Усе людзі маюць аднолькавыя правы, але некаторыя вастрэй адчуваюць несправядлівасць
Задача лістоў да палітвязняў — не ў тым, каб пераканаць уладу, што яна парушае правы чалавека, а ў тым, каб пра палітвязняў не забылі, і каб той, хто іх зняволіў, разумеў, што хтосьці за іх змагаецца.
75 гадоў існуе Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. У гэтым дакуменце запісана, што ўсе людзі маюць аднолькавыя правы, незалежна ад расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных перакананняў, паходжання, маёмаснага ці іншага становішча.
Усе людзі маюць аднолькавыя правы, але некаторыя больш востра, чым іншыя, адчуваюць сацыяльную несправядлівасць. Прасцей яе ўбачыць, калі яна датычыць нас саміх, а складаней, калі датычыць іншага чалавека. Тым не менш, тысячы людзей на свеце змагаюцца за правы не толькі ўласныя, але таксама іншых. За парушэннямі сочаць і міжнародныя арганізацыі. Адна з іх – Amnesty International.
Дырэктарка польскай структуры Ганна Блашчак-Банасяк (Annа Błaszczak-Banasiak) распавяла пра гэта «Польскаму радыё».
— Нельга сказаць, што мы добра ведаем свае правы. Па маім перакананні, самае галоўнае — не тое, каб умець на памяць назваць усе міжнародныя дамовы, дэкларацыі, якія рэгулююць правы чалавека, і тое, у якіх законах гэта прапісана. Для мяне самае важнае — пачуццё элементарнай справядлівасці, пачуццё, што ўваходзіць у стандарты, а што не.
Неабавязкова быць спецыялістам у галіне юрыспрудэнцыі, не трэба быць юрыстам, каб мець пачуццё справядлівасці.
На маю думку, гэтае пачуццё ёсць у польскім грамадстве, дарэчы, апошнія гады, масавыя пратэсты паказалі нам гэта на вуліцах польскіх гарадоў.
Несумненна, прасцей заўважыць нейкую несправядлівасць, калі яна датычыць нас саміх, а крыху складаней заўважыць яе, калі яна закранае іншых. І таму мяне вельмі цешыць, калі я бачу натоўпы людзей, якія прыйшлі пісаць лісты ў абарону палітвязняў у рамках нашага марафону пісання лістоў.
Тым больш ў гэты перадсвяточны час, калі людзі заняты падрыхтоўкай да свят, набываннем падарункаў. Тое, што так шмат асоб знайшло час і прыйшло напісаць ліст, вельмі ўзрушвае.
Адной з самых вядомых акцый у абарону правоў чалавека, якую ладзіць кожны год АІ, з’яўляецца марафон пісання лістоў у абарону палітвязняў. Ён праходзіць пад канец лістапада і да 10 снежня, калі адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Па словах дырэктара арганізацыі, у людзей часта ўзнікаюць сумненні, ці варта звяртацца да аўтарытарных улад.
— Пытанне, якое часцей за ўсё гучыць у адносінах марафону — ці мае гэта сэнс? Ці ёсць сэнс пісаць Лукашэнку? Я заўсёды адказваю, што гэта мае сэнс, паколькі няма такіх улад, на якія немагчыма паўплываць. Кожны год мы атрымліваем пазітыўныя звесткі пра нашых герояў — пра іх вызваленне, змякчэнне прысуду або паляпшэнне ўмоў утрымання. Сёлета мы атрымалі добрую інфармацыю пра апраўдальны прысуд, вынесены ў дачыненні да трох актывістак з Зімбабвэ. У іх абарону мы пісалі лісты летась. Так што гэта вельмі эфектыўная акцыя, якая дазваляе бараніць правы чалавека ва ўсім свеце.
Праваабаронца кажа, што рэдка здараецца пазітыўная рэакцыя з боку ўлад на нейкі ліст. Гэта і зразумела: ніхто з дыктатараў не лічыць сябе сатрапам, кожны бачыць сябе ў пазітыўным святле. Аднак задача лістоў не заключаецца ў тым, каб пераканаць уладу, што яна парушае правы чалавека, а ў тым, каб пра палітвязняў не забылі, і каб той, хто іх зняволіў, разумеў, што хтосьці за іх змагаецца.
— Для нас важна, каб нашы героі не былі ананімнымі, каб улады пэўнай дзяржавы ведалі, што тысячы людзей ва ўсім свеце назіраюць за дадзенай справай, правяраюць, што адбываецца з канкрэтным чалавекам. Яны ведаюць, што гэты чалавек не можа проста знікнуць і ніхто не заўважыць, паколькі вочы ўсяго свету за гэтым сочаць.
Адносна проста і бяспечна змагацца за свае правы ў дэмакратычнай дзяржаве. Значна складаней там, дзе няма дэмакратыі, вельмі жорсткае права, а за адзін толькі выхад на адзіночны пікет можна атрымаць турэмнае зняволенне. Так справы выглядаюць, напрыклад, у Расіі ці Беларусі, але нават там знаходзяцца людзі, якія выходзяць на пратэсты, хаця гэта, здавалася б, безнадзейная справа.
— Сітуацыя ў Расіі вельмі складаная, і я з вялізным захапленнем гляджу на тых людзей, хто ў Расіі, Беларусі ці Іране мае адвагу змагацца за правы чалавека. Такая дзейнасць усюды звязана з нейкай рызыкай, але нельга параўноўваць яе ў краінах ЕС і ў Расіі ці Беларусі. Там гэтая дзейнасць пагражае смяротным пакараннем. Нават калі няма смяротнага прысуду, дык умовы, у якіх знаходзяцца палітвязні ў турме, пагражаюць іх жыццю. Дарэчы, гэта рызыка таксама для членаў сям’і.
Уявіце сабе, якім адважным трэба быць чалавекам, каб у такіх умовах казаць уголас. Дарэчы, год таму мы пісалі лісты ў абарону Сашы Скачыленка, якую нядаўна прыгаварылі да 7 гадоў зняволення. Яна артыстка, яе пратэст супраць вайны ва Украіне зводзіўся да змены цэннікаў у крамах, на якіх яна пісала інфармацыю пра вайну. Гэта дэ-факта мастацкая дзейнасць, і за гэта ёй далі 7 гадоў у адной з найгоршых вязніц у свеце.
Не лепшая сітуацыя ў Беларусі, дзе, паводле даных праваабаронцаў, каля 1,5 тысячы палітвязняў, а тэрмін можна атрымаць за бел-чырвона-белыя шкарпэткі.