«Дэмакратычная і незалежная Беларусь — адзіны шлях, каб забяспечыць мірную будучыню еўрапейцаў»

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Мецола выступілі з сумесным артыкулам «Кідаючы выклік дыктатуры». Матэрыял апублікавалі вядучыя еўпрапейскія СМІ: Le Monde (Францыя), The Journal (Ірландыя), Postimees (Эстонія), 15 min (Літва) і іншыя.

Раберта Мецола і Святлана Ціханоўская

Раберта Мецола і Святлана Ціханоўская

Прапануем гэты артыкул у перакладзе на беларускую мову:

Мы не можам забыць пра беларускі народ. Яго барацьба за свабоду і дэмакратыю ўвасабляе каштоўнасці, на якіх грунтуецца Еўрапейскі Саюз.

У сваёй ціхай барацьбе за свабоду і дэмакратыю беларускі народ стаў яскравым прыкладам адвагі і стойкасці. Нягледзячы на дзесяцігоддзі аўтарытарнага кіравання і сістэматычных рэпрэсій, беларускі народ нястомна імкнецца да жыцця ва ўмовах свабоды. Нельга забываць аб гэтай бітве, асабліва ў гэты момант глабальнай нестабільнасці.

Базавыя каштоўнасці, такія, як павага чалавечай годнасці і правоў, свабода, дэмакратыя, роўнасць і вяршэнства права, з'яўляюцца якарамі, якія з'ядналі і аб'ядноўваюць нас — еўрапейцаў. Аднак на нашым агульным кантыненце беларускі народ па-ранейшаму ўпарта пазбаўляюць усяго гэтага.

Замест гэтага людзі жывуць у атмасферы пастаяннага запалохвання і пагроз.

Яны жывуць пры рэжыме, дзе людзей кідаюць у турму па сфабрыкаваных абвінавачаннях, дзе адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій па абвінавачаннях у махлярстве, дзе сотні незалежных СМІ фактычна падвяргаюць цэнзуры і вымушаюць закрывацца, дзе больш за тысячу няўрадавых арганізацый (НДА) здымаюць з рэгістрацыі і блакуюць выкананне іх працы.

Людзі жывуць пры рэжыме, які ўтрымлівае больш за 1500 палітычных зняволеных. Іншых вымушаюць жыць у выгнанні, іх пазбаўляюць пашпартоў, у той жа час у дачыненні да іх вядуцца расследаванні і судовыя працэсы, а таксама завочна выносяцца прысуды.

Пагарджаючы дэмакратычнымі каштоўнасцямі і правамі чалавека, цяперашні рэжым у Беларусі ўсімі магчымымі спосабамі чапляецца за ўладу: аж да ператварэння краіны ў расійскую васальную дзяржаву і размяшчэння расійскай ядзернай зброі паблізу межаў ЕС.

Але па сваёй сутнасці Беларусь — спрадвечна еўрапейская краіна ў кантэксце яе каштоўнасцяў, культуры і ў імкненні да лепшай будучыні. Яе гістарычная спадчына прасочваецца да беларуса Францыска Скарыны, аднаго з самых ранніх асветнікаў эпохі Адраджэння ў Еўропе, а таксама ўнікальны яе ўклад у мастацтва і навуковую думку Еўропы, яскравым прыкладам якіх з'яўляюцца творы візіянера Марка Шагала, рэзаніруючыя з еўрапейскімі ідэаламі.

Перад тварам усё больш адчайных спробаў здушыць іншадумства беларусы дэманструюць непахісную прыхільнасць імкненню да свабоды і дэмакратыі. Гэтая прыхільнасць рэзаніруе з барацьбой і спадзяваннямі незлічонага мноства еўрапейцаў на працягу гісторыі.

Еўрапейскі парламент далучаецца да заяваў лідараў беларускіх дэмакратычных сіл аб еўрапейскіх спадзяваннях беларускага народа. Нашы дзверы заўсёды будуць заставацца адкрытымі для ўсіх тых еўрапейскіх дзяржаў, якія падзяляюць нашы каштоўнасці і ідэалы і накіроўваюць свой позірк на Еўропу як на свой дом.

Сярод гэтых дзяржаў будзе і Беларусь, калі яна стане дэмакратычнай, свабоднай і незалежнай. Да гэтага моманту вельмі важна працягваць уключаць Беларусь у еўрапейскі наратыў, захоўваючы яе ў ліку прыярытэтных пытанняў парадку дня, з тым каб садзейнічаць дэмакратычнаму пераходу ў краіне, а таксама адстойваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Еўропа бачыць у беларусах, украінцах і малдаванах сваё адлюстраванне, адлюстраванне тых каштоўнасцяў, якія складаюць аснову еўрапейскага праекта.

Барацьба за дэмакратычную Беларусь — гэта не проста барацьба народа, гэта барацьба за захаванне каштоўнасцяў, якія вызначаюць наш кантынент. Вось чаму Еўрапейскі парламент заклікае да далейшай падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

Гэта мае на ўвазе ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі за ягоныя злачынствы і ўцягнутасць у расійскую агрэсію супраць Украіны. Нам таксама неабходная адзіная пазіцыя для абароны і падтрымкі тых, хто ўцёк ад рэпрэсій і знайшоў прытулак у Еўрапейскім Саюзе.

Надзвычай важна зразумець, што Еўропа ніколі не зможа рэалізаваць свой патэнцыял у поўнай меры, пакуль Беларусь застаецца ва ўмовах дыктатуры. Свабодная, дэмакратычная і незалежная Беларусь неабходная для міру і бяспекі ў Еўропе. Гэта адзіны шлях да таго, каб забяспечыць мірную будучыню, якую сапраўды заслугоўваюць еўрапейцы.

Глядзіце таксама