«Дарогамі Кацярыны»: як у Гомелі ствараюць культ «магільшчыцы» Рэчы Паспалітай

Праз фінансаванне некаторых маштабных праектаў на Гомельшчыне насаджаецца культ расійскай царыцы Кацярыны ІІ, якая далучыла да імперыі Беларусь. Хто прасоўвае каланіяльны праект «Дарогамі Кацярыны» і чаму беларусам трэба да яго ставіцца крытычна?

Фантазійная гравюра ХІХ ст., у якой нібыта адлюстраваны абставіны падарожжа Кацярыны ІІ.

Фантазійная гравюра ХІХ ст., у якой нібыта адлюстраваны абставіны падарожжа Кацярыны ІІ.

Неўзабаве турыстычную галіну Гомельскай вобласці чакае істотнае перафарматаванне ў духу «рускага міру», піша «Штодзень». Рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ Гомельскай вобласці адсправаздачыліся пра вынікі форуму «Бізнес-дні ў Гомелі», які прайшоў у пачатку снежня ў горадзе над Сожам. У межах мерапрыемства, арганізаванага Гомельскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, распавялі пра вынік супрацоўніцтва беларускіх спецыялістаў з расійскімі калегамі з Бранскай, Смаленскай абласцей і Санкт-Пецярбурга. Гаворка ідзе пра вялікі транспамежны праект «Дарогамі Кацярыны», згодна з якім будуць пракладзены турыстычныя маршруты па гістарычных месцах Гомельшчыны, што «наведвала расійская імператрыца».

У прыватнасці, паведамляецца, што прапрацоўваецца як турыстычная інфраструктура, так і роварныя адрэзкі шляхоў, магчымасці наведвання аб’ектаў, выраб тэматычных сувеніраў і гэтак далей. Інакш кажучы, рукамі беларускіх удзельнікаў праекта будзе фактычна адбывацца папулярызацыя расійскай імператрыцы, пры якой пачалася анексія беларускіх тэрыторый у 18 стагоддзі.

Абмеркаванне праекта «Дарогамі Кацярыны» ў межах гомельскага бізнес-форуму. У цэнтры здымка — першы сакратар амбасады РФ, кіраўніца Рускага дома ў Гомелі Вольга Бараненка. Фота: «Гомельскія Ведамасці»

Абмеркаванне праекта «Дарогамі Кацярыны» ў межах гомельскага бізнес-форуму. У цэнтры здымка — першы сакратар амбасады РФ, кіраўніца Рускага дома ў Гомелі Вольга Бараненка. Фота: «Гомельскія Ведамасці»

Пакінем убаку міфалогію пра «частыя і эпахальныя візіты» Кацярыны ІІ на Гомельшчыну (вядома насамрэч пра некалькі транзітных падарожжаў гэтай расійскай царыцы праз нашу зямлю). Але акцэнтуем увагу на тым, што з першых дзён анексіі ўсходніх зямель ВКЛ у 18 стагоддзі пачалася рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да мясцовых эліт. У прыватнасці, 16 жніўня 1772 года Кацярына ІІ стварыла маніфест аб далучэнні Усходняй Беларусі, у якім, дарэчы, утрымліваліся пункты, паводле якіх магла адбывацца канфіскацыя маёнткаў у людзей, якія адмаўляліся прысягаць рускай дзяржаве. Дарэчы, той жа Гомель быў адабраны ў законнага ўласніка, князя Міхала Чартарыйскага, і перададзены ва ўласнасць царскага служакі Пятра Румянцава.

У далейшым канфіскацыя стала эфектыўным спосабам змагання з нелаяльнымі мясцовымі шляхціцамі. Пасля далучэння ўсходніх зямель ВКЛ царыца раздала каля 142 тысяч прыгонных сялян 200 расійскім землеўласнікам.

Прэзентацыя праекта «Дарогамі Кацярыны» адбылася ў лютым 2023 года. Вось што распавядала пра ідэю праекта яго ініцыятарка, дырэктарка ўстановы «Тэрыторыя развіцця – 21 стагоддзе», Ірына Багданец:

— Ідэя стварэння новых турыстычных аб’ектаў узнікла на аснове легенд і гістарычных фактаў пра падарожжа Кацярыны ІІ па тэрыторыі Гомельскага і Кармянскага раёнаў. Менавіта гэтыя два раёны сталі першымі падпісантамі пагаднення паміж Кармянскім раённым Саветам дэпутатаў і Гомельскім раённым Саветам дэпутатаў па ўзаемадзеянні ў рамках рэалізацыі праекта «Дарогамі Кацярыны».

Пошук інфармацыі пра нараджэнку казахстанскага Цалінаграда (назва цяперашняй сталіцы Казахстана Астаны з 1961 па 1992 гады) Ірыну Багданец паказвае, што яна раней працавала ў структурах улады, якія адказваюць за ідэалогію: узначальвала аддзел адукацыі і была галоўным спецыялістам аддзела ідэалогіі Гомельскага райвыканкама. Ад нядаўняга часу яна кіруе ўстановай «Тэрыторыя развіцця — 21 стагоддзе». Наяўнасць зарэгістраванай арганізацыі і шырокія сувязі з мясцовымі чыноўнікамі, якія ўсталяваліся падчас працы ў апараце ідэалогіі, дазваляюць ёй засвойваць сродкі, якія накіроўваюць разнастайныя фонды РФ, адказныя за прасоўванне «рускага міру» ў Беларусі.

Глядзіце таксама

«Асноўны праект «Дарогамі Кацярыны», які мы сёння абмяркоўваем і які падтрымаў Рускі дом, цікавы для абедзвюх краін (…) Ведаю, што многія рэгіёны Расіі далучыліся да праекта, яго цікава пашыраць (…) Праект намагаецца аднавіць маршрут паездак імператрыцы, якая любіла падарожнічаць (…) Маршрут невыпадкова пачынаецца з Гомельскай вобласці, на гэтай зямлі Кацярына бывала не раз, і менавіта тут шлях вырашылі паўтарыць», — заўважыла ў каментары «ГВ» нядаўна прызначаная кіраўнічка Рускага дома Вольга Бараненка.

З гэтай фразы вынікаюць, як мінімум, дзве высновы. Па-першае, РФ выдзяляе і будзе выдаткоўваць грошы на праслаўленне царыцы Кацярыны, якая паставіла крыж на дзяржаве нашых продкаў — Рэчы Паспалітай. Па-другое, для рэалізацыі гэтага праекта будуць прыцягвацца чыноўнікі розных узроўняў, у выніку чаго ў іх будзе фарміравацца лаяльнае стаўленне да расійскіх імперскіх наратываў, якія аспрэчваюць легітымнасць існавання незалежнай Беларусі ў цяперашніх межах.

Заўважым, што дзякуючы «кіпучай дзейнасці» Ірыны Багданец да праекта ўжо далучаны ўстановы адукацыі Гомельскага і Кармянскага раёнаў, мясцовыя чыноўнікі, «дэпутаты» і студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны.

Гомельскі праект «Дарогамі Кацярыны» ўжо займеў падтрымку ў РФ, мае ўзнагароджанні ў намінацыі «За захаванне адзінай саюзнай культурнай спадчыны» ў намінацыі «Найлепшая ідэя турыстычнай падзеі», фінал якой праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе. А ў пачатку 2024 года стартуе міжнародны конкурс на лепшыя ідэі «Сувеніры ад Кацярыны», вынікі якога будуць падведзены ў траўні на форуме «Вясна ў Гомелі».

Такім чынам, мы назіраем дзіўную сінергію высілкаў расійскіх фондаў, дзяржструктур Беларусі і мясцовых праваднікоў «рускага міру», якія садзейнічаюць усяляк усталяванню культу магільшчыцы Рэчы Паспалітай Кацярыны ІІ. Гэтая тэндэнцыя супадае з узмоцненым змаганнем апалагетаў рэжыму з усімі праявамі карэннай беларускай культуры, зачысткай нацыянальна арыентаваных арганізацый і СМІ, ліквідацыяй надпісаў на лацініцы і барацьбой з іншымі прыкметамі еўрапейскай гісторыі Гомельшчыны.