Пайсці і прагаласаваць. Выбары ў Польшчы паказалі, чаму нельга быць «па-за палітыкай»
Электаральная кампанія ў суседняй краіне як дэманстрацыя палітычнай культуры і дапаможнік для беларусаў.
У нядзелю, 15 кастрычніка, у Польшчы прайшлі парламенцкія выбары. Гэта галоўная палітычная падзея чатырохгоддзя ў краіне, бо менавіта Сейм там ёсць галоўным кіруючым органам — ён фармуе ўрад і вызначае курс развіцця.
З 2015 года ў польскім парламенце дамінуе партыя «Права і справядлівасць» (PiS) Яраслава Качыньскага. Права-кансерватыўная, нацыяналістычная, яна кіруе краінай паводле права большасці. Але цяпер можа пазбавіцца ўлады.
Афіцыйныя вынікі ў Польшчы абяцаюць агучыць заўтра, пакуль грамадства і эксперты задавольваюцца данымі экзіт-полаў. Яны такія:
PiS набрала больш за ўсіх галасоў — 36,8%,
далей ідуць апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» на чале з Дональдам Тускам — 31,6%,
«Трэці шлях» — 13%,
«Лявіца» — 8,6%,
«Канфедэрацыя» — 6,2%.
Больш ніхто не пераадолеў выбарчы бар’ер у 5% (8% для кааліцый).
Галоўная выснова з гэтых лічбаў — «пісаўцы» не змогуць сфармаваць большасць, бо аб’ядноўвацца з імі ў лепшым выпадку пагодзіцца толькі ультракансерватыўная «Канфедэрацыя», але і гэтага мала для «кантрольнага пакета» ў парламенце.
«Грамадзянская кааліцыя», наадварот, здольная знайсці кампраміс з «Трэцім шляхам» і левымі. Тады гэтае аб’яднанне атрымае больш за 50% мандатаў — а з ім і права прызначаць прэм’ера і іншых міністраў.
Зрэшты, экзіт-пол, вядома, не апошняя інстанцыя, таму эксперты раяць не бегчы наперадзе цягніка і дачакацца поўнага падліку галасоў. Усё яшчэ можа змяніцца, і «PiS» не страчвае надзеі ўтрымацца ля стырна.
Але адзін цвёрды паказчык у польскіх выбараў ужо ёсць. Гэта яўка электарата на выбарчыя ўчасткі. Яна склала амаль 73%, і гэта гістарычны рэкорд. Ніколі раней палякі не хадзілі галасаваць такімі шчыльнымі радамі — нават у 1989-м, калі абвальвалася камуністычная сістэма. Тады яўка склала 67,2%. І гэта той феномен, на які зараз варта звярнуць увагу. У тым ліку беларусам, якім лукашэнкаўскі рэжым шмат гадоў рэкамендуе быць «па-за палітыкай».
На мінулых выбарах у Польшчы PiS набрала 43,6% галасоў, і гэта дазволіла кансерватарам у выніку кіраваць. Але яўка тады была 61,7%, то-бок нашмат меншая, чым сёлета. З гэтага, груба акругліўшы, можна зрабіць выснову, што ў цэлым «Права і справядлівасць» не расчаравала свой электарат. Лічыцца, што за кіроўную партыю галасуюць у асноўным людзі сталага веку, якія не пражываюць у буйных гарадах, не любяць камуністаў і ходзяць у касцёл. Дык вось добрая навіна для PiS у тым, што сваіх прыхільнікаў ёй удалося захаваць.
Іншая справа, што дадалося галасоў у апазіцыі. І гэта адбылося якраз дзякуючы таму, што пэўная частка грамадства, якая захацела перамен, паднялася з канапаў і схадзіла запоўніць бюлетэнь.
Ад небывалай актыўнасці людзей пацярпела не толькі правячая партыя, але і «Канфедэрацыя». Увогуле гэта самая адыёзная палітычная сіла ў Польшчы — яна мала што ультраправая, дык яшчэ і прарасійская, і антыўкраінская, і негатыўна ставіцца да Еўрасаюза. Няма сумневаў, што менавіта гэтая партыя была ў фаварытах у Пуціна з Лукашэнкам, праўда, вялікай папулярнасцю ў Польшчы «канфедэраты» не карыстаюцца.
Але ўсё ж яны разлічвалі атрымаць на выбарах нешта ў раёне 10%, і палічылі б гэта вялікімі поспехам. Уласна, у гэтай сваёй перамозе «Канфедэрацыя» і не сумнявалася, таму вечарам 15 кастрычніка заангажавала ў Варшаве прэстыжную рэстарацыю, замовіла туды шмат дарагіх напояў і ў прыўзнятым настроі пачала чакаць вынікаў экзіт-полаў.
