«Галоўным становіцца не “пакаранне”, а “запалохванне”, такі своеасаблівы контррэвалюцыйны тэрор»
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў заўважае, што практыка рэпрэсій у Беларусі змянілася. ГУБАЗіК і КДБ больш працуюць сёння «на публіку», і мэта гэтай працы — запалохванне. Прычым запалохванне толькі асобнага, пратэснага сегменту грамадства. Вынік жа рэпрэсій — не ў колькасці палітычных спраў, а… у тэлевізары.
У нядзелю з'явілася інфармацыя, міма якой аказалася немагчыма прайсці, піша Коршунаў у сваім тэлеграм-канале. Гэта суботні хапун, які беларускія сілавікі зладзілі ў Полацку сярод знаёмых Сяргея Ерамеева. Ерамееў — беларус, якога арыштавалі за падрыў двух цягнікоў у Расійскай Федэрацыі (у самым доўгім тунэлі Байкала-Амурскай магістралі і на яго абводных шляхах). Як высветлілася, у 2020 годзе ён удзельнічаў у стачцы на Мазырскім «Нафтане».
Звяртае на сябе ўвагу не столькі тое, што беларус падарваў расійскія цягнікі, каб перашкодзіць перавозцы вайсковых грузаў, хоць і гэта важна (тым больш, што ва ўкраінскіх медыя гэтай інфармацыі чамусьці пакуль не назіраецца). Больш уражвае хуткасць і якасць рэакцыі беларускіх сілавікоў: 7 снежня ФСБ РБ арыштоўвае беларуса Ерамеева, і ўжо паслязаўтра КДБ РБ прыходзіць з ператрусамі і затрымлівае два дзясяткі знаёмых (і малазнаёмых) з ім асобаў.
Аператыўна і маштабна, без аператыўна-вышуковых прэлюдый, дробнай сеткай. І гэта сімптаматычна: на любую нагоду, якую можна інтэрпрэтаваць як нават патэнцыйную пагрозу або нязгоду з уладамі, першай рэакцыяй будуць хапуны. Ці масавыя ператрусы, ці масавыя арышты, ці масавыя звальненні.
Цікава, ці зрэагаваў бы так беларускі КДБ, калі б Сяргей Ерамееў не быў беларусам, а проста жыў раней у Беларусі? Ці быў бы беларусам, але не ўдзельнічаў у нафтанаўскай стачцы? Зрэшты, гэта не прынцыпова.
Прынцыпова тое, як і ў які бок развіваюцца хапуны як практыкі рэактыўных масавых акцый рэпрэсіўнага характару (затрыманняў / ператрусаў / арыштаў). Выкарыстанне гэтых практык сапраўды эвалюцыянуе, і вось якім чынам.
У 2020 годзе, як і практычна заўсёды раней, хапуны былі пераважна вулічнымі мерапрыемствамі. У 2021 годзе хапуны саступілі месца персаналізаваным арыштам і рэпрэсіям супраць структур грамадзянскай супольнасці. У першым квартале 2022 года прайшлі апошнія вулічныя хапуны, у далейшым масавыя затрыманні-арышты перайшлі ў кватэрны альбо карпаратыўны (па месцы працы) фарматы.
Адзначым, што ў 2022 годзе да «антыпратэснай» накіраванасці масавых рэпрэсій дадаліся антываенны або праўкраінскі вектары. Апошні, дарэчы, восенню мінулага года справакаваў серыю масавых затрыманняў у паўднёвых рэгіёнах Беларусі.
Той жа восенню намеціўся трэнд на масавыя затрыманні беларусаў па месцы працы. Тады масава затрымліваліся інкасатары «Белгазпрамбанка» і «Інкасервіса», работнікі кампаніі «Белагра», супрацоўнікі арганізацый НАН Беларусі і інш.
Чарговая хваля хапуноў накрыла Беларусь вясной 2023 года пасля выбуху самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах. Тады былі і тэрытарыяльна абумоўленыя затрыманні, і карпаратыўныя (рэканструктараў, псіхолагаў і г. д.)
Пасля мачулішчанскага ўсплёску хваля хапуноў схлынула. Паводле сабранай намі інфармацыі, цягам вясны-лета 2023 года пры невялікай тыднёвай варыябельнасці ў сярэднім было крыху больш за адзін хапун на тыдзень – за 24 тыдні 29 акцый.
А вось восенню сітуацыя змянілася кардынальна — колькасць хапуноў павялічылася практычна ў тры разы — 39 акцый за 14 тыдняў (пры ўсёй умоўнасці паняцця «хапун» і абмежаванасці інфармацыі, якая трапляе ў медыя, умовы збору і аналізу інфармацыі не змяніліся). Галоўнымі аб'ектамі масавых рэпрэсій сталі:
- сярод прадпрыемстваў – «Нафтан»,
- сярод рэгіёнаў — Гродзенская вобласць, на яе долю выпала больш за палову ўсіх хапуноў восені (у самой вобласці па колькасці хапуноў лідзіруе Ліда).
Што цікава: статыстыка менавіта па тых затрыманнях, якія даходзяць да судоў, істотных адрозненняў ад вяснова-летняга перыяду не паказвае. Так, у лістападзе падскочылі значэнні па колькасці асуджаных у Беларусі па палітычных матывах (101 пасля 45 у кастрычніку і 54 у верасні), але той рост не ідзе ні ў якое параўнанне з восеньскай актывізацыяй хапуноў.
Атрымліваецца, што людзей хапаюць дома або на працы, адвозяць у «апарняк» або на ператрус, прэсуюць і забіраюць тэхніку і… І адпускаюць. Пакуль.
Назіраючы ўсю гэтую дынаміку, напрошваецца выснова, што ў практыцы масавых акцый рэпрэсіўнага характару ўсё большае значэнне набывае дэманстратыўны, застрашвальны складнік. Умоўна кажучы, галоўным становіцца не «пакаранне», а «запалохванне», такі своеасаблівы контррэвалюцыйны тэрор. Ускосна гэта пацвярджаецца, як нам уяўляецца, тэндэнцыяй да росту колькасці розных мерапрыемстваў тыпу выязных судоў або ўзяцця пад арышт перад тварам спецыяльна сабранай для гэтага грамадскасці.
І яшчэ пара думак напрыканцы. Контррэвалюцыйны тэрор сапраўды стаў прэвентыўным, праактыўным, сістэмным — рэпрэсіўная машына адладжаная. Другі момант: хапуны — гэта ціхі тэрор, пра які ведае толькі прадэмакратычная бурбалка. А грамадства яго, хутчэй за ўсё, не бачыць.
Таму што хапунамі хваляцца толькі губазікаўскія тэлеграм-каналы, па тэлевізары пра гэта не распавядаюць.