Святлана Ціханоўская пра пашпарты: «Рыхтуюся да складанай барацьбы»

Лідарка беларускіх дэмсіл — пра пашпарт новай Беларусі, фінансавую дапамогу Бруселя, стратэгічны дыялог з ЗША і стаўленне да беларусаў у Літве.

Святлана Ціханоўская. Фота з сацсетак лідаркі беларускіх дэмсіл 

Святлана Ціханоўская. Фота з сацсетак лідаркі беларускіх дэмсіл 

Прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль паабяцаў беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмсілам падтрымку ў памеры 30 мільёнаў еўра. «З улікам нашага сённяшняга паведамлення мы дасягнём лічбы ў 140 мільёнаў еўра з 2020 года», — заявіў дыпламат.

Карэспандэнтка «Нямецкай хвалі» ў Бруселі распытала лідарку дэмсіл Беларусі Святлану Ціханоўскую пра тое, на што пойдуць гэтыя сродкі, а таксама — пра стратэгічны дыялог з ЗША, «пашпарты новай Беларусі» і пра стаўленне літоўцаў да беларусаў.

— У Бруселі вы сустракаліся з прадстаўнікамі Еўрапейскага саюза і краін, якія ўваходзяць у яго. Якія вынікі гэтых сустрэч?

— У мяне была вячэра з міністрам замежных спраў Еўрасаюза Жазэпам Барэлем, падчас якой я распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, пра імкненне дэмакратычна настроеных беларусаў быць часткай Еўропы, быць часткай Еўрасаюза. Разумеем, што гэта шлях доўгі, але ўжо цяпер трэба пра гэта казаць. Распавялі пра сітуацыю з палітычнымі вязнямі, пра тое, што нядаўна быў вялікі рэйд па сваяках тых людзей, якія ўдзельнічаюць у палітычным жыцці. Гэта значыць, рэпрэсіі працягваюцца. Таксама казалі пра неабходнасць закрыцця шчылін у санкцыях, пра тое, што ўжо больш за год няма сур'ёзных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і што рэжымам гэта ўспрымаецца як слабасць. Мы казалі пра тое, што трэба ўзмацніць ціск, і вядома — пра адказнасць за злачынствы, уключаючы вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Да гэтага часу не пачата спецыяльнае расследаванне гэтых злачынстваў, і нам патрэбна дапамога дэмакратычных краін, каб гэтыя расследаванні пачаць.

— Жазэп Барэль паабяцаў пэўную фінансавую дапамогу дэмакратычным сілам. Што вы можаце пра гэта расказаць?

— Так, было праанансавана, што будзе аказана дапамога дэмакратычным сілам Беларусі ў тым жа аб'ёме, што і летась. Хачу падкрэсліць, што гэтыя сродкі не размяркоўваюцца дэмакратычнымі сіламі. Еўрасаюз самастойна, праз давераныя фонды, размяркоўвае гэтыя сродкі, якія ідуць на дапамогу медыя, НДА, праваабарончым арганізацыям. Усе адсылаюць справаздачнасць па сваёй дзейнасці. Гэта я кажу для таго, каб прадухіліць якія-небудзь пытанні да Офіса Святланы Ціханоўскай пра тое, што нам далі нейкія грошы. Гэта не так. Грошы даюцца на грамадзянскую супольнасць.

Глядзіце таксама

«Не магу сказаць, што дамагацца ўвагі — проста»

— Вы сказалі, што ўжо год не было новых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. А як вы ў прынцыпе ацэньваеце дынаміку ўзаемаадносін ЕС і дэмакратычных сіл Беларусі? Нешта змянілася за апошні час? Было такое ўражанне, што ў нейкі момант усе забыліся пра беларускую апазіцыю, а цяпер быццам зноў ёсць нейкі рух. Як вы ацэньваеце гэтую сітуацыю?

— Я не магу сказаць, што пра нас забыліся. Вядома, Беларусь цяпер не ў фокусе, натуральна, уся ўвага пераносіцца на вострыя канфлікты ў свеце. Але гэта задача беларусаў, перш за ўсё, трымаць Беларусь на парадку дня. 

І ўвесь гэты год мы актыўна працавалі, каб фармалізаваць адносіны з краінамі Еўрасаюза. У нас была вялікая сустрэча ў бундэстагу груп «За дэмакратычную Беларусь» парламентаў розных краін. Гэта таксама вялікае дасягненне. Цяпер будзе сустрэча кансультатыўнай групы ў другі раз. Фармалізацыя стасункаў, пра якую мы гаворым, азначае, што абмяркоўваць Беларусь будуць не адзін раз — кропкава і забыліся, гэта будзе наладжаная праца.

Мы цяпер толькі прыехалі з Вашынгтона, дзе быў запушчаны стратэгічны дыялог з ЗША. Гэта беспрэцэдэнтна, таму што да гэтага часу ЗША не вяла стратэгічных дыялогаў з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл. Так, Лукашэнка не прызнаны, так, прызнаюць легітымнасць дэмакратычных сіл. Але мы «не ў крэсле», не ва ўрадзе, будуем паралельныя структуры — і з намі вядуць дыялог.

Я не магу сказаць, што дамагацца ўвагі — проста, але дапамагае рашучасць нашых беларусаў.

Глядзіце таксама

«Спецрасследаванне не пачалося»

— Што такое стратэгічны дыялог з ЗША? Гучыць значна, але як растлумачыць звычайным беларусам, у чым ён палягае?

— У нашым выпадку было пяць кірункаў. Адзін з прыярытэтных — гэта палітычныя зняволеныя. Гэта значыць, мы, прадстаўнікі дэмсіл з прадстаўнікамі ЗША, распрацоўвалі магчымыя падыходы: як працаваць з палітвязнямі, з іх сем'ямі, як працаваць па пытаннях рэабілітацыі. І я думаю, што менавіта па гэтым кірунку будзе створана пастаянная рабочая група, каб разумець, якая патрэбна дапамога. Можа, патрэбны фонд па рэабілітацыі палітвязняў. Як дапамагчы вызваленню — пытанне вельмі складанае. Але калі гэта не абмяркоўваць, то янр так і будзе стаяць у мёртвай кропцы.

Распрацоўваліся механізмы, як прыцягнуць Лукашэнку і ягоных памочнікаў да адказнасці, як узмацніць тыя ініцыятывы, якія ўжо ёсць. У нас ёсць усе доказы злачынстваў Лукашэнкі супраць чалавечнасці: саўдзел у вайне, міграцыйны крызіс, пасадка самалёта, вываз украінскіх дзяцей. А спецрасследаванне не пачалося. Па якой прычыне? Для далейшых крокаў у гэтым кірунку нам патрэбна дапамога — будзе створана рабочая група на пастаяннай аснове. І так па кожным кірунку: і нацыянальнае адраджэнне, і пытанне дэмакратызацыі, незалежнасці Беларусі.

Наступны крок — кіраўнік стратдыялогу хутка прыедзе ў Вільню, дзе сустрэнецца са спецпрадстаўнікамі розных краін, з беларускімі арганізацыямі, каб паглядзець на месцы, што адбываецца.

Глядзіце таксама

«Не трэба ўраўноўваць расіян і беларусаў»

— З нагоды Вільні — ці не думалі вы, на фоне змены стаўлення да беларусаў у Літве, перанесці свой Офіс, напрыклад, у Брусель?

— Не, у мяне ніколі такой думкі не ўзнікала. Вільня — гэта бліжэйшы пункт да мяжы з Беларуссю. Літва ў цэлым вядзе вельмі пазітыўную палітыку па Беларусі. Вядома, ёсць змена стаўлення да беларусаў, свае нацыянальныя, скажам так, асцярогі. І я думаю, што тут справа саміх беларусаў — паказваць і даказваць, што мы ні ў якім разе не пагражаем нацыянальнай бяспецы Літвы, гатовы інтэгравацца ў грамадства. Якія асноўныя, калі можна так назваць, прэтэнзіі літоўцаў? Што занадта шмат прыехала беларусаў, не хочуць вучыць літоўскую мову, усюды чуецца руская гаворка. А цяпер, на фоне вайны супраць Украіны, гэта вельмі вострае пытанне. Беларусам трэба больш праяўляць актыўнасці, каб паказаць, што няма ў нас варожага стаўлення да літоўцаў.

— Размаўляць па-беларуску ў Літве?

— Размаўляць па-беларуску, удзельнічаць у літоўскіх мерапрыемствах, спрабаваць вучыць літоўскую мову — гэта таксама трэба, нават проста сказаць «дзякуй», «добры дзень» на літоўскай мове. Мы бачым, як шмат беларусаў перасоўваецца праз літоўска-беларускую мяжу. Такога ніколі не было за ўсю гісторыю ўзаемаадносін Літвы і Беларусі. У літоўцаў таксама пытанне: чаму такое адбываецца? Зразумела, што з беларусамі, якія з'язджаюць ад рэпрэсій, могуць уехаць у Літву і людзі, якія насамрэч уяўляюць сабой пагрозу нацыянальнай бяспецы і пагрозу беларускаму дэмакратычнаму руху. Гэта ўсё выклікае асцярогу. Але наш асноўны пасыл: не трэба ўраўноўваць расіян і беларусаў, усё ж такі ў нас іншы кантэкст. Мы спрабуем дапамагчы літоўскаму боку з верыфікацыяй людзей.

Глядзіце таксама

Пашпарты — працэс вельмі няхуткі

— Ці ёсць у вас нейкія навіны з нагоды новых беларускіх пашпартоў?

— Першыя ўзоры будуць выпушчаны, я вельмі спадзяюся, у пачатку наступнага года, і тады пачнецца вельмі складаны працэс верыфікацыі пашпартоў і разгляд іх у кожнай краіне. Потым будзе абмеркаванне ва ўсім Еўрасаюзе — прызнаваць ці не. Ці будзе гэта агульнае рашэнне Еўрасаюза альбо кожнай краіны паасобку, яшчэ абмяркоўваецца.

Але мы павінны быць гатовы да таго, што гэта будзе няхуткі працэс, вельмі няхуткі. Таму ўжо цяпер мы прапануем кароткатэрміновыя рашэнні для ўсіх краін: выдаваць пашпарты замежніка, падаўжаць віды на жыхарства на больш доўгі тэрмін, пашпарты, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння, прымаць як валідныя. Напрыклад, Германія пасля нашай сустрэчы з міністрам Аналенай Бербак выдала рэкамендацыі міграцыйным службам аб тым, каб беларусам выдавалі пашпарты замежнікаў. У Польшчы ўжо даўно ўмовы вельмі спрыяльныя для беларусаў, у Літве таксама выдаюць пашпарты замежнікаў. Вядома, пашпарты («новай Беларусі» — Рэд.) былі б сістэмным рашэннем. Але паглядзім. Я рыхтуюся да складанай барацьбы.

Глядзіце таксама