Польскі журналіст: Лукашэнка пасля пачатку вайны хацеў збегчы з Беларусі праз Варшаву

Вядома, афіцыйна ён рыхтаваў карты, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», але магчыма, усё было зусім інакш. Пасля пачатку вайны Лукашэнка хацеў з'ехаць у Польшчу, а адтуль паляцець у невядомым кірунку.

Калаж з politonline.ru

Калаж з politonline.ru

«Расійцы не дазволяць падняцца ва ўласную паветраную прастору»

Такія пікантныя падрабязнасці, якія афіцыйны Мінск ніколі не пацвердзіць, а вось-вось пачне актыўна адмаўляць, з'явіліся ў кнізе Polska na wojnie («Польшча на вайне») журналіста Dziennik Gazeta Prawna Збігнева Парафяновіча, якая днямі выйшла ў Польшчы, піша Plan B.

Кніга апісвае пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну і наступныя некалькі месяцаў. У ёй раскрываюцца невядомыя шырокай грамадскасці падрабязнасці закулісся.

Польскі публіцыст Філіп Домб-Міроўскі ў сябе ў сацсетках прывёў некаторыя вытрымкі з кнігі. Адна з іх тычыцца Беларусі.

«Польскі ўрад быў сур'ёзна занепакоены тым, што Лукашэнка ўступіць у вайну, і падрыхтаваў сцэнар, паводле якога антырэжымныя дыверсійныя групы будуць адпраўленыя ў тыл беларускага войска, каб пасеяць хаос. Урэшце, сам Лукашэнка настолькі спалохаўся, што па розных каналах пытаўся ў Варшаве, ці дазволяць яму перасекчы мяжу, а затым вылецець з бліжэйшага аэрапорта. Ён ведаў, што калі справы пойдуць дрэнна, расійцы не дазволяць яму падняцца ва ўласную паветраную прастору», — піша аўтар кнігі.

Таксама ў кнізе гаворыцца пра тое, што польскі спецназ займаўся бяспекай украінскіх дэлегатаў, якія прысутнічалі на перамовах у Беларусі ў сакавіку 2022 года. Яны суправаджалі іх на верталётах, што прызямліліся на беларускай зямлі і вывезлі, калі перамовы скончыліся. 

Вядома, па зразумелых прычынах усе крыніцы ў кнізе ананімныя. Але гэта, як паказвае аўтар, высокапастаўленыя чальцы польскага ўрада і прэзідэнцкага офіса, а таксама афіцэры войска і спецслужбаў.

Дый заявы Лукашэнкі апошніх месяцаў ускосна пацвярджаюць, што напісанае ў кнізе можа быць праўдай.

Падлашчванні і намёкі

Нагадаем, Лукашэнка зноў завёў кружэлку, што з палякамі «трэба размаўляць» яшчэ летам. І нават даў даручэнне ўраду «звязацца з імі». Адказу ад польскага боку не было. Але, як высветлілася пазней, Лукашэнка спісаў гэта не на ігнор, а на маючыя адбыцца парламенцкія выбары ў Польшчы.

Прапанову аб дыялогу Лукашэнка «падмацаваў» запалохваннямі. Ён заявіў, што вагнераўцы, якія тады базаваліся ў Беларусі, просяцца ў Лукашэнкі пайсці «на экскурсію ў Варшаву». Дзіўна, што пасля такога палякі неадкладна не пагадзіліся аднавіць стасункі з Мінскам. У адказ на гэта Польшча адправіла да беларускай мяжы некалькі тысяч жаўнераў і баявыя гелікоптэры з загадам страляць на паражэнне. А пасля заявіла пра гатоўнасць закрыць межы з Беларуссю.

Але Лукашэнка не быў бы сабой, калі б не працягваў сваю дрымучую дыпламатыю. Пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы, дзе перамагла апазіцыя, ён пахваліў палякаў за такі выбар. Гэтыя словы Лукашэнкі здзівілі беларусаў. Але як мы ўжо тлумачылі, Лукашэнка проста сцеле сабе саломку. І падрабязнасці кнігі Збігнева Парафяновіча цяпер пацвярджаюць гэтую версію.

Разрываць кантакт з Польшчай Лукашэнка не мае намеру. Бо ведае, на што здольны Пуцін, нават проста западозрыў здраду. А жыць вельмі хочацца.

Падрыхтоўка добраахвотнікаў таксама была

Акрамя таго, ускосна пацвярджаюць словы журналіста пра намер стварэння ў Польшчы «антырэжымных дыверсійных груп» спартыўна-культурныя клубы беларускай дыяспары. Гэтыя клубы год таму з'явіліся ў Польшчы і Літве. Там праходзілі трэніроўкі і заняткі па тактычнай падрыхтоўцы.

А стваральнікі клубаў — былыя беларускія сілавікі — не хавалі, што «хочуць пераменаў і вярнуцца на радзіму». Відавочна, што існаванне праектаў па падрыхтоўцы добраахвотнікаў на тэрыторыі Польшчы не магло абысціся без ведама ўладаў.

Магчыма, гэта тое, пра што піша польскі журналіст у сваёй кнізе.