З рапса хлеба не спячэш. Чаму рэжым удвая павялічыў планы па закупцы збожжа

Аляксандр Лукашэнка любіць хваліцца дасягненнямі беларускай сельскай гаспадаркі, дзякуючы якой, маўляў, мы можам і самі пракарміцца, і яшчэ не даць памерці ад голаду галадаючым заходнікам. Насамрэч, вядома, гэта хлусня. Захаваўшы з савецкіх часоў калгасы, дыктатар асудзіў айчынны сельгас на паступовае занядбанне. Сёлета будзе прайграна чарговая «бітва за ўраджай».

Photo by Peter Leth on Unsplash

Photo by Peter Leth on Unsplash

Можна запісаць рапс у збожжавыя, але нельга з рапсу спячы хлеб, адзначае выданне «Plan B». У нядзелю міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ сказаў, што Беларусь удвая павялічыла планы па закупцы збожжа за мяжой. Мяркуючы па ўсім, ураджай гэтага года будзе ніжэйшы нават за песімістычныя прагнозы.

Яшчэ ў чэрвені ўлады казалі, што збіраюцца купіць толькі паўмільёна тон збожжа ў Расіі. Але пасля чэрвеньскай засухі здарыліся дажджы, і планы прыйшлося карэктаваць.

«Каравай будзе больш сціплым. Больш чым на мільён тон. Але стварыць падушку бяспекі ўсё ж такі неабходна. Таму мы плануем каля мільёна тон, і прэзідэнт гэта даручыў, закупіць звонку», — сказаў Барташ.

Міністр не ўдакладніў, у якіх краінах Беларусь збіраецца купляць дадатковыя паўмільёна тон. Хоць іншага выбару, акрамя Расіі, верагодна, няма. У Расіі ўраджай гэтага года чакаецца ніжэй леташняга, але ўсё роўна вышэй за сярэдні: 130-140 мільёнаў тон.

Свой экспартны патэнцыял расійскія ўлады ацанілі ў 55 мільёнаў. Знойдзецца чым падзяліцца з саюзнікам. Нават калі саюзніку спатрэбіцца зноў карэктаваць планы і купляць яшчэ больш збожжа.


Глядзіце таксама

Па стане на нядзелю ў Беларусі ўбралі ўраджай на 94 працэнтах палёў і сабралі 5,9 мільёнаў тон збожжа. Улічваючы, што на палях, якія прыбіраюць апошнімі, ураджайнасць заканамерна падае, больш за 6,0-6,2 мільёнаў тон сёлета сабраць не атрымаецца.

Пры гэтым летась, паводле звестак таго ж Мінсельгасхарча, Беларусь сабрала 8,6 мільёна тон збожжа. Гэта значыць дэфіцыт атрымліваецца не мільён тон, пра які казаў міністр, а два – два з паловай мільёны.

Але ў Мінсельгасхарча альтэрнатыўная арыфметыка. Разам з альтэрнатыўнай батанікай. Міністэрства ўпарта прылічвае да збожжа яшчэ і рапс. Хоць паводле ўсіх законаў, боскіх і дарвінаўскіх, рапс адносіцца да сямейства крыжакветных. Адпаведна, мае роднасныя сувязі з капустай, а не пшаніцай. Але з рапсам справаздачы атрымліваюцца, вядома, больш сімпотнымі. Калі лічыць разам з рапсам, то збожжа ў краіне ўжо зараз сабралі амаль сем мільёнаў тон. Ёсць, праўда, маленькая праблема. Лічыць рапс збожжам атрымліваецца, а хлеб з яго пячы — не вельмі.