Латушка: Карпянкоў можа здрадзіць Лукашэнку на карысць Крамля

Прадстаўнік АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка патлумачыў, чаму Беларусь цяпер не зможа сысці з-пад уплыву Крамля.

Фота часопіса «Большой»

Фота часопіса «Большой»

— Лукашэнка здзяйсняе катастрафічную памылку, ён заклаў па ўсёй краіне міны запаволенага дзеяння, — цытуе Латушку «Салідарнасць» са спасылкай на Radio NV. — Зачысціўшы дэмакратычна і нацыянальна арыентаваную частку грамадства, пасадзіўшы ў турмы, рэпрэсаваўшы, выгнаўшы з краіны сотні тысяч людзей, ён зрабіў чыстае поле.

І ў гэтае чыстае поле заходзяць так званыя НДА, прапагандысты, актывісты прарасійскай арыентацыі.

І сёння выразна праглядаецца падзел у сілавым апараце і ў структуры дзяржаўных органаў, падпарадкаваных Лукашэнку, паміж тымі, хто лаяльны Лукашэнку, і тымі, хто ў пэўны момант будзе гатовы выканаць каманду з Крамля.

Адзін з тых, хто гатовы здрадзіць Лукашэнку, на думку Латушкі, — даволі вядомы Мікалай Карпянкоў, які займае пасаду намесніка міністра МУС і камандуючага ўнутранымі войскамі.

— Па яго ініцыятыве сёння па ўсёй краіне створаныя спецпадраздзяленні, якія, па нашых ацэнках, налічваюць каля паўтары тысяч чалавек. Гэтыя падраздзяленні падпарадкоўваюцца ўнутраным войскам і знаходзяцца непасрэдна пад камандаваннем Карпянкова.

Пры гэтым сам ён неаднаразова распавядаў, як займаецца баявым зладжваннем з ПВК «Вагнер», яму належаць фразы, што руская армія непераможная, што мы разам даможамся перамогі і г. д.

Гэта чалавек, які прапаведуе ідэалогію «рускага свету», і які, калі спатрэбіцца, выканае каманду з Крамля, а не загад Лукашэнкі, — мяркуе Латушка.

Паказваючы на паглынанне Расіяй суверэнітэту Беларусі, ён адзначае, што Лукашэнка ў гэтым працэсе адыгрывае вялікую ролю, прычым без асаблівага свайго жадання.


Глядзіце таксама

— У Беларусі засталося чатыры партыі: Камуністычная (КПБ), як і ў Расіі, Ліберальна-дэмакратычная (ЛДПБ), таксама як у Расіі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці як «Справядлівая Расія» і «Белая Русь» як «Адзіная Расія».

Паводле ідэалогіі ўсе гэтыя партыі — фактычныя клоны расійскіх.

Замест знішчанага сектара НДА, а ў Беларусі ліквідавана 1440 няўрадавых арганізацый, працуе амбасада РФ.

Першыя сакратары і дарадцы раз'язджаюць па ўсёй краіне і раздаюць каманды. «Рассупрацоўніцтва» займаецца адкрыццём нейкіх выстаў і іншых мерапрыемстваў. Яны ўсюды расстаўляюць свае пункты.

І ўсё гэта падрывае асновы самога Лукашэнкі, які патрапіў у поўную залежнасць ад Крамля.

Сёння ён ужо нічога не можа зрабіць з па-прарасійску настроенымі прапагандыстамі і актывістамі, якія заклікаюць знішчаць лацінку, зносіць беларускія помнікі, выключаць са школьнай праграмы класікаў беларускай літаратуры, скарачаць вывучэнне беларускай мовы.

Лукашэнка не можа выступіць супраць расійскай ідэалогіі, бо сутыкнецца з адпаведнай рэакцыяй ідэолагаў Крамля. І ён сам загнаў сябе ў гэтую пастку, — кажа кіраўнік НАУ.

Становішча беларускага кіраўніка ў цяперашні час ён не лічыць крытычным, аднак бачыць мноства прыкмет нестабільнасці.

— Вядома, ён захаваў уладу, але мы разумеем, што яна нестабільная. Кожны дзень затрымліваюць новых людзей, саджаюць іх у турмы, колькасць палітвязняў не скарачаецца. Усё гэта паказвае на тое, што беларусы не памянялі свайго стаўлення да дыктатара Лукашэнкі. Таму ён не адчувае стабільнасці сваёй улады, працягвае рэпрэсаваць людзей, баючыся таго, што любое паслабленне створыць яму пагрозу.

Ён трапіў у яшчэ большую залежнасць ад Расіі. Спрабаваў як бы пацвердзіць сваю суб'ектнасць праз камунікацыю з Кітаем, але трапіў у сур'ёзныя праблемы ў сувязі з вайной мігрантамі, якую сам жа і задумаў па камандзе з Крамля, жадаючы адпомсціць Захаду.

Ён паспрабаваў пацвердзіць сваю суб'ектнасць праз Афрыку, але пакуль яго афрыканскія справы таксама не выглядаюць ідэальна.

У эканоміцы сітуацыя напружаная, пры гэтым надзімаецца шар інфляцыі і, па прагнозах эканамістаў, у пэўны момант ён выбухне.

Гэта значыць сітуацыя ў яго не крытычная, але і не стабільная.

Пры гэтым усе ўжо выдатна ўсвядомілі, якую пагрозу нясе Расія для існавання суседніх дзяржаў. Кожная краіна распрацоўвае канцэпцыі, якім чынам паменшыць уплыў РФ.

Аднак Лукашэнка гэтага зрабіць не можа, і ён сам паставіў нашу краіну ў такую сітуацыю, — падкрэсліў Латушка.