Беларус у Польшчы ладзіць бег з перашкодамі — і робіць гэта лепш за палякаў

За мінулы год беларусы ў Польшчы стварылі каля 12 тысяч новых кампаній. Шмат з іх — даволі паспяховыя і складаюць канкурэнцыю на мясцовым рынку. Часам нават у самых нечаканых сферах.

Першае мерапрыемства новай каманды прайшло ў Познані — і даволі паспяхова. Фота: zombierun.pl

Першае мерапрыемства новай каманды прайшло ў Познані — і даволі паспяхова. Фота: zombierun.pl

Беларус за год знаходжання ў Польшчы разам з аднадумцамі арганізаваў спаборніцтвы па гонках з перашкодамі. Гэта першае такога маштабу спартыўнае спаборніцтва, арганізаванае беларусамі ў Польшчы. Мерапрыемства збірае да сотні ўдзельнікаў, сярод якіх — пераважна палякі. У планах — выходзіць на агульнаеўрапейскі ўзровень, піша «Польскае радыё».

Я быў у Беларусі першым

Ягор у свой час скончыў у Мінску радыётэхнічны каледж, а пасля — і радыётэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Аўтамабільная электроніка». Прафесія яму падабалася, але працаваць у дзяржаўных структурах было не вельмі прывабна.

Спрабаваў займацца прыватным бізнесам, але ў нейкі час зацікавіўся новым незвычайным спортам — бегам з перашкодамі.

Спачатку праз інтэрнэт, а пасля і насамрэч пачаў гэтым займацца — таксама бегаў. Але гэтага хлопцу аказалася недастаткова, хацелася зладзіць свае спаборніцтвы, зрабіць адмысловыя перашкоды, каб павысіць цікаўнасць людзей  да гэтага віду спорту.

— Я быў у Беларусі першым, хто пачаў рабіць гэтае абсталяванне. І нават па мерках Еўропы лічыўся кропкай на мапе. Проста ў нас гэта толькі пачыналася, і ўсе бегалі, але не рабілі ніякага абсталявання для гэтага. А я падумаў: чаму б да гэтага не рыхтавацца? І распачаў працу.

У Беларусі было складана

Толькі вось прыйшоў 2020 год.

— І ў міліцыю трапляў, і каля СІЗА разам з сябрамі дзяжурыў, дапамагаў людзям, якія чакалі і якіх выпускалі. А потым пачалося жудаснае, і я зразумеў, што ў Беларусі мне больш няма чаго рабіць.

Праўда, хлопец згадвае, што рашэнне аб ад’ездзе давалася няпроста, бо дома пакідаў маці і рэальна ўяўляў, што гэта можа быць дарога ў адзін бок. Але атмасфера панавала такая, што заставацца было немагчыма. Ён прыехаў у Польшчу год таму.


Глядзіце таксама

— Вельмі ўсё там было напружана, усе чакалі і мабілізацыі, і магчымага канфлікту, у якім давядзецца ўдзельнічаць. Ніхто не ведаў, што можа прыйсці ў голаў тым людзям, якія ўсім гэтым запраўляюць. Чаго чакаць? Кожны дзень ты прачынаешся, чытаеш навіны і аналізуеш, як пражыць гэты дзень.

Рабі як для сябе — і ўсё будзе добра

У Польшчы ўладкавацца дапамаглі знаёмыя, якія перабраліся туды раней. Пачаў працаваць на будоўлі, адаптацыя праходзіла нескладана, бо заўсёды было каму падказаць. Але праз два месяцы настолькі засумаваў, што сабраўся і паехаў паглядзець у Беларусь.

— Смутак мяне так накрыў, што захацелася яшчэ раз усіх убачыць, паціснуць рукі, развітацца. Я пазней зразумеў, што такі стан большасць людзей перажывае. Першы тыдзень у мяне быў радасны, сустракаўся са знаёмымі, блізкімі, але потым стала яшчэ горш. Я разумеў, што нічога там не магу рабіць, і вярнуўся назад. 

Пасля вяртання Ягор уладкаваўся ў невялікую фірму, якая займаецца вырабам неабходных дэталей пры будаўніцтве дахаў. Працуе ў польскім калектыве, і, як заўважае, праца розніцца ад таго, калі сядзіш і водзіш мышкай па экране, але ў цэлым ён задаволены. А што датычыць прафесіі інжынера, то пакуль для гэтага не хапае ведання мовы.

— Палякі бачаць, што я стаўлюся да працы сумленна. Ды я і не магу інакш, бо калі табе грошы плацяць, то ты мусіш працаваць. Мяне так бацькі вучылі: рабі як для сябе — і ўсё будзе добра. Першыя два месяцы да мяне прыглядаліся, а потым стаўленне змянілася, як да свайго.


Глядзіце таксама

Але не хлебам адзіным жыве чалавек

Ягор вярнуўся да сваёй ідэі стварэння праекта гонак з перашкодамі. Тым больш пабачыў, што ў Польшчы гэта больш масавы спорт, чым у Беларусі. Дзеля гэтага разам з сябрамі зарэгістраваў сваю дзейнасць.

— Мне ўначы прыйшла думка, і я сеў за камп'ютар, зарэгістраваў дамен і ўсе сеткі на імя «Zombierun» і пачаў ствараць пад гэта пляцоўку. Праштудзіраваў інтэрнэт і зразумеў, што ў Польшчы пакуль пустая ніша па такіх актыўнасцях, якія я хачу прапанаваць. А гэта значыць, не для прафесійных спартсменаў, а для звычайных людзей, каб яны маглі браць удзел у любым узросце, сем’ямі, нават цэлымі калектывамі.

Найперш пачаў збіраць каманду для ажыццяўлення ідэі. Знайшліся людзі, якія пагадзіліся стаць сузаснавальнікамі, паколькі для прасоўвання праекта патрэбны сродкі. Шмат хто выказаў зацікаўленасць у валанцёрскай дзейнасці. І вось некалькі месяцаў таму ўдалося зладзіць першае мерапрыемства ў Познані.

Ягор расказвае, што знешне гэта выглядае так: удзельнікі не проста пераадольваюць перашкоды, а яшчэ ўцякаюць ад Зомбі, якія за імі гоняцца і хочуць сарваць з іх тры стужкі, што сімвалізуюць тры жыцці, і гэта будзе азначаць «з задачай не справіліся». А яшчэ ў Зомбі ў руках заведзеная бензапіла… Вось тут адрэналін сапраўдны. А для Польшчы гэта ў нейкім сэнсе новае ў гонках з перашкодамі.

— Вельмі ўсім спадабалася, асабліва дзецям. Яны былі такія шчаслівыя, што за імі гоняцца Зомбі. Атмасфера панавала такая, што людзі старэйшыя нібы сапраўды адчувалі, што за імі гоняцца Зомбі.

Дарэчы, польскія калегі, якія займаюцца арганізацыяй такіх гонак, высока ацанілі працу беларусаў, асабліва штучныя перашкоды, зробленыя Ягорам яшчэ ў Беларусі.

— Палякі, паглядзеўшы на іх, сказалі, што яны выглядаюць лепей за тое абсталяванне, што робіцца ў Польшчы. А мы, калі яго рабілі ў Беларусі, хацелі быць найлепшымі і імкнуліся, каб наша абсталяванне было як тэхніка «Apple». Палякі гэта ацанілі. Я даў ім абсталяванне для тэсціравання, і зараз шлюць мне толькі падабайкі.


Глядзіце таксама

Бізнес у тым, каб прадаць добрыя эмоцыі

Паводле суразмоўцы, у іх мерапрыемстве бралі ўдзел каля ста чалавек. А ўжо на другое плануецца, што людзей будзе больш. Бізнес, як тлумачыць Ягор, заключаецца ў тым, што яны прадаюць квіткі на тое, каб людзі атрымалі станоўчыя эмоцыі. Прычым, квіткі ў іх каштуюць танней, чым у польскіх фірмах: да ста злотых. Зразумела, каб завабіць кліентаў.

Праўда, што датычыць камерцыйнага боку праекта, Ягор не вельмі ахвотна пра гэта гаворыць, яго цяпер цікавіць тое, каб здзейсніць як мага больш ужо падрыхтаваных сцэнарыяў.

— Мы пакуль у стане, калі зарабляем сабе рэпутацыю, бо ў Польшчы гэта важна. Таму і кошт квіткоў у нас ніжэйшы, чым у канкурэнтаў. І сваіх грошай, і часу шмат даводзіцца ўкладваць у рэкламу. Але, калі гэта запрацуе, як у іншых, то кошты квіткоў дазваляюць выходзіць у плюс.

І дадае:

— Я б хацеў зарабіць грошы, каб далей развіваць свае праекты для людзей. Для мяне грошы — гэта рэсурс, які можна скіраваць на новыя праекты. Проста грошы — гэта нецікава для мяне. Я хацеў бы нешта новае ладзіць на іх.

Наступнае мерапрыемства Ягор з камандай ладзіць на Хэлоўін, абяцае, што будзе вельмі цікава. Квіткі ўжо прадаюцца праз інтэрнэт. Найбольш іх набываюць палякі і ўкраінцы, беларусы — меней.


Глядзіце таксама

Ягор апроч таго, што займаецца з іншымі калегамі праектам, яшчэ штодня ходзіць на працу, каб было за што жыць. А потым вяртаецца дамоў і сядае за камп'ютар. Кажа, што спаць цэлы год ужо даводзіцца толькі па чатыры гадзіны на суткі. І, паводле яго, прыкладна ў такім тэмпе працуюць і яго калегі.

— Неяк працэс ідзе, людзі дапамагаюць. Уся справа ў камандзе. Не было б каманды — не было б нічога. Без такой каманды нічога б не зладзілі…