Саша Філіпенка пра «пашпартны ўказ» Лукашэнкі: Дробная, дзіцячая помста дзеда

«Сёння беларусы, якія эмігравалі, даведаліся, што цяпер памяняць пашпарт змогуць толькі ў Беларусі. Я аб гэтай дзіўнай ініцыятыве даведаўся роўна год таму, калі прыехаў у консульства па даведку аб несудзімасці», — напісаў пісьменнік і журналіст Саша Філіпенка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пасля падпісання Лукашэнкам скандальнага «пашпартнага ўказа». Меркаваннем наконт чарговага рэпрэсіўнага рашэння рэжыма ён падзяліўся з выданнем «Новая газета. Еўропа».

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Саша Філіпенка называе ўказ «дробнай дзіцячай помстай дзеда». Пісьменнік, нагадвае выданне, з'ехаў з Беларусі ў 2020 годзе, адразу пасля пратэстаў, праз пагрозу арышту: у прапагандысцкіх нататках, якія перыядычна з'яўляюцца, часта пішуць пра тое, што для Філіпенкі ўжо «зарэзерваваны» тэрмін у 12 гадоў.

Зараз Філіпенка жыве ў Швейцарыі і за тэрыторыю Еўрасаюза не выязджае: у пашпарце скончыліся свабодныя старонкі для штампаў і віз.

— У мяне ў сярэднім 50-60 выступаў у год па Еўропе з рознымі маімі кнігамі, — распавядае ён. — Тут я магу падарожнічаць, таму што мне дастаткова толькі ВНЖ. А вось выехаць кудысьці я не магу. Цяпер у мяне кніга перакладзеная на японскую і тайскую мовы, але я не магу паехаць ні ў Японію, ні ў Тайланд проста таму, што мне няма куды ўклеіць візы.


Глядзіце таксама

Год таму Саша спрабаваў перарабіць пашпарт. Калі ён прыйшоў па даведку для ВНЖ, то ў консульстве на пытанне, ці можа ён памяняць пашпарт, яму адказалі: «Вельмі нават можаце! Адзінае, Аляксандр... У вашым выпадку па пашпарт трэба будзе паехаць у Мінск».

— Складана зразумець логіку гэтых людзей, але я думаю, што прынятыя меры абумоўлены проста: навошта марнаваць грошы на здраднікаў? — каментуе ўказ Філіпенка. — Наогул, здаецца, што гэта праз вялікія фінансавыя праблемы. Калі ты атрымліваеш тую ж даведку аб несудзімасці ў консульстве, яе могуць даслаць табе па месцы рэгістрацыі. Дык вось у іх настолькі няма грошай, што мяне яны адправілі на пошту, дзе я павінен быў купіць канверт і марку за адзін франк. І тады яны даслалі мне даведку — у маім жа канверце.