Заснавальніца моўнай школы «Polish for Belarus»: «Мову трэба вучыць да таго ўзроўню, каб умець на ёй лаяцца»
Многія беларусы, абіраючы для рэлакацыі Польшчу, арыентуюцца найперш на падобнасць нашых моў: маўляў, калі ты ведаеш беларускую, то можаш стасавацца ў Польшчы. Але гэта — распаўсюджаная памылка, кажа заснавальніца моўнай школы «Polish for Belarus» пані Хэлена Смаляк. Вучыць польскую мову ўсё роўна давядзецца. Да якога ўзроўню?
Пагаварылі з пані Хэленай пра распаўсюджаныя памылкі ў дачыненні да польскай мовы і пра тое, да якога ўзроўню трэба яе ведаць, каб адчуваць сябе ў Польшчы камфортна.
— Чалавек прыязджае ў Польшчу, беларуская мова з польскай вельмі падобныя. Ведаючы беларускую, ён можа неяк камунікаваць і лічыць, што лёгка вывучыць польскую. З якім узроўнем польскай да Вас звяртаюцца людзі?
— Усе людзі розныя: ёсць людзі, якія вучылі польскую, ёсць тыя, якія яе ніколі не вучылі. «Беларуская і польская мовы падобныя, таму беларус разумее польскую і можа паразумецца з палякам» — гэта распаўсюджаная памылка. Будзем сумленныя: не ўсе беларусы добра ведаюць і беларускую мову. Факт не самы прыемны, але гэта так. І нават у той жа краме, калі польскі прадавец спытае «аплікацыя?», беларус не зразумее ці не адразу зразумее, што той мае на ўвазе.
Нават калі чалавека ведае агульныя словы кшталту «відэлец», «куфар», усё роўна ён не ведае польскай лексікі ў дастатковым аб'ёме. Нават тыя ж базавыя дзеясловы ў польскай адрозніваюцца ад беларускай. Таму беларусы часта кажуць «маю» і «дзякую», але гэта не польская, гэта беларуская. І такім людзям лепш пачынаць вучыць польскую з нуля.
Ёсць людзі, якія прыходзяць да нас з падрыхтоўкай: вучылі польскую мову на курсах, у школах, у касцёлах — ім мы даём тэст на веданне мовы і адштурхоўваемся ўжо ад іх моўнай падрыхтоўкі. Усё залежыць ад таго, вучыў чалавек мову ці не.
Разумееце, чэшская мова таксама вельмі падобная на польскую. Але палякі смяюцца з чэхаў, чэхі смяюцца з палякаў, калі чуюць іх мову. І чэхі і палякі разам смяюцца са славакаў: структура моў падобная, ёсць шмат аднолькавых слоў, але гэта не азначае, што, ведаючы родную мову, ты будзеш добра камунікаваць на чужой мове, хай і падобнай.
Гэта досыць папулярнае меркаванне, што, ведаючы беларускую, ты ўжо ведаеш польскую. Але яно памылковае.
— Плынь эміграцыі з Беларусі ў Польшчу ідзе ўжо трэці год і, на жаль, не змяншаецца. Якія курсы ў вас самыя папулярныя? Беларусы ўжо вучаць «прасунутую польскую»?
— Самым папулярным курсам усё роўна застаецца курс з нуля — А1. Наш партрэт студэнта вельмі моцна змяніўся ад таго, які быў да 2020 года. Да 2020 года да нас прыходзілі людзі, якія свядома пераязджалі ў Польшчу і ішлі вучыць мову. Яны ведалі, для чаго ім гэта трэба: каб жыць у гэтай краіне, шукаць працу, адчуваць сябе камфортна.
Пасля 2020 года прыйшла вялікая колькасць людзей, якія з'ехалі з Беларусі не па сваёй волі і ніколі не планавалі ні вучыць польскую, ні асвойвацца ў гэтай краіне. І калі чалавек прыязджае на такім стрэсе, вучыць мову для яго — не першая неабходнасць. Таму ёсць вялікі разрыў паміж тым, калі чалавек прыехаў у Польшчу і тым, калі ён вырашыў, што польская мова яму ўсё ж патрэбная. Да нас прыходзяць і людзі, якія пражылі ў Польшчы год, нават два і толькі цяпер прыйшлі да неабходнасці вывучэння мовы.
Нядаўна мы выклалі рылс у Інстаграме: сабачка з сумным тварам і подпісам: «Жыву ў Польшчы ўжо год, але ведаю толькі “дзенькуе”, “добры дзень” і “до відзэння”». Шмат людзей у каментарах напісала: «Так, гэта я». Чалавеку складана прыняць, што ён у гэтай сітуацыі аказаўся надоўга, складана змірыцца з рэальнасцю, усвядоміць, што трэба ісці наперад і вучыць польскую мову.
— Які, на Ваш погляд, узровень мовы дастатковы для спакойнага і ўпэўненага пражывання і знаходжання ў Польшчы?