Пра гэта досыць маляўніча напісала папулярнае польскае выданне onet.pl. Калі коратка, то калі даныя апытання ля выбарчых участкаў былі агучаныя, пітво і закускі не палезлі ў рот гэтым ультракансерватарам. Бо 6,2% — гэта зусім не тое, на што яны разлічвалі, і гэта наўпрост правал.
Чаму? Ды ўсё ж таму, што палякі на гэтых парламенцкіх выбарах паказалі беспрэцэдэнтную актыўнасць.
«Ніхто не чакаў такой яўкі, — шчыра прызнаўся на той заўчаснай вечарыне кандыдат ад «Канфедэрацыі» Каміл Мрочак. — Мы ідэалагічная партыя, і электарат такіх партый заўсёды мабілізаваны на 100%. І мы не баяліся, што нашы выбаршчыкі не прагаласуюць. Верагодна, так атрымалася, што некаторыя выбаршчыкі прынялі рашэнне ў апошнюю хвіліну і выбралі паміж PiS і «Грамадзянскай кааліцыяй». <…>. З гэтага нам давядзецца зрабіць высновы на будучыню».
Гэта цалкам універсальная з’ява для дэмакратычных выбараў. Напрыклад, у ЗША ў 2020 годзе Дональд Трамп прайграў не таму, што страціў частку электаральнай падтрымкі. Не: глыбінны амерыканскі народ зноў звыкла прагаласаваў за гэтага гучнага эксцэнтрыка. Але за Джо Байдэна прагаласавала больш, бо дэмакраты прыдбалі сімпатый за кошт высокай яўкі.
У 2016, калі Трамп прыйшоў да ўлады, выбіраць прэзідэнта вырашылі 55,7% амерыканцаў, а ў 2020-м — ужо 66,9%. Мабілізацыі дэмакратычнага электарата хапіла, каб прынамсі на час, але скончыць з трампізмам.
Высокая яўка на выбарах часта прарастае з пратэсных настрояў. У ЗША сваімі галасамі людзі выказаліся супраць палітыкі Трампа, бо ўбачылі, куды ён можа завесці краіну. У Польшчы зараз грамадства паўстала супраць залішняга традыцыяналізму «пісаўцаў», іх замашак на валюнтарысцкае кіраванне і мову варожасці ў дачыненні да апанентаў. Іншымі словамі, падвышаная электаральная актыўнасць гэта пра пратэснае галасаванне, пра антырэйтынгі палітыкаў, якіх больш няма моцы цярпець.
У Беларусі ў 2020 годзе быў той жа самы феномен. У Лукашэнкі даўно адрос вялізны антырэйтынг, ён нават проста фізіянамічна стаміў беларусаў, а тады яшчэ і абурыў людзей грэблівым стаўленнем да пандэміі.
Беларусы канчаткова расплюшчылі вочы і так масава і выразна прагаласавалі 9 жніўня, што і самі адэпты рэжыму цудоўна ведаюць: выбары іх кумір тры гады таму прайграў, прычым з трэскам.
Праўда, выбараў у Беларусі няма ўжо амаль 30 гадоў, і недахоп галасоў дыктатура прызвычаілася кампенсаваць гвалтам і рэпрэсіямі. Што цяпер і адбываецца ў краіне. У ліку таго, чаго рэжым дабіваецца ад грамадства дручкамі, пасадкамі і іншымі злачыннымі метадамі, ледзь не на першым месцы — праславутая дэпалітызацыя. «Палітыка не ваша справа», «не суньце нос у палітыку», «не лезьце, куды не трэба», патрабуе ад беларусаў нелегітымная ўлада, малюючы іншую, ідэальную для сябе рэчаіснасць. У гэтай карціне свету мужчына працуе 8 гадзін на дзень, жанчына нараджае яму дзяцей, а тыя дзеці ўступаюць у БРСМ, спяваюць гімн, служаць у войску. І ніхто з іх не цікавіцца палітыкай, бо «без нас разбяруцца».
Выбары ў Польшчы паказваюць, што быць апалітычным не варта — гэта можа дорага каштаваць для будучыні. Жыхары Беларусі тое ж самае добра зразумелі тры гады таму. Засталося дачакацца, калі сканае лукашэнкаўскі рэжым і беларусы вернуць сабе раскошу самім абіраць уладу.
P. S. У Польшчы агучылі лічбы выбараў пасля апрацоўкі 20% бюлетэняў. PiS павялічыла адрыў ад «Грамадзянскай кааліцыі» — 40,49% супраць 26%. Далей ідуць «Трэці шлях» — 13,9%, «Лявіца» — 7,99% і «Канфедэрацыя» — 7,4%. Рабіць высновы з гэтых лічбаў таксама рана, бо большасць галасоў яшчэ не палічана, а сімпатыі польскіх выбаршчыкаў часта карэлюцць з буйнымі гарадамі і цэлымі рэгіёнамі. У якіх ваяводствах бюлетэні яшчэ не апрацаваныя, не паведамляецца.