«Ніводнае дзяржСМІ не скажа: пасля ўборачнай мы фіксуем горшы вынік за дзесяцігоддзе»
Эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч заўважыў, што ўлады так і не падвялі вынікі «бітвы за ўраджай». Ужо тыдзень, як скончылася ўборка збожжавых, а вынік не падведзены, фінал змазаны. Як у серыяле, які расчароўвае сваім канцом.
Ёсць такія серыялы, добрыя, і нават выдатныя, выбітныя, але з зусім невыразным і нават расчаравальным фіналам, піша Кныровіч у тэлеграм-канале «Эканоміка Беларусі».
Мне на розум прыходзяць «Твін Пікс» або «Сапраўдны дэтэктыў» (першы сезон). Дзеянне развіваецца, лезе ўсё вышэй і вышэй па шкале эмацыйнага напружання, закручваецца сюжэт і... «Паваліліся на сафу». Гэта ўсё? Усё, што аўтар хацеў сказаць?
Застаецца непрыемны, расчаравальны смак і некаторая крыўда, як быццам у прыгожай абгортцы апынулася зусім не тая цукерка. Ці нават зусім і не цукерка. І ўгаворваеш сам сябе, што серыял жа добры, ну і не бяда, што ў канцы...
Прыкладна тыя ж адчуванні могуць скласціся ў чытача (гледача), які назіралаў за беларускай уборачнай.
Усё ішло па нарастаючай, пракуроры снавалі па машынатрактарных дварах, стукалі ножкамі па колах гатовых да бітвы камбайнаў «Гомсельмаш», участковыя пакрыквалі на будучых герояў жніва, заклікаючы не пачынаць святкаваць перамогу раней часу, старшыні трывожна глядзелі ўдалячынь.
І пачалося, і бег лічыльнік па дзяржТБ, і іншых рэсурсах. 40%, 60%, 90...
І далей — 95%, 98%, 98,6%... І, і, і...
А нічога не здарылася. 100% — не было. І дагэтуль няма.
Сама ўборачная збожжавых скончылася ўжо тыдзень таму, лічба ўраджаю ўжо ёсць, каля 7,1 млн тон, але...
Адчуванне, што менавіта той, хто першы скажа, што гэта і ёсць увесь «каравай» (акрамя кукурузы), паедзе першым цягніком у бясконца дружалюбны Магадан развіваць рысавыя культуры.
Ніводнае дзяржаўнае СМІ не прамаўляе гэтую лічбу — пасля ўборкі 100% плошчаў мы фіксуем горшы вынік фактычна за дзесяцігоддзе.
Толькі асобныя профільныя чыноўнікі, неяк вельмі сціпла, адводзячы вочы ўбок, кажуць, што трэба «працаваць над тэхналогіямі, каб не залежаць ад умоў надвор'я».
Ну — хто ж спрачаецца, што «трэба працаваць». Пытанне — а што перашкаджала раней?
Гэта яшчэ канчатковай лічбы літоўскага ўраджаю няма ў статыстыцы, там сама ўборка завершаная, але няма там вось такіх прапагандыстаў, таму лічбы будуць крыху пазней.
Але калі яны там, у сябе, у Літве, збяруць абяцаныя раней 6,4 млн тон, то кірунак руху, куды менавіта трэба зазірнуць беларускім аграпрафесіяналам за перадавым вопытам, будзе больш чым відавочны. Хоць і некалькі непрыемна. І нават, напэўна, будзе іх раздражняць.
Беларусь у гэтым годзе, закупіць 1 млн тон збожжа ў Расіі. Літва — зноў будзе сур'ёзным экспарцёрам.
У «Каменным Логу» праходзіць не проста мяжа маміж дзвюма не вельмі ладзячымі паміж сабой дзяржавамі. Там, дзе збіраюцца бясконцыя чэргі з легкавікоў, фур і аўтобусаў, пралягае мяжа двух светаў, цывілізацый.
Як мінімум, з пункту гледжання вынікаў развіцця сельскагаспадарчай галіны.