Што такое «А1», альбо Ці можна вывучыць польскую мову па відэаўроках?
Некалі я падумаў падацца на «карту паляка», балазе, польскія карані ў мяне ёсць. Шукаючы моўныя курсы, я трапіў на сайт школы Polish for Belarus і вырашыў, што яна мне падыходзіць. Але высветлілася, што ў гэтай школе для навучання на «карту паляка» мне трэба ведаць польскую на ўзроўні А1. Да гэтага я вучыў мову па відэакурсе, і Бог яго ведае, які ў мяне ўзровень мовы?
Што такое моўныя ўзроўні А1, А2, В1, В2 і іншыя? На што яны ўплываюць у рэальным жыцці? Чаму ў Polish for Belarus абавязкова адбываецца тэсціраванне па ўзроўнях мовы? Пра гэта мы паразмаўлялі з заснавальніцай школы Polish for Belarus пані Хэленай Смаляк.
— Узроўні А1, А2 і іншыя — гэта еўрапейская класіфікацыя ўзроўняў валодання мовай, якая была прыдумана яшчэ ў 1990-я гады спецыяльнай камісіяй, створанай пры Еўрапарламенце. Яна была створана для ўсіх еўрапейскіх моў, не толькі для польскай. І па гэтай класіфікацыі ступені валодання мовамі дзеляцца на шэсць узроўняў — А1, А2, В1, В2, С1, С2.
Прынцып, першапачаткова закладзены ў гэтыя ўзроўні — колькасць слоў, якімі валодае чалавек, і веданне граматыкі. У нашай школе мы трымаемся еўрапейскага прынцыпу — валоданне не толькі лексікай, але і граматыкай на пэўным узроўні.
Калі мы канкрэтна гаворым пра нашу школу, то так, мы абавязкова тэсціруем людзей, якія да нас прыходзяць, на веданне мовы, на адпаведнасць гэтым узроўням. Гэта бясплатнае тэсціраванне для тых, хто прэтэндуе на ўзровень вышэйшы за А1 — пачатковы ўзровень. Праз тэст мы высвятляем, на якім узроўні чалавек ведае мову, і можам прапанаваць яму навучанне з канкрэтнага ўзроўню ці падцягнуць яго веды, калі ў яго ёсць прабелы.
Цяпер усё часцей адбываецца сітуацыя, калі людзі ў Польшчу пераязджаюць не па сваёй волі. Раней, да 2020 года, у Польшчу эмігравалі свядома: людзі ведалі, што застануцца тут надоўга, трэба вучыць мову, шукаць працу... Цяпер беларусы трапляюць у Польшчу іншым разам «тэрмінова», і яны ў разгубленасці, не ведаюць, ці будуць жыць тут, ці паедуць далей, ці спадзяюцца вярнуцца ў хуткім часе… У нас нават ёсць прыклады, калі людзі два гады пражылі ў Польшчы і не вучылі мову: могуць у краме паразумецца, хапае лексічнага запасу зняць кватэру — і ладна. І яны пішуць нам, напрыклад, што «ў мяне ўжо В1».
А мы даём тэст — і высвятляецца, што чалавек у асноўным ужывае лексіку ўзроўню А1.
У такім выпадку мы, вядома, запрашаем яго на адпаведныя курсы — не з самага нуля, а з таго моманту, калі ў чалавека пачынаюцца прагалы ў ведах.
— То-бок градацыя мовы па ўзроўнях дазваляе вызначыць узровень кампетэнтнасці чалавека ў паўсядзённых зносінах і для далейшага навучання?
— Дакладна так. Асабліва гэта справядліва менавіта для паўсядзённых зносін. Да нас, напрыклад, прыходзяць медыкі, якія ўжо настрыфікавалі дыплом, а каб яго настрыфікаваць, трэба валодаць мовай на ўзроўні В1. Але ў іх «супер» толькі «медыцынскі польскі». Яны ведаюць азначэнні, якія не ведаюць нават нашы выкладчыкі — анатамічныя штукі, назвы прэпаратаў і гэтак далей, а калі гаворка заходзіць пра кнігі, пра кіно, у іх раптам узнікаюць праблемы. Так што гэтая градацыя — яна пра штодзённае выкарыстанне мовы.
— Людзі, якія жывуць у моўным асяроддзі, вучаць мову, можна сказаць, «не па сваёй волі». Яны чуюць яе на вуліцах, у тэлевізары, у транспарце… Да якога ўзроўню можна вывучыць мову такім чынам, а з якога ўзроўню патрэбны выкладчык?
— Я выступаю за тое, каб адразу ісці на моўныя курсы, займацца з выкладчыкам і паралельна — камунікаваць. Гэта бяспройгрышны варыянт, у якім вы не выдаткуеце лішнія час і грошы, таму што ў вас будуць і заняткі мовай, і моўная практыка ў сукупнасці. Я не магу адназначна адказаць, да якога моманту можна проста быць у моўным асяроддзі, а з якога — вывучаць мову, таму што моўнае асяроддзе само па сабе бывае рознае.
Напрыклад, у мяне быў студэнт, якога я рыхтавала на карту паляка. Атрымаўшы яе, ён пераехаў у Польшчу на Кашубы — гэта рэгіён Памор'я: Гданьск, Гдыня, Сопат і гэтак далей. Ён працаваў на будоўлі, меў зносіны з калегамі, і ў яго выдатная беглая мова — але не польская, а кашубская! Гэта нават не дыялект польскай мовы, а асобная мова, яе нават у школах асобна вывучаюць.
А вось сама польская ў яго, мякка кажучы, «стромная», бо ён увабраў у сябе кашубскія канструкцыі, якіх нахапаўся на будоўлі — але гэта не польская мова.
Ці, напрыклад, дзяўчына: пазнаёмілася з палякам, сталі сустракацца, разам жыць... У яе будзе велізарны прагрэс у польскай мове, бо яна з ім камунікуе па-польску. Але пісаць па-польску — могуць быць праблемы. Яна не будзе ведаць, дзе ставіць «с» з хвосцікам, а дзе без хвосціка, у якіх выпадках пішацца «rz» і гэтак далей.
Таму я выступаю і буду выступаць за сукупнасць: вучыць мову і практыкаваць яе трэба разам.
— Дарэчы, у вас на сайце тэст для вызначэння ўзроўню моўнай падрыхтоўкі — пісьмовы. Але Вы згадалі, што польская пісьмовая мова больш складаная, чым размоўная…
— Дык у гэтым уся і справа! Калі мы зробім на сайце тэст, дзе трэба «наклікаць» адказы, то можна наклікаць усё што заўгодна — як у нас цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі. А вось калі табе самому трэба скласці канструкцыю слова ці ўвогуле напісаць тэкст, то ты гэтага не зможаш зрабіць, калі ты не ўмееш альбо размаўляць, альбо пісаць. І гэта заўсёды ўзаемазвязана: не можа быць, калі чалавек выдатна піша, але не ўмее размаўляць. І наадварот — калі чалавек правільна размаўляе, ён будзе правільна ўжываць канчаткі і ў пісьмовай мове.
Многія да нас прыходзяць і кажуць: «Мне не трэба граматыка, навошта пісаць, давайце мне адразу размоўныя заняткі». Не, мае дарагія, так не атрымаецца, яно працуе ў сукупнасці. Таму што менавіта так працуюць нашы мазгі — на жаль, ці на шчасце.
— Я спрабаваў вучыць польскую мову праз відэаўрокі. Вы ж адзначаеце, што ў вашай школе заняткі вядуцца не відэаўрокамі, а з выкладчыкамі. Вы лічыце відэаўрокі неэфектыўнымі?
— Я нічога не маю супраць відэаўрокаў, калі школа папрацавала над тым, каб скласці іх якасна і класна. Але з нашай практыкі мы бачым, што ёсць школы, якія прадаюць відеэаўрокі і нейкія да іх практыкаванні. Калі мы гаворым пра курс на «карту паляка», то тут няма ніякіх праблем. Праўда, мы ў курс гісторыі Польшчы падсоўваем крыху і беларускай гісторыі, таму што многія людзі не ведаюць і гісторыю Беларусі. І мы спрабуем хоць крыху, але ўставіць ім уласную гісторыю ў мазгі.
Але калі мы гаворым пра вывучэнне мовы да нейкага ўзроўню... Я не веру ў «запісаныя заняткі». Па ходзе іх у чалавека ўзнікаюць памылкі, якія ён не ўсведамляе. Яму здаецца, напрыклад, што ён прамаўляе ўсё правільна, і ён не заўважае, што не вымаўляе нейкую літару, няправільна ставіць канчатак, няправільна ўжывае слова... У запісе цябе ніхто не паправіць і не зверне ўвагу на памылку. Патрэбен кампетэнтны чалавек, які падкажа: «Тут такі канчатак, тут выкарыстоўваецца такое слова», і гэтак далей. Гэта можна зрабіць толькі на ўроках ужывую.
Мы ў нашай школе Polish for Belarus праводзім заняткі анлайн — але гэта жывыя ўрокі, да іх рыхтуецца выкладчык, правярае хатняе заданне, у нас ёсць свае падручнікі. І праграма ў нас складзена на базе адукацыі Варшаўскага ўніверсітэта для славянамоўнага насельніцтва.
На ўроку ты чуеш, якія памылкі робяць іншыя, запамінаеш, як не трэба казаць, вучышся на чужых памылках, а не на сваіх. І потым ты дакідваеш у мозг практыку хатняга задання: упісваеш словы, перакладаеш, слухаеш аўдыё, адказваеш на пытанні...
Я лічу, што нічога лепшага за вывучэнне мовы з кампетэнтным чалавекам не прыдумалі.