— В1. У многіх еўрапейскіх краінах узровень В1 лічыцца дастатковым узроўнем для атрымання грамадзянства. Гэта ўзровень, калі ты ведаеш граматыку і досыць лексікі, каб камфортна адчуваць сябе практычна ва ўсіх побытавых сітуацыях: у дзяржустановах, на сумоўях, калі шукаеш працу.
Але я заўсёды сваім студэнтам кажу, што мову трэба вучыць да таго ўзроўню, каб умець на ёй лаяцца — гэта значыць, адстойваць свае правы. Прыходзіш ты, напрыклад, ва ўжонд, і пані ўжанднічка пачынае табе выносіць мозг, што ў цябе там нешта не так з дакументамі. Калі ў цябе ўзровень мовы А1-А2, ты сядзіш, лупаеш вочкамі і нічога не можаш ёй адказаць, паставіць яе на месца, калі яна не мае рацыі. А калі ў цябе В2 або, дай Божа, С1, ты выдатна можаш пярэчыць ёй і аргументаваць сваю правату.
Калі мы гаворым пра працу, то, натуральна, палякам прасцей мець зносіны з чалавекам, які валодае мовай на В2-С1. Тады ты ўжо можаш кіраваць камандай, ставіць ім нейкія задачы — і цябе зразумеюць. Ты не выглядаеш у сваіх вачах слабым чалавекам, таму што ты можаш растлумачыць сваю пазіцыю.
І многія польскія ўніверсітэты, асабліва топавыя ВНУ кшталту Палітэхнікі, Ягелонскага ўніверсітэта, Варшаўскага ўніверсітэта ўвялі патрабаванне ведання польскай мовы (калі ты хочаш вучыцца бясплатна) на высокім узроўні. Калі раней гэта быў В1, то цяпер гэта, хутчэй, В2-С1.
— Але вывучэнне мовы да такога ўзроўню патрабуе шмат часу, грошай, дысцыпліны?
— Насамрэч, не так ужо і шмат. Па нашым досведзе, для беларуса вывучыць мову на ўзровень В1 — гэта не нейкі асабліва вялікі кавалак часу, гэта перыяд меншы за год. А добрае валоданне польскай мовай адкрывае багата новых магчымасцей. Я нават пра працу не кажу. Калі ты паглыбляешся ў вывучэнне мовы, ты пачынаеш пазнаваць шмат розных рэчаў і цікавіцца імі. Напрыклад, выбары ў парламент, якія нядаўна прайшлі, чаму палякі выходзяць на пратэсты, чаму існуе дыскрымінацыя ўкраінцаў і беларусаў — гэта ўсё ўзаемазвязаныя пытанні і працэсы.
Калі ты ведаеш мову, ты не жывеш у перманентным стрэсе: «Не дай Бог скрадуць кашалёк — як мне паразумецца з паліцыяй?», «Не дай Бог захварэць — трэба ж тэлефанаваць у паліклініку», «Зацяжарыла жонка — як нараджаць у Польшчы?»... Навошта ўсё гэта, калі менш чым за год ты можаш засвоіць два ўзроўні мовы і будзеш спакойны. Мы ж усе імкнёмся да пачуцця шчасця і спакою, так?
Мы на гэтую зямлю прыйшлі развіваць мазгі. У цябе ёсць такая класная магчымасць: жывеш у краіне, маючы 38 мільёнаў чалавек патэнцыйных суразмоўцаў, якія гавораць па-польску! І ты закрываешся ў сваёй беларуска- ці рускамоўнай «бурбалцы», у гета, сядзіш, засунуўшы галаву ў пясок... Для мяне гэта незразумела. Гэта ж пытанне развіцця і адкрыцця для сябе больш шырокага кругагляду.
— Што б вы парэкамендавалі беларусам, якія толькі збіраюцца рэлакавацца ў Польшчу? Ці пажадана ім прайсці курс польскай мовы загадзя, ці пачаць вучыцца ўжо ў моўным асяроддзі?
— Усё залежыць ад таго, якім беларусам што рэкамендаваць. Калі цябе эвакуіруе «BySol» — табе дакладна не да вывучэння польскай. Калі ты плануеш пераезд у больш спакойнай абстаноўцы — напэўна, варта пачаць вучыць мову.
Вучыць яе ў Беларусі ці па прыездзе — зноў жа шмат у чым залежыць ад таго, якая ў цябе праца, які ў цябе бэкграўнд, якая ў цябе фінансавая падушка і якія ў цябе наогул планы.
Тых беларусаў, якія ўжо пераехалі, але яшчэ не вучаць мову, я спытаю: «Чаму вы яшчэ не з намі?» Прыходзьце да нас, мы робім шмат класных штук. У нас крутыя выкладчыкі, 30 чалавек у камандзе, і кожны — фанат сваёй справы, шчыра. У нас гутарковыя клубы, некалькі разоў на тыдзень на розныя тэмы. Гэта добры спосаб і пазнаёміцца, і прыбраць страх маўлення.
У нас куча бясплатных падкастаў польскай музыкі, у нас выдатныя ролікі на YouTube. Заходзьце, глядзіце, трэніруйце мову, не прапускайце нашы мерапрыемствы.
Давайце вылазіць са свайго моўнага гета. І будзе вам шчасце!