«Вельмі вялікая колькасць зваротаў». Пасля ўказа Лукашэнкі беларусы кінуліся мяняць пашпарты?

«Чула, што ў Беларусі адмянілі экспрэс-замену пашпартоў. Атрымліваецца, што трэба не толькі ехаць дадому, але і тырчаць там месяц, пакуль не зробяць новы дакумент?». Такое пытанне задала слухачка «Еўрарадыё» Марыя, якая шмат гадоў жыве ў Польшчы і не разумее, як сарвацца з працы на трыццаць дзён праз тое, што Лукашэнка загадаў больш не выдаваць пашпарты ў консульствах за мяжой. Выданне вырашыла праверыць гэтыя чуткі, патэлефанаваўшы ў аддзел упраўлення па грамадзянстве і міграцыі Фрунзенскага раёна Мінска.

paszpart_1_logo.jpg.webp

— Вы можаце падаць дакументы на экспрэс-замену, але з тэхнічных прычын цягам сямі дзён ён можа быць не выраблены, — адказвае начальнік аддзела ўпраўлення Алег Слабко. — Мы проста папярэджваем, бо, напрыклад, вы можаце ўзяць пуцёўку, а потым прыйсці да нас, а дакумент яшчэ не гатовы. Зразумела, што грошы мы вам вернем, але настрой будзе сапсаваны. Біяметрычныя дакументы вырабляюцца тэрмін у тэрмін і нават ідуць трохі з апярэджаннем.

— Наогул памяняць пашпарт у паскораным рэжыме можна, — кажа намеснік начальніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі — начальнік упраўлення грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу Павел Хрышчановіч.

Пачуўшы пра тое, што нам паведамілі пра магчымыя тэхнічныя праблемы, спецыяліст тут жа агаворваецца:

— Ну так, праблематыка з паскарэннем ёсць. Мы папярэджваем пра тое, што вы на свой страх і рызыку можаце аплаціць, але калі мы не паспеем выканаць адміністрацыйную працэдуру ў паскораным парадку, вам проста дадуць квітанцыю на вяртанне грошай. Асабліва ў Фрунзенскім раёне, дзе пражывае 500 тысяч чалавек. Сёння ў нас вельмі вялікая колькасць зваротаў грамадзян, і тэхніка не спраўляецца.

— Усе пытанні на гэты конт — у Міністэрства замежных спраў, яны не ў нашай кампетэнцыі, — працягвае Хрышчановіч. — Мы таксама спадзяёмся, што нешта зменіцца, бо для нас гэта толькі дадатковая нагрузка. Але гэты ўказ уступіў у сілу толькі з 7 верасня, так што не чакайце. Я ўпэўнены, што ў найбліжэйшыя пару гадоў нічога не зменіцца.

Што рабіць, калі трэба памяняць пашпарт тэрмінова?

Калі дакументы патрэбныя тэрмінова, абодва спецыялісты раяць афармляць ID-карту і біяметрычны пашпарт. Яны запэўніваюць, што за два гады беларусы не сутыкаліся з праблемамі пасля іх атрымання як на радзіме, так і пры выездзе за мяжу.

— Новая тэхналогія, якая пры афармленні зойме літаральна пяць хвілін вашага часу. Рана ці позна мы ўсе пяройдзем на гэтыя дакументы, — абяцае Слабко.

Паводле слоў суразмоўцы, каб атрымаць іх, дастаткова проста прыйсці ў аддзел упраўлення па грамадзянстве і міграцыі свайго раёна, напісаць заяву, аплаціць дзяржпошліну праз АРІП, сфатаграфавацца на месцы (вам пакажуць, як вы атрымаліся, плаціць асобна за фота, дарэчы, не трэба), здаць адбіткі пальцаў — і праз пяць дзён (у выпадку экспрэс-паслугі) дакумент у вас у кішэні.

— ID-карта — гэта новы тып дакумента, унутраны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, — тлумачыць спецыяліст. — Каб атрымаць яго, неабходна заплаціць 55,5 рубля. Для выезду за мяжу дадаткова да яго афармляецца біяметрычны пашпарт. Ён каштуе 74 рублі. Калі вы хочаце атрымаць дакументы цягам пяці дзён, вы павінны будзеце яшчэ зверху за кожны прадукт даплаціць па 74 рублі. Даю сто адсоткаў, што яны прыйдуць своечасова.

Для параўнання, новы пашпарт па паскоранай працэдуры за сем дзён (у выпадку, калі тэхнічных праблем не будзе) абыдзецца ў 111 рублёў.


Глядзіце таксама

Навошта дзяржава ўгаворвае беларусаў атрымліваць біяметрычныя пашпарты?

— Я атрымаў і ID-карту, і біяметрычны пашпарт, — расказвае Яўген. — Калі жыў у Беларусі, то сутыкнуўся з сітуацыяй, што мне ўвесь час трэба было насіць з сабой біяметрычны пашпарт, бо ў многіх дзяржаўных установах не было абсталявання для счытвання інфармацыі з ID-карты. За мяжу з новымі дакументамі выпусцілі без праблем.

Падчас размовы са спецыялістамі ў справах грамадзянства і міграцыі ствараецца ўражанне, што перавод беларусаў на біяметрычныя дакументы — гэта нейкая звышзадача ўрада. Ну і папярэджанне пра тое, што рана ці позна мы ўсе пяройдзем на іх, таксама трохі насцярожвае, асабліва ўлічваючы апошні ўказ.

Ці не атрымаецца так, што аднойчы сінія кніжачкі наогул прызнаюць несапраўднымі, а беларусы, якія не прыедуць на радзіму, каб абмяняць іх, застануцца без дакументаў?

Паводле слоў юрыстаў, з якімі выданне абмеркавала гэтае пытанне, папулярызацыя біяметрычных пашпартоў сярод грамадзян Беларусі можа быць звязаная з тым, што працэдура была запушчаная ў 2021 годзе, але беларусы, баючыся ўсіх новаўвядзенняў, да гэтага часу аддаюць перавагу пашпартам старога ўзору. Трэба неяк апраўдаць дзяржаўны стартап — вось і даводзіцца ісці на крайнія меры.

Яшчэ адна версія — гэта абавязковая дактыласкапія пры афармленні заяўкі на ID-карту і біяметрычны пашпарт. То-бок калі вы зрабілі гэтыя дакументы, з'ехалі за мяжу і вас раптам прызналі экстрэмістам на радзіме, нават новае прозвішча і дакументы іншай краіны не дапамогуць наведаць блізкіх.