«Хобі стала прафесіяй». Дызайнерка з Беларусі адкрыла ў Варшаве свой кейтэрынг

Вольга (імя змененае з мэтай бяспекі) жыве ў Варшаве. Калі пачалася эпідэмія кавіда, яна нечакана захапілася кулінарыяй, а нядаўна распачала сваю ўласную справу — кейтэрынг. Вольга абслугоўвае невялікія мерапрыемствы, святы, выконвае прыватныя замовы на фуршэты. Пра сваю справу беларуска распавяла выданню MOST.

Фота з архіву гераіні публікацыі

Фота з архіву гераіні публікацыі

Паводле адукацыі дзяўчына графічны дызайнер. У Беларусі і адразу пасля пераезду ў Польшчу Вольга працавала менеджарам па продажах. Гатаваннем Вольга зацікавілася з пачаткам эпідэміі кавіда. Гэта быў спосаб бавіць вольны час ва ўмовах кавідных абмежаванняў.

— Я пачала працаваць з дому і шмат гатаваць, — кажа Вольга. — Пасля таго як мы з мужам спяклі наш першы хлеб, я паступова пачала паглыбляцца ў рэцэптуру розных закусак, цікавых і незвычайных страў. Разам з гэтым прыняла рашэнне стварыць блог у Інстаграме. Выкладала цікавыя рэцэпты, якія там знаходзіла, каб не згубіць ні адзін з іх.

Незадоўга да пераезду ў Польшчу у Вольгі памёр тата. Дзяўчына ўзгадала, што неяк ён казаў ёй, што хацеў працаваць кухарам. Ён гатаваў стравы на ўсе сямейныя святы, і яны былі вельмі смачнымі.

— Мне было вельмі цяжка перажыць страту. З пачаткам гатавання я адчувала, што так захоўваю сувязь з татам праз агульны інтарэс. А потым гэтая справа мяне папросту зацягнула. Да таго ж гатаванне стала своеасаблівай тэрапіяй і спосабам не звар’яцець у эміграцыі.

Глядзіце таксама

«Выбрала месца, дзе магла нечаму навучыцца і не быць у рабстве»

У нейкі момант Вольга вырашыла зрабіць хобі сваёй прафесіяй. Яна стварыла новае рэзюмэ і пачала адгукацца на вакансіі з гэтай сферы, якія падаваліся ёй цікавымі.

— Я адгукнулася на дзевяць прапаноў, з якіх адказалі і запрасілі на суразмоўе шэсць. З аднаго суразмоўя я ўцякла ў сярэдзіне, бо гэта быў нейкі сюр: трэба было і гатаваць, і мыць посуд, і выконваць іншыя абавязкі цягам 14 гадзін. А аплату прапанавалі 18 злотых за гадзіну. У аб’яве ўсё было прыгожа распісана, а на справе… Іншыя пяць фірм гатовыя былі ўзяць мяне на працу. Выбрала месца, дзе магла нечаму навучыцца і не быць у рабстве. Зараз я вельмі ўдзячная шэфу, які ў той час паверыў у мяне і дапамог мне пракачаць навыкі.

У працы па найме Вольга набыла вопыт абслугоўвання мерапрыемстваў. Гатавала для мерапрыемстваў, якія праводзілі Google, амбасады і польскія зоркі.

— А адзін раз гатавала для нейкай урачыстасці, звязанай з Лехам Валенсам. Самае вялікае мерапрыемства, на якое я гатавала, было на 300 чалавек, — кажа Вольга.

«Хочацца выйсці за межы і зрабіць нешта ўнікальнае»

Летам гэтага года Вольга зрабіла першыя крокі да ўласнай справы — кейтэрынгу.

— Праца ў найме — гэта шаблоны і стандарты, а мне часцей за ўсё хочацца выйсці за гэтыя межы і зрабіць нешта ўнікальнае.

Пакуль Вольга вядзе незарэгістраваную гаспадарчую дзейнасць — польскае заканадаўства дазваляе такі фармат заробку, калі месячны даход не перавышае 2700 злотых. А паралельна працягвае працаваць па найму. Але не выключае, што з развіццём бізнесу зменіць фармат працы.

Беларуска ўзгадвае, што самым страшным этапам была рэгістрацыя заяўкі ў «санэпідэм», але ў выніку апынулася, што ўсе страхі былі марнымі.

Фота з архіву гераіні публікацыі

Фота з архіву гераіні публікацыі

Заробак — 25% ад сумы замовы

Большасць кліентаў прыходзяць з Iнстаграма. Яны замаўляюць канкрэтныя стравы, з імі Вольга абмаўляе ўсе пажаданні. Пасля перадаплаты — звычайна ў памеры 100% — беларуска самастойна закупляе ўсе неабходныя прадукты і гатуе па ўмоўленаму меню. Часцей замаўляюць брускеты, фінгер-фуды, дэсерты, радзей — салаты.

— Калі я ўжо працавала з кліентам раней і ён просіць падзяліць аплату — 50% адразу, 50% — пасля, — спакойна згаджаюся.

Чысты заробак Вольгі звычайна складае 25% ад сумы замовы, а ўсе астатнія грошы ідуць на закупку прадуктаў.

Наконт дастаўкі гатовых страў Вольга дамаўляецца з кліентамі загадзя. Кажа, што камусьці зручна забраць скрынку з замовай самастойна, а хтосьці просіць прывезці ежу і яшчэ аформіць сталы. У такім выпадку Вольга бярэ з сабой свой посуд і «наводзіць прыгажосць».

Максімальная колькасць гасцей, для якой Вользе прыходзілася гатаваць самастойна, — 25–30 чалавек.

Дзяўчына кажа, што яе галоўная апора і дапамога — яе муж, бо без яго яна б не дала рады і весці дыялогі з кліентамі, і гатаваць, і займацца бухгалтэрыяй.