Генадзь Коршунаў: Усе так ці інакш выжываюць ва ўжо існуючых умовах

Знакаміты беларускі сацыёлаг у сваім тэлеграм-канале спрабуе зразумець, што цяпер адбываецца з грамадствам. На яго думку, пачала фарміравацца нейкая «новая нармальнасць», дзе кожны спрабуе выжыць у існуючых умовах і ў згодзе са сваімі прынцыпамі. Але галоўнае, каб з «матэматычнай» гэтая новая нармальнасць не стала маральна-этычнай.

_belarus_zima_2023_horad_ljudzi_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__1_logo.jpg

У слова «норма» ёсць некалькі сэнсаў. У адказ на пытанне «Як справы?» мы адказваем «нармальна», маючы на ўвазе, што нічога незвычайнага не адбылося. Ну ці проста не хочам падтрымліваць размову.

Калі характарызуем «нармальным», напрыклад, фільм ці канцэрт, то гэта значыць «хутчэй добра, але так, без асаблівага захаплення». Дыягназ называем «нармальным», калі чагосьці такога і чакалі. Асабліва калі па такія дыягназы звяртаемся рэгулярна.

А калі чуем, што кагосьці ў краіне «нармалізавалі», то разумеем, што ад гэтага «кагосьці» ўжо не пачуеш нічога асаблівага, што прываблівае ўвагу — яго прывялі ў адпаведнасць з нейкай «нормай».

У гуманітарных навуках ёсць паняцце «сацыяльная норма». Гэта абагульненыя стандарты паводзін у грамадстве, якіх па тых ці іншых прычынах (кліматычных, эканамічных, рэлігійных, ваенных і інш.) прытрымліваецца большасць. У гэтым сэнсе, норма — гэта характарыстыка не этычная, але матэматычная. Нармальнасць — гэта не добра і не дрэнна. Гэта проста апраўданне чакання адносна таго, што адбываецца: надвор'я або дзеяння ўлад, рэакцыі грамадства або кіраўніцтва, паводзін ворагаў або сяброў і г. д.

Нармальнасць узнікае тады, калі паўтараецца адно і тое ж. Калі чаканні ад суб'ектаў, якія б яны ні былі непрыемныя ці нават страшныя, апраўдваюцца. Калі з'яўляюцца стандартнасць, стабільнасць, прадказальнасць, і ў выніку — прывыканне.

Калі паглядзець на 2023 год, то складваецца ўражанне, што ў Беларусі складваецца новая нармальнасць.

Да ліку яе асноўных фактараў можна аднесці наступнае:

  • па-першае, час — пасля падзей 2020 года прайшло ўжо больш за тры гады. Гэта шмат, дастаткова, каб на парадак дня выйшлі і замацаваліся іншыя актуальныя пытанні і праблемы;
  • па-другое, вайна — з ліку падзей, якія немагчыма ўявіць, вайна хутка ўвайшла ў разрад таго, што ўзрушыла штодзённасць, а пасля навіны пра яе сталі штодзённасцю (а для некаторых вайна ўжо і выйшла з навінавага шэрагу);
  • па-трэцяе, санкцыі і эканоміка — аказалася, што накладзеныя на рэжым санкцыі не такія і страшныя; на эканоміцы мацней адбіліся чаканні ўключэння Беларусі ў вайну, чаго не здарылася. Эканоміка адаптуецца пад новую рэальнасць (прынамсі, на бягучым этапе).

У гэтай новай нармальнасці рэжым у спакойным рэжыме адаптуе заканадаўчую базу пад тыя практыкі, якія напрацаваліся ў перыяд «часам не да законаў», знаходзіць спосабы «шліфаваць тлушч» з бізнесу і прыдумляе новыя спосабы прыгону грамадства.

Глядзіце таксама

Режым перастаў дзейнічаць істэрычна. І на ўзроўні структуры, і ў разрэзе індывідуальных прадстаўнікоў зацвердзіліся тыпавыя мадэлі паводзін і рэакцыі на знешнія раздражняльнікі. Рэжымныя суб'екты сталі дзейнічаць значна больш спакойна, метадычна. Яны арыентуюцца ўжо не на «тут і цяпер», але на нейкую перспектыву.

Гэта добра відаць, перш за ўсё, ва ўнутранай палітыцы. Тут вызначыліся неабходныя і дастатковыя інструменты ўзаемадзеяння ўлады з грамадзянамі: сістэма сачэння (якая расце і ў анлайн-, і ў афлайн-фарматах), кантроль за ўсім (пакуль няпоўны, але імкненне да татальнасці відавочнае), газлайтынг прапаганды (зрэшты, тут нічога новага), запалохванне (і знешнімі ворагамі, і пакараннем ад улады) і рэпрэсіі, якія можна паставіць на першае месца ў спісе.

Беларускі бізнес, чэмпіён па адаптыўнасці і выжыванні ў любых умовах, прайшоў перыяд нявызначанасці і працуе па новых правілах. Толькі хтосьці ў Еўропе, а хтосьці ў Расіі. Зрэшты, і ў самой Беларусі бізнес працягвае працаваць, прычым настроі ў яго цалкам сабе аптымістычныя. Што ў прынцыпе зразумела: новыя стандарты лагістыкі, новыя нормы прыбытку, новыя і зразумелыя напрамкі развіцця.

Беларускія медыя таксама выбраліся з энтрапійнага туману і адаптаваліся да новай нармальнасці. Дзяржаўныя СМІ адкрыта працуюць у фармаце прапаганды і калабаруюць з «рускім мірам», а незалежныя медыя вызначыліся з правіламі выжывання «ў экзіле» і знаходзяць спосабы параўнальна бяспечнай камунікацыі з аўдыторыяй у Беларусі. Для аўдыторыі медыйнае поле падзялілася на інфармацыйныя бурбалкі са сваёй нармальнасцю.

Дыяспара, атрымаўшы некалькі велізарных прыліваў новых членаў, таксама ўжо напрацавала спіс лайфхакаў для выжывання, інструментаў для лабіравання сваіх інтарэсаў, фарматаў для самаарганізацыі і ўзаемадапамогі. Хтосьці проста ўжо пачаў новае жыццё, хтосьці ўкладваецца ў будаўніцтва Новай Беларусі. Выбар на карысць той ці іншай нармальнасці паступова складваецца.

Грамадства ў Беларусі, што людзі, што арганізацыі, жывуць у сваіх светах, у іх таксама свае нармальнасці. Для адных нармальна хадзіць на працу, гнаць прадукцыю па расійскіх абаронных заказах і ганарыцца краінай з «нармальнымі заробкамі».

Глядзіце таксама

У іншай нармальнасці парадаксальным чынам ужываюцца негатыўнае стаўленне да вайны, сімпатыі да Расіі і ўпэўненасць у неабходнасці дзяржаўнага суверэнітэту для Беларусі. Яшчэ і пажаданні да расійцаў паважаць беларускую аўтэнтычнасць, культуру і незалежнасць.

Ёсць партызанская рэальнасць, дзе рэжым «інкогніта» становіцца тваёй другой натурай. Дзе навіны глядзіш без падпісак, лайкаў і шэраў. Дзе выдаляюць чаты пасля перапісак. Дзе абмеркаваць набалелае можна толькі шэптам, а задача сустрэцца са сваякамі, якія выехалі за мяжу, становіцца квэстам з зорачкай.

Усе так ці інакш выжываюць ва ўжо існуючых умовах: ад змагароў да ябацек, ад Офіса да Адміністрацыі.

Фарміруецца новая нармальнасць.

Галоўнае, каб з матэматычнай яна не стала маральна-этычнай.