Латушка: Чэргі на беларуска-польскай мяжы ўтварыліся па віне службаў рэжыму Лукашэнкі

Чэргі з транспартных сродкаў «даўжынёй ад 10 да 15 кіламетраў» утварыліся на пункце пропуску Цярэспаль (сумежны беларускі — Брэст) з-за «наўмыснага стрымлівання афармлення на ўезд у Беларусь памежнымі і мытнымі службамі рэжыму Лукашэнкі», заявіў 25 снежня ў сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

6ctmepm2gzg.jpg

«Да мяне ў сацыяльных сетках звяртаюцца беларусы, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі ў сувязі з вялікай чаргой на выезд з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь», — цытуе палітыка «Позірк».

«Сёння вігілійная вячэра, каталіцкія святы, у Польшчы не працуюць мясцовыя органы ўлады, крамы і іншыя ўстановы, — дадаў Латушка. — Разам з тым мы спрабуем праінфармаваць аб сітуацыі памежныя службы Польшчы, паліцыю і мясцовыя ўлады дзеля таго, каб з іх боку атрымаць падтрымку і садзейнічанне ў дапамозе беларусам».

Паводле слоў Латушкі, ён «правёў гутаркі з дзяжурным камісарыята паліцыі ў Цярэспалі, дзяжурным камендатуры павятовай паліцыі ў Бяла-Падлясцы і з дзяжурным камендатуры ваяводскай паліцыі ў Любліне».

«Яны пацвердзілі гатоўнасць аказваць дапамогу беларусам, калі ўзнікне такая патрэба. Там будуць пастаянна знаходзіцца дзяжурныя паліцэйскія аўтамабілі. Мы спрабуем таксама ўсталяваць кантакты з < … > валанцёрамі», — напісаў намеснік кіраўніка АПК.

21 снежня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвінаваціў суседнія краіны ЕС у «штучным захаванні чэргаў» на межах.

Скапленне транспарту на ўездзе ў Беларусь у тэрыторыі Еўрасаюза назіраецца ўжо некалькі дзён. Узнікненне шматкіламетровых чэргаў звязваюць з набліжэннем навагодніх святаў, якія многія беларусы хочуць правесці на радзіме. Паводле сведчанняў кіроўцаў і пасажыраў, праходжанне мяжы цяпер займае некалькі сутак.