Былы палітзняволены, які застаецца ў Беларусі: «Гэта мой дом, я хачу тут жыць»

Усіх нязгодных з рэжымам сілавікі выціскаюць з краіны, але ёсць і тыя, хто прынцыпова застаецца — нават пад страхам чарговага зняволення. Блог «Шуфлядка» паразмаўляў з былым палітзняволеным пра тое, дзе і ў чым яго матывацыя не з'язджаць.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ігару 39 гадоў. Ён займаецца апрацоўкай дрэва, дапамагае бяздомным жывёлам і «сабраў» больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў і адну крымінальную справу.

— У мяне такая пазіцыя, што я імкнуся дамагацца свайго сумленнасцю і шчырасцю. Міліцыянты нават жартуюць, што паважаюць мяне за тое, што я ад іх не бегаю.

Выбары прэзідэнта ў 2020 годзе Ігар сустрэў у ІЧУ невялікага беларускага райцэнтра, адкуль ён родам. Каб затрыманыя маглі прагаласаваць, іх прывезлі ў РАУС: у чарзе перад кабінетам кожны мог бачыць, хто за каго галасуе. Арышт актывіста скончыўся толькі ў сярэдзіне жніўня і быў не апошнім.

— Адседзеў 30 сутак, потым пераарыштавалі яшчэ на 30, завезлі ў Цэнтральнае ўпраўленне і там сказалі, што праходжу па крымінальнай справе за маршы. Змясцілі на Акрэсціна, праз два дні — у карцар. Запомнілася, як стаялі на прадоле ў «ластаўцы» і чалавек у спартыўным касцюме сказаў: «Вы — непаважнікі х*евы. Вы — мае асабістыя ворагі».

Карцар разлічаны максімум на двух чалавек, але было восем. Двое адкідных нараў, адсутнасць рукамыйніцы і вядро ў якасці туалета.

— Цэлы тыдзень мы фактычна прастаялі. Людзі хварэлі на «карону», адзін хлопец праляжаў тры дні на бетоннай падлозе. Былі праграмісты збітыя, адна нага тасцеўшая ў тры разы за другую. Знаходзячы на Акрэсціна, я не адразу зарыентаваўся. Міліцыянт тут жа павярнуўся і пачаў: «Гэта што, напад быў? Я зараз табе напад прыпішу, мне гэта дзве секунды зрабіць».

«У турме добра спіцца, бо з сумленнем усё ў парадку»

Крымінальная справа не стала для Ігара нечаканасцю. Кажа, ведаў, на што ідзе. Яго асудзілі за «ўдзел у акцыях пратэсту» і далі год калоніі. Адваката беларус не браў: не бачыў сэнсу і не было грошай. Віну не прызнаў, сваякам сказаў на суд не прыходзіць. Родныя цяжка адрэагавалі на прысуд, але паставіліся з разуменнем.

Глядзіце таксама

— Яны разумеюць маю актыўную пазіцыю, разумеюць, што я за праўду. Але турэмны тэрмін быў для іх нечаканасцю. Я стараўся ў лістах іх трохі супакойваць. Вядома, былі моманты, калі мне казалі: «Ігар, табе аднаму гэта трэба»? Таму ў мяне трошачкі свая барацьба ў сям'і адбываецца. Але разуменне ёсць. Я нават любіў пажартаваць у турме, што мне добра спіцца, бо з сумленнем усё ў парадку.

Пасля Акрэсціна Ігара перавялі на «Валадарку», а адтуль адправілі на 21-дзённую судова-псіхіятрычную экспертызу ў Навінках.

— Пасадзілі разам з наркаманамі: адзін сказаў, што едзе ў адзін бок паміраць. Жалезныя дзверы, квадратнае акенца, выхад у туалет 5 разоў на дзень.

ШІЗА за няправільнае слова

Пасля суда Ігара змясцілі ў камеру, дзе было 26 чалавек.

— Першае, што ўбачыў: прусак, які поўзае па сцяне. Я іх вельмі не люблю. А там прачынаўся і бачыў прусакоў, якіх я ноччу прыдушыў уласным целам.

Знаходзячыся на каранціне, Ігар трапіў у ШІЗА. Падстава — памылка ў дакладзе канваіру.

— Мне трэба было сказаць, што я схільны да «экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці», а я сказаў — да іншай.

ШІЗА ўяўляе сабой невялікую камеру, у якой ёсць туалет у падлозе, халодная вада, стол і лавачка. «Шконку» апускаюць а 9-й вечара і падымаюць а 5-й раніцы — днём ляжаць нельга.

— Цэлы дзень знаходзішся ў камеры, ніякіх прагулак і кніжак. За ноч па разоў дзесяць прачынаешся — адціскацца, разаграваць цела, але потым прачынаешся праз хвілін 30-40 ад холаду.

Глядзіце таксама

Ігар расказвае, што каранцін — месца, дзе цябе максімальна дрэсіруюць перад адпраўкай у лагер: правяраюць, наколькі чалавек будзе выконваць рэжым, будзе ён агрэсіўным ці правакатарам.

25 рублёў заробку і брыгадзір, судзімы за забойства

У калоніі Ігар прыбіраў тэрыторыю: падмятаў, капаў ямы. Васьмігадзінны працоўны дзень, «праца на свежым паветры», пяць дзён на тыдзень. Заробак, паводле слоў Ігара, нядрэнны для калоніі — 25 рублёў. Але ён яго не бачыў: 100% сумы забіралі на выплату адміністрацыйнага пазову.

— Праца была цяжкай не столькі фізічна, колькі маральна. У нас быў брыгадзір, якога ненавідзела ўся «зона». Ён увесь час усіх прыніжаў і абражаў. Нешта скажаш яму, а ён у адказ — «х*ю майму скажы». Сядзеў за забойства, далі 17 гадоў.

У нас быў у атрадзе дзядуля. У яго гніла пячонка, і ўся сталовая з яго здзекавалася, у тым ліку і брыгадзір. Часам у распранальні было чуваць, як ён збівае гэтага дзядулю. Пасля гэтага той выходзіў у слязах. Такая вось брыда.

На 100 чалавек у атрадзе ў калоніі было 20 «бчбшнікаў». Лісты Ігару не перадавалі, званок блізкім ні разу не дазволілі. Спачатку прамым тэкстам сказалі, што нельга, а пасля Ігар сам прынцыпова не захацеў размаўляць, калі за спінай стаіць міліцыянт.

Глядзіце таксама

— За ўвесь час мяне змяшчалі ў ШІЗА два разы. Другі раз атрадны проста выклікаў мяне і сказаў: «Давай прыдумаем, за што на цябе напішам пратакол. Можа, за тое, што лаяўся матам?» Я адказаў, што матам не лаюся. У выніку склалі пратакол за тое, што я ляжаў на ложку ў дзённы час.

Вызваленне і прынцыповая пазіцыя «не з'язджаць»

Падчас зняволення Ігара было шмат размоў пра амністыю. Яе чакалі, але яна не адбылася. Беларус выйшаў на волю, адседзеўшы той тэрмін, які прызначыў суд. Вярнуўся ў родны горад, стаў на прэвентыўны нагляд, пайшоў у Цэнтр занятасці, уладкаваўся на працу. Папрацаваў там тыдзень і сышоў.

— Мне ўвесь час намякаюць, кажуць: «Слухай, можа ты з'едзеш з краіны». Але мая пазіцыя прынцыповая: я веру ў нашу перамогу. Ну, што яны зробяць? Пасадзяць яшчэ раз? У турме цяпер столькі добрых людзей, што і не страшна. Расстраляюць? Ну, нічога страшнага. Іншага шляху не бачу.

— Не баіцеся, што на вас могуць завесці новую крымінальную справу?

— Вядома, я выдатна разумею, што можа быць што заўгодна. Я працягваю сваю дзейнасць. Мне кажуць «спыняй», а я не разумею, што я парушаю. Я проста хачу сацыяльныя моманты пазначаць: тут дарога дрэнная і г. д. Я што, не маю права гэтага зрабіць як грамадзянін?

Глядзіце таксама

Цяпер мяне проста запалохваюць, кажуць, што я зноў магу апынуцца ў калоніі. Я не адчуваю сябе вінаватым і няправым. Чаму я павінен уцякаць з уласнага дому? Пры першым затрыманні мне ў РАУС сказалі: «Не падабаецца нешта — з'язджайце з краіны». Я адказаў, што праз нейкі час ім будзе сорамна за свае словы. Ну, гэта як брат з сястрой пасварыўся і кажа: «Сыходзь з кватэры». На якіх падставах? Па сутнасці, вы выганяеце людзей з уласнага дому. Таму трэба змагацца да канца.

— Чаму вы не з'язджаеце з Беларусі?

— Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Гэта мой дом, я хачу тут жыць. Я пажыў у Амерыцы, Швецыі некалькі гадоў. Я разумею, што такое Беларусь, што такое свой дом. Гэта вельмі класная краіна, і ўсё тут будзе добра. Пабываўшы ў эміграцыі, разумееш, наколькі важны свой гарадок, вулачкі, кватэра. Я не гатовы пайсці на гэта. Эміграцыя — гэта трагедыя для чалавека.