Цень Кастуся Каліноўскага. Куды знікла моцная і квітнеючая Беларусь?
У навагоднюю ноч не забудзьцеся выключыць тэлевізар. Вядома, з яго нам раскажуць, як жыць стала лепш, і жыць стала весялей. Але вынікам 2023-га можа стацца тое, што мы ў пэўны момант прачнемся ў іншай краіне. І гэтая краіна нам не спадабаецца.
Кожны падводзіць у гэтыя дні вынікі года, так ці інакш. І калі б беларуская ўлада выбірала слова года, гэтым словам было б слова «страх». Увесь год, ад пачатку і да канца, яны правялі ў страху. Яны спрабавалі рабіць выгляд, што ўсё добра, але схаваць гэты страх немагчыма.
Падзеяй года для Беларусі, вядома ж, стала вяртанне ў Сінявокую ядзернай зброі. Праўда, у многіх на гэты конт ёсць сумневы, і цалкам абгрунтаваныя. Дагэтуль невядома нават, хто выступіў ініцыятарам таго вяртання — Пуцін ці Лукашэнка. Але пытанне ў тым, навошта і для чаго Лукашэнка дазволіў вярнуць ТЯЗ у Сінявокую.
Відавочна, гэта быў страх. Напачатку года ўсе казалі пра планаваны ўкраінскі контрнаступ, пра тое, што летам Украіна забярэ назад Мелітопаль, а можа, і Крым. Калі б гэта адбылося, што стала б з галоўным хаўруснікам Расіі? І Лукашэнка як бы папярэджваў усіх: нават не думайце палезці сюды, атрымаеце ядзерны ўдар.
Наконт ядзернага ўдару ўсё было вельмі сумнеўна. Але відавочна адно: Лукашэнка сапраўды баяўся, што ў Беларусь зойдзе які-небудзь полк Каліноўскага. І гэта будуць не ўяўныя «джыпы з кулямётамі» пад кіраўніцтвам спецыяліста па ЖКГ Рыгора Кастусёва або пушкініста Фядуты.
Украінскі контрнаступ пайшоў відавочна не па плане — і бліжэй да канца лета размовы пра ТЯЗ у Беларусі сцішыліся. Аднак Беларусь ужо трапіла пад яшчэ большы ваенны ўплыў Расіі, і мы неаднаразова пісалі, чым гэта можа закончыцца. Аж да страты кантролю за войскамі.
Фантастычнай падзеяй, якая магла змяніць увогуле ўсё, стаўся «ПВК Вагнер» і мяцеж, арганізаваны Прыгожыным. Паход на Маскву, «гарант бяспекі Лукашэнка», «бульбяны спас» і ўсё гэткае. У выніку лагер наймітаў «Вагнера» з'явіўся ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі.
Цяпер кажуць, што ў якасці «гаранта бяспекі» для Прыгожына разглядалі некалькі асобаў, але пагадзіўся толькі Лукашэнка. Гэта зразумела, бо насамрэч Лукашэнка ратаваў не Пуціна з Прыгожыным — ён ратаваў сябе. Калі б у Расіі сапраўды пачалася грамадзянская вайна (таму што калі «можна Прыгожыну», то чаму, напрыклад, «нельга Кадыраву»?), невядома, што было б з уладай Лукашэнкі. Бо трымаецца ён выключна за кошт Расіі, а Расіі было б зусім «не да яго».
А тут яшчэ і «збеглыя» зрабілі пэўны «фальстарт», разаслаўшы па сваіх каналах незразумелыя «мабілізацыйныя» паведамленні. А ў Расіі ўжо не было б Пуціна, які абяцаў увесці «Расгвардыю» для дапамогі Лукашэнкі. Ну, ці «Расгвардыя» спатрэбілася б у іншых, больш актуальных месцах.
Так што ў сітуацыі з «Вагнерам» Лукашэнка, найперш, ратаваў сябе. Але, адчуўшы сваю «геапалітычную веліч», не стрымаўся, і пачаў выступаць з заявамі, што «вагнераўнцы» дапамогуць зрабіць з беларускага войска першае войска свету, казаць пра «экскурсію ў Жэшуў і Варшаву», а расійскія генералы — пра атаку Сувалкскага калідора з Беларусі.
Вынік вядомы: Польшча і краіны Балтыі пачалі закрываць межы. Калі хтосьці перад Новым годам трапіў у глабальны затор на мяжы з Польшчай (а людзі там стаялі двое сутак) — то гэта з-за «Вагнера» і з-за Лукашэнкі.
Сёлета ў Беларусі з'явілася фармалізаванае «народнае апалчэнне». Карпянкоў стварыў яшчэ некалькі «спецыяльных атрадаў па барацьбе з экстрэмізмам», а беларускія сілавікі праводзілі вучэнні з такім планам, што нейкае «экстрэмісцкае» фарміраванне не толькі пранікае ў межы Беларусі, але нават захоплівае райцэнтр.
Пагадзіцеся, моцныя ўлады так сябе не паводзяць. Калі нават тэарэтычна не прадугледжваецца, што памежнікі не могуць абараніць мяжу — гэта дае нам уяўленне, што ў Беларусі насамрэч адбываецца ў войску і сілавых структурах. Лукашэнка далёка не ўпэўнены, што ягонае войска будзе яго абараняць. Таму запатрабаваліся атрады «хунвейбінаў», якія будуць тупа падпарадкоўвацца загадам, не задаючыся пытаннямі, з кім і за што яны ваююць.
Праўда, нават новыя «спецпадраздзяленні» таксама дадаюць страху. Бо ёсць вялікае пытанне, каму яны будуць падпарадкоўвацца насамрэч.
Цяперашняя ўлада баіцца нават мёртвых. Нельга абысці ўвагай прызнанне «экстрэмісцкімі» твораў класіка беларускай літаратуры, заснавальніка беларускага тэатра Дуніна-Марцінкевіча і канфіскацыю са школьнай праграмы твора Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Маячыць, маячыць над беларускімі ўладамі цень паўстання Кастуся Каліноўскага…
Пра хібнасць барацьбы з нацыянальным Лукашэнку і яго набліжаных папярэджвалі яшчэ тады, калі ладзілася «чыстка» незалежных СМІ. Ім сто разоў тлумачылі, што на месца «незалежных», але беларускіх прыйдзе не беларуская прапаганда, а расійская.
Так і адбылося ў гэтым годзе. Напоўніцу падняліся прарасійскія актывісты і блогеры, якія змагаюцца з праявай усяго беларускага: з гісторыяй, з пісьменнікамі, з беларускай лацінкай. Улады на гэта глядзяць скрозь пальцы, капаючы сабе магілу. Ім зручна гэтае змаганне «ў моманце», адчуваючы небяспеку з боку народу. Яны не ўсведамляюць і не разумеюць (ці не жадаюць усвядоміць і зразумець), што тым самым размываюцца асновы беларускай дзяржаўнасці, ідэнтычнасці і незалежнасці.
Уплыў «рускага міру» ў Беларусі ўзрос у разы, а да чаго гэта прыводзіць, мы бачылі на прыкладзе Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Яшчэ пара гадоў актыўнай дзейнасці на Гомельшчыне «Рассупрацоўніцтва» і «Рускіх дамоў», і нішто не перашкодзіць «раптам» узнікнуць якой-небудзь «Гомельскай народнай рэспубліцы». Ці зможа Лукашэнка з гэтым што-небудзь зрабіць? Наўрад ці. Таму што ўнутраныя войскі, узмоцненыя «вагнераўцамі», не будуць змагацца супраць «сваіх», «народнае ападчэнне» будзе падпарадкавана «рускаміраўцам», расійскія войскі ў Зябраўцы, а народ, прамыты расійскімі наратывамі, не будзе бачыць розніцу паміж беларускай і расійскай уладамі.
І Лукашэнка сам не заўважыць, як стане не кіраўніком незалежнай Беларусі, а губернатарам Мінскай вобласці.
Па сутнасці, сённяшняя ўлада ў Беларусі — гэта «дачаснікі», «часовы ўрад». Яны спрабуюць захаваць сваю ўладу тут і цяпер, не думаючы пра наступствы нават у сярэднетэрміновай перспектыве. Яны жывуць адным днём: «Будзе дзень, будзе ежа». Хіба што Лукашэнка спадзяецца ў крытычны момант, як заўсёды, праслізнуць «паміж струменьчыкамі». Таму ён і турбуецца аб гарантыях сабе любімаму пасля яго прэзідэнцтва.
Але ў некага з Усходу на гэты конт могуць быць іншыя планы. Нават калі іх няма цяпер — яны могуць з'явіцца.
Для праформы ў выніках году адзначым рэкордна нізкі ўраджай у Беларусі сёлета. Проста таму, што 2023-ці ў Беларусі быў абвешчаны «годам міру і стварэння». У выніку — няма ні міру, ні стварэння. Толькі страх страціць уладу.