеў папрацаваць, паразмаўляць, хто запомніўся. Ці вось яшчэ прыклад: сябры, якія добрым словам адгукаліся пра Генадзя, успаміналі, што ён да апошняга дапамагаў ім, калі была такая патрэба — памятаў пра гэта і дапамагаў, пакуль мог.
Не можа не кранаць адданасць, якой, здаецца, быў перапоўнены гэты чалавек — калі будучы моцна хворым, ужо заспеўшы рэпрэсіі і ведаючы ўсе рызыкі трапляння за краты, ён не адмовіўся ад «Новага Часу» — і назаўсёды застаўся яго часткай:
«Я не пацук, якi ўцякае з тытанiка. Лёша калісьці запрасіў мяне. Як я магу здрадзіць Яму, Табе? Сцяпанавіч для мяне — сама ведаеш што. Як і ты. Ад роднага, шчаслівага, любімага не адмаўляюцца. Ад Аляксея, як i ад Цябе, як ад кольвеч нашых Сонейкаў, я ніколі не адмоўлюся. Ніколі. Аксанка, вот напісаў пост, што люблю “Новы Час”, і якія годныя людзі адгукнуліся. Так што не адмоўлюся. Як за сваім часам не адмовіўся ад БМ, так што звальняцца нават фармальна — ніколі. НЧ — мае апошняе месца працы.
Не для таго я дажыў да палтосу, хоць думаў, дурны, што не дацягну. Цяперака — алімпійскі інтарэс — ці я зведаю народнае шчасце. Але веру. Пасля гэтага нажарэмся»...
Гэта рэдкая ўдача — сустрэць такога калегу, які стаў сябрам, братам, часткай сэрца. Страчаная, яна працягвае балець і ніколі не загоіцца — як не загойваецца пустэча на месцы незамяняльнага. Гэтай часткі сэрца «Новага Часу» няма ўжо два гады, цэлыя два гады, якія цягнуцца як адзін доўгі дзень і гэтак жа хутка пралятаюць. Але сэрца баліць, а мы памятаем. І будзем памятаць, як тое — таго, — што немагчыма забыць.