Паляванне на кадры па-савецку. Навошта ўладам абмежаванні на выезд?

Рэжым не спраўляецца з працоўнай міграцыяй, але заахвоціць людзей заставацца не можа, тлумачыць тэлеканал «Настоящее время». Акрамя прымусу, іншых інструментаў яны не маюць.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі ўвялі абмежаванні на выезд з краіны для пастаяннага пражывання за мяжой. Для гэтага цяпер трэба прыносіць дакументы ў аддзел міграцыі, а вырашаць, ці выпускаць з краіны, будуць улады.

Выехаць з Беларусі ў краіны Еўрасаюза ўсё складаней. Тыя беларусы, у якіх ёсць від на жыхарства ў замежнай дзяржаве, павінны атрымаць спецыяльны дазвол аддзела міграцыі і грамадзянства. Калі такога дакумента няма, то на мяжы могуць узнікнуць праблемы.

«Ёсць велізарная колькасць выпадкаў, калі беларусаў пры перасячэнні мяжы з беларускага боку адводзяць на допыты да супрацоўнікаў КДБ. Удакладняюць абставіны: хто, што і чаму. Увогуле, сітуацыя ідзе ў даволі дрэнны бок. Мы не можам выключаць таго, што ўлады ў Беларусі могуць задзейнічаць дадатковыя меры па абмежаванні правоў беларусаў», — кажа прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі.

Згодна з пастановай № 798, з канца лістапада беларусам, каб выехаць з краіны, трэба звярнуцца ў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі. Там правераць, каб у грамадзяніна не было даўгоў перад дзяржавай, а ў ваеннаабавязаных — праблем у ваенкамаце. Новыя абмежаванні, на думку аналітыка Ігара Тышкевіча, у першую чаргу накіраваны на барацьбу з міграцыяй кваліфікаваных работнікаў.

«Большая частка працоўных мігрантаў у першую сваю паездку едзе з такімі думкамі: я паспрабую, не спадабаецца — вярнуся. Але цяпер гэтае «не спадабаецца — вярнуся» беларускія ўлады спрабуюць адсячы. І гэта можа стаць пэўным тормазам для значнай часткі тых, хто не ўдзельнічаў актыўна ў палітыцы, але актыўна думае пра пошук камфортнага месца, каб зарабляць грошы на сваё жыццё», — тлумачыць Тышкевіч.

Старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка называе гэта чарговай спробай кантролю спецслужбаў над грамадзянамі Беларусі: «Такім чынам КДБ і Лукашэнка спрабуюць утрымаць адток кадраў. Але таксама трэба кантраляваць тых, хто перамяшчаецца ўнутр краіны і з краіны. У цэлым Беларусь усё больш нагадвае сталінскую эпоху, калі людзям, каб зрабіць любое дзеянне (выехаць, прыехаць), патрэбны дазвол або спецслужбаў, або дзяржавы. І ўсе гэтыя рэпрэсіі, якія цяпер адбываюцца, гэтаму пацвярджэнне».


Глядзіце таксама

Паводле слоў Вячоркі, гэта робіцца для таго, каб кантраляваць і запалохаць насельніцтва: «У першую чаргу, гэта закране тых, хто працуе ў дзяржсектары, каб не выязджалі, не сустракаліся з Ціханоўскай, не перадавалі інфармацыю. Мы ж бачым, што тыя, хто выязджае з Беларусі, адразу дыхаюць паветрам свабоды і пачынаюць нейкім чынам удзельнічаць у дэмакратычным руху. А калі ты ўтрымліваеш людзей унутры, то яны баяцца, асцярожнічаюць, і няма такога ўзаемадзеяння. Асабліва гэта тычыцца, напрыклад, вайскоўцаў, каб яны не вывозілі нейкія сакрэты, ці нейкіх супрацоўнікаў службаў або міністэрстваў. Гэта таксама такая параноя Лукашэнкі, што ўсе, хто выязджае на Захад, могуць стаць «ворагамі народа».

У лістападзе журналісты партала «Зеркало» са спасылкай на «Белстат» паведамілі, што толькі сёлета колькасць занятых у эканоміцы грамадзян скарацілася амаль на пяцьдзясят тысяч чалавек. Недахоп кадраў у краіне прызнаюць нават на дзяржаўным тэлебачанні.

«За дзевяць месяцаў 2023 года колькасць занятых у эканоміцы Віцебскай вобласці скарацілася на 7,5 тысяч чалавек. Прамысловасць адчувае кадравы голад, адзначаецца адток спецыялістаў за межы краіны», — гаварылася ў праграме тэлеканала «Віцебск».

У Беларусі сёння дзясяткі тысяч вакансій: заводы і фабрыкі, бальніцы і паліклінікі, школы, дзіцячыя садкі, сфера будаўніцтва, транспарту і нават міліцыя шукаюць новых супрацоўнікаў. Але людзі не спяшаюцца займаць гэтыя вакансіі. Верагодныя прычыны — дэмаграфічная сітуацыя і міграцыя, лічыць эканамістка Анастасія Лузгіна.

«Людзі з'язджаюць па розных прычынах. Гэта могуць быць палітычныя прычыны, эканамічныя. Гэта значыць, напрыклад, людзям не падабаецца ўзровень заробку, эканамічныя рызыкі, якія існуюць у краіне, і яны таксама разглядаюць рэлакацыю як прымальны варыянт», — кажа Лузгіна.

Прапанаваць якасныя і камфортныя ўмовы жыцця кваліфікаваным спецыялістам, дадае аналітык Ігар Тышкевіч, беларускія ўлады не ў стане, аднак могуць стварыць дадатковыя цяжкасці пры іх выездзе за мяжу.

«Гэта работнікі машынабудавання, работнікі даследчых цэнтраў у галіне новых матэрыялаў, гэта радыёфізіка, тут шмат напрамкаў. За такімі кадрамі ідзе рэальнае паляванне ў суседніх краінах», — працягвае Ігар Тышкевіч.

Беларускія ўлады спрабуюць стрымліваць ад'езд спецыялістаў невялікім ростам заробкаў, але відавочна, што такіх стымулаў недастаткова. А новыя абмежаванні, на думку Анастасіі Лузгіной, могуць даць адваротны эфект.

«Калі ствараюцца такія бар'еры, гэта разглядаецца людзьмі як дадатковыя рызыкі і нязручнасці. І, адпаведна, можа мець зваротны эфект. То-бок, калі хтосьці і разважаў, пераязджаць ці не пераязджаць у іншую краіну, то, бачачы гэтыя працэсы забароннага характару, