Раманчук: У сельскай гаспадарцы закопваюцца ў зямлю сотні мільёнаў, а потым кажуць, што «даўганосік з'еў»

Эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв'ю «Свабодзе» аналізуе прычыны сёлетняга правалу ў сельскай гаспадарцы, адказвае на пытанне, навошта ўлада трымаецца за эканамічна неэфектыўную калгасную сістэму, і расказвае, якая галоўная мэта ў чыноўнікаў і аграбаронаў.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

— Сёлета вынікі беларускай сельскай гаспадаркі, відавочна, можна назваць правалам. Ураджай збожжавых сабраны значна меншы за заплянаваны. Улады ўжо абвясьцілі, што вымушаныя будуць закупіць звыш мільёна тонаў збожжа за мяжой. Ці можна такія сумныя лічбы патлумачыць толькі неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, альбо гэта ў пэўнай ступені заканамерны вынік узроўню беларускай сельскай гаспадаркі?

— Украіна, якая вядзе вайну і змагаецца з расейскай агрэсіяй, сабрала 80 мільёнаў тонаў збожжа і будзе яго экспартаваць. Правал у Беларусі (сабрана каля 6 мільёнаў тонаў) — гэта выключна наступствы дзяржаўнай сыстэмы кіраваньня і існуючай «саўковай» культуры гаспадараньня. Аграбароны атрымліваюць грошы, якія нярэдка потым не вяртаюць. Закопваюць у зямлю сотні мільёнаў даляраў — потым скажуць, што «даўганосік зьеў».

Гэта цынізм тых людзей, якія выкарыстоўваюць асаблівае стаўленьне Лукашэнкі да сельскай гаспадаркі і зноў і зноў атрымліваюць грошы зь дзяржаўнага бюджэту. Так што цяперашні правал — наступства той сыстэмы кіраваньня і матывацыі, якая даўно склалася ў Беларусі.

— Апанэнты вашага погляду скажуць, што пэўныя дасягненьні ў беларускай сельскай гаспадаркі ёсьць: краіна забясьпечвае сябе прадуктамі харчаваньня, таксама пастаўляе іх на экспарт. Да таго ж ва ўсіх краінах існуе фінансавая падтрымка сельгасвытворцаў з боку дзяржавы.

— Падтрымка сельскай гаспадаркі ў іншых краінах ёсьць, але значна меншая. Паводле прапорцыяў да ВУП гэтая доля ў разы меншая, чым у Беларусі. Але самае галоўнае — формы падтрымкі радыкальна іншыя, яны не блякуюць рынкавыя мэханізмы і канкурэнцыю.

Тут варта нагадаць, колькі хатнія гаспадаркі ў Беларусі трацяць на харчаваньне. 40 адсоткаў усіх сваіх даходаў! Гэта кажа пра тое, што і даходы малыя, і цэны на харчаваньне даволі высокія. У ЗША на харчаваньне людзі трацяць 10 працэнтаў, у Эўразьвязе ў сярэднім — 12-13 працэнтаў. Атрымліваецца, што беларусы значную частку сваіх даходаў праядаюць, і ў іх не застаецца грошай на разьвіцьцё, інвэстыцыі ў жыцьцёвыя мэты і гэтак далей.

Глядзіце таксама

— Аднак у сельскай гаспадарцы Беларусі з кожным годам працуе ўсё менш людзей. Гэта ж сьведчыць пра тое, што расьце ўзровень аўтаматызацыі, прыходзяць новыя тэхналёгіі — у выніку з той самай задачай спраўляецца меншая колькасьць працаўнікоў.

— Найперш гэта сьведчыць пра кепскую дэмаграфію ў беларускай вёсцы. Сяло старэе і вымірае, і гэты працэс незваротны ў гэтай сыстэме.

Так, новыя мэтады і тэхналёгіі пранікаюць, але ж нельга казаць, што ў Беларусі добрая прадукцыйнасьць працы і ўраджайнасьць. Наадварот, усе гэтыя лічбы меншыя ў параўнаньні з суседнімі дзяржавамі.

Нават у афіцыйных зборніках Міністэрства сельскай гаспадаркі паведамляецца, што фэрмэры безь дзяржаўнай падтрымкі маюць паказчыкі ў тры разы лепшыя за сельгаспрадпрыемствы (тыя ж калгасы, па сутнасьці). І тут можна канстатаваць, што сельская гаспадарка — ахвяра савецкага ўкладу.

— Няўжо яны з прычыны ідэалёгіі не жадаюць бачыць, што гэтыя прадпрыемствы прыносяць толькі страты? Якая прычына іх утрымліваць — чыста палітычная?

— Прычына ў мэце і матывацыі. Калі б у іх была задача і мэта зрабіць канкурэнтаздольную сельскую гаспадарку, каб больш прадаць і зарабіць — гэта адно. Але калі ў іх мэта «асвоіць бюджэты», зарабіць грошы на «адкатах» і пастаўках — гэта зусім іншае.

Гэтыя прадпрыемствы, як і калгасы — гэта ідэалягічны кампанэнт, інфраструктурны аспэкт. І, безумоўна, гэта электарат, які залежыць ад кіраўніцтва. Ім выдаюць граматы, запрашаюць на «Дажынкі» — і ім падаецца, што гэта і ёсьць посьпех у жыцьці.

— Улада любіць хваліцца дасягнутай харчовай бясьпекай. Але міністар сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ заявіў, што празь неспрыяльныя ўмовы надвор’я Беларусь недаатрымае 1 мільён тонаў збожжа, якія давядзецца купляць за мяжой. Атрымліваецца, што Беларусь ня можа сябе забясьпечыць нават пшаніцай?

— Гэта невялікая сума для Расеі, дзе будзе закуплена тое збожжа. Расея летась датавала рознымі шляхамі беларускую эканоміку на 15 адсоткаў ВУП, каля 10 мільярдаў даляраў. Дадуць зьніжку і на гэтыя збожжавыя, ці прададуць па ўнутрырасейскіх цэнах — гэта проста павялічыць суму датацыяў Расеі Менску. Лукашэнка, можа, скажа: купіце ў нас за гэтае збожжа беларускія трактары ці «малочку».

Глядзіце таксама

— Наколькі зараз на беларускую сельскую гаспадарку ўплываюць эўрапейскія санкцыі? Гэта ж ня толькі абвал таваразвароту з Эўразьвязам, але яшчэ і адсутнасьць новых тэхналёгіяў з Захаду.

— Замест эўрапейскага пераключыліся на расейскі рынак — туды ідзе больш за 90 адсоткаў беларускага сельскагаспадарчага экспарту. Такім чынам, Лукашэнка зарабляе на вайне, выконваючы нават расейскія дзяржаўныя замовы. Беларускае кіраўніцтва ня гоніцца за такой эфэктыўнасьцю працы, як у нашых суседзяў на Захадзе — дастаткова вырабляць свае трактары, тэхніку трохі лепшую, чым у Расеі. І яна лепшая, чым у Расеі, таму там і купляецца.

— На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, дзе вы былі кандыдатам, ваш палітычны лёзунг гучаў як «Пабудуем новае, захаваем лепшае». З гэтага гледзішча — як вы бачыце неабходныя рэформы ў беларускай сельскай гаспадарцы?

— Павінен быць створаны паўнавартасны рынак зямлі. Трэба рабіць стаўку на фэрмэраў, якія нават ва ўмовах Беларусі даказвалі, што могуць працаваць эфэктыўна. Трэба інтэграваць сельскую гаспадарку ў рэгіянальныя рынкі збыту, выкарыстоўваць самыя сучасныя тэхналёгіі (цяпер назіраем чацьвёртую прамысловую рэвалюцыю). Ствараць прыватныя банкі зямлі, прыватныя страхавыя кампаніі, выходзіць на рынкі Афрыкі і Азіі. Дзяржава павінная ствараць такія спрыяльныя ўмовы, каб беларускі і замежны капітал імкнуўся ўкладацца ў сельскую гаспадарку і ўвогуле ў зямлю — экалягічны і агратурызм, рэабілітацыю лясоў і гэтак далей.