Колькі «вагнераўцаў» засталося ў Беларусі?

Адказваючы на пытанні журналістаў перад самітам кіраўнікоў краін СНД у Санкт-Пецярбургу, Лукашэнка паведаміў, што былыя байцы ПВК «Вагнер» знаходзяцца ў беларускіх падраздзяленнях.

20230609_gaf_u03_018_1.jpg

«Кожны дзень вучымся. Нават былыя “вагнераўцы”, якія ў нас засталіся, працуюць сёння ў нас у падраздзяленнях, перадаюць досвед», — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра найбліжэйшыя вайсковыя вучэнні.

Але пытанне ў тым, колькі байцоў гэтай ПВК засталіся ў Беларусі.

Паводле ацэнак тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, на пачатак снежня ўсяго на тэрыторыі Беларусі магло знаходзіцца да 500 наймітаў ПВК «Вагнер».

Расійскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла 14 снежня напісаў у Twitter, што найміты ПВК «Вагнер» паступілі на службу ва ўнутраныя войскі. Сваё сцвярджэнне ён падмацаваў інфармацыяй, што сімволіка ПВК «Вагнер» была афіцыйна вывешаная ў размяшчэнні 2-й міліцэйскай брыгады (в/ч 3310).

На базе брыгады нядаўна быў створаны атрад спецназа «Тарнада». 14 снежня прэс-служба УВ апублікавала фотасправаздачу з прэзентацыі атрада. Сапраўды, на адным з пікапаў, а таксама на флагштоку віселі Сцягі ПВК «Вагнер». Прыдыбайла сцвярджае, што найміты сталі штатнымі супрацоўнікамі атрада «Тарнада».

Але фактаў, якія пацвярджаюць свае словы, прапагандыст не прыводзіў.

«Беларускі Гаюн» пры гэтым падкрэслівае, што яшчэ ў жніўні сцяг наймітаў ПВК «Вагнер» быў вывешаны ў навучальным цэнтры УВ «Валоўшчына». Калі толькі на падставе факту размяшчэння сімволікі была зроблена выснова, што найміты паступілі на службу ў УВ, то да такой высновы можна было прыйсці яшчэ ў жніўні.

Нагадаем, што яшчэ ў верасні ў аглядзе ваенных падзей у Беларусі «Гаюн» пісаў, што не выключае варыянту, калі частка наймітаў застаюцца ў РБ і ўбудоўваюцца ў сілавыя структуры рэжыму Лукашэнкі. Варта адзначыць, што частка вагнераўцаў вярнуліся ў Расію, яшчэ частка магла з'ехаць у Афрыку. У Беларусі застаецца нейкая колькасць наймітаў, якія навучаюць пераважна вайскоўцаў УВ (часам і падраздзяленні УС РБ).

У магчымым паступленні наймітаў на службу ў сілавыя структуры рэжыму Лукашэнкі няма нічога нечаканага. Але сцвярджаць гэта толькі на падставе размяшчэння сімволікі наймітаў або сумніўных крыніц як мінімум некарэктна.

У той жа час у лагеры наймітаў ПВК «Вагнер» зменшылася колькасць тэхнікі. Паводле даных спадарожнікавых здымкаў, на працягу лістапада было зафіксавана памяншэнне колькасці аўтамабільнай тэхнікі ў паўночнай частцы лагера наймітаў ПВК «Вагнер». Значнае скарачэнне тэхнікі было адзначана і за перыяд з 13 па 18 снежня. Паводле нашых ацэнак, за лістапад-снежань колькасць тэхнікі ў лагеры магла зменшыцца на 30%.

Нагадаем, што па стане на пачатак кастрычніка ў лагеры наймітаў знаходзіліся каля 1040 аўтамабіляў (пераважна легкавых аўтамабіляў, аўтобусаў і інш.).

Можна меркаваць, што тэхніку маглі вывезці назад у Расію і перадаць расійскім вайскоўцам. На рэалізацыю такога сцэнара паказвае дэфіцыт аўтамабільнай тэхнікі ў ВС РФ. Паводле інфармацыі некаторых Z-каналаў, «99% пазадарожнікаў і мікрааўтобусаў – або набытыя вайскоўцамі на свае сродкі, або перададзеныя валанцёрамі».