За 1,5 года беларусы адкрылі ў Польшчы амаль 12 тысяч прадпрыемстваў

Беларусы ў эміграцыі праяўляюць сябе ў розных сферах. У тым ліку ў прыватным бізнесе, дзе часта дасягаюць поспеху. Пра актыўнасць нашых суайчыннікаў на чужыне сведчаць свежыя лічбы, якія прыводзіць «Люстэрка» са спасылкай на агенцтва BPN.

Фота з discover24.ru

Фота з discover24.ru

Са студзеня 2022 года да канца чэрвеня 2023 года грамадзяне Беларусі адкрылі ў Польшчы 11,7 тысячы прадпрыемстваў, вынікае з інфармацыі, апублікаванай 7 верасня Польскім эканамічным інстытутам (ПЭІ).

Гэта амаль чвэрць (24%) ад агульнай колькасці адкрытых замежнікамі прадпрыемстваў у Польшчы ў разгляданы перыяд.

Паводле інфармацыі ПЭІ, 66% новых беларускіх прадпрыемстваў працуе ў сферы інфармацыі і сувязі, з іх пераважная большасць (86%) займаецца дзейнасцю, звязанай з праграмным забеспячэннем. Крыху больш за 11% кампаній вядуць прафесійную навуковую або тэхнічную дзейнасць, каля 5% занятыя ў будаўнічай галіне.

Эксперты адзначаюць, што колькасць і галіновая структура беларускіх прадпрыемстваў, якія ствараюцца ў Польшчы, могуць зрабіць істотны пазітыўны ўплыў на працэсы ў асобных сегментах нацыянальнага рынку, у прыватнасці спрыяць папаўненню недахопу супрацоўнікаў, асабліва з высокакваліфікаваных IT-спецыялістаў.

«У гэтай сітуацыі важна скарыстацца магчымасцю для беларускіх кампаній, якая з’явілася ў Польшчы, стаць фактарам, што спрыяюць паскарэнню лічбавізацыі польскіх кампаній», — падкрэслівае ПЭІ.


Глядзіце таксама

Адзначаецца, што толькі ў 2022 годзе на ўлік у сферы пенсійнага страхавання і страхавання па інваліднасці ў Польшчы стала 108 тысяч беларусаў. У 2020 годзе гэты паказчык быў больш чым у два разы ніжэйшы.

На думку аналітыкаў інстытута, рэпрэсіўная палітыка ў Беларусі і часта звязаныя з ёй цяжкасці ў вядзенні бізнесу, а таксама перспектыва закрыцця польска-беларускай мяжы павысілі цікавасць беларусаў да пошуку магчымасцяў працаўладкавання за мяжой і супрацоўніцтва з польскімі кампаніямі.

Нагадаем, што пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і распачатых масавых палітычных рэпрэсій велізарная колькасць беларусаў была вымушана пакінуць краіну. Да палітычнай эміграцыі 2020 года ў 2021-м дадалася эканамічная, а ў 2022 годзе ў дадатак з’язджаць пачалі яшчэ і праз вайну, распачатую Расіяй ва Украіне пры садзейнічанні рэжыму Лукашэнкі. Плынь эміграцыі не спыняецца дагэтуль. Паводле рознык ацэнах, за мінулыя тры гады краіну маглі пакінуць да 500 тысяч чалавек. Пры гэта найбольш папулярным кірункам беларускіх эмігрантаў з’яўляецца менавіта Польшча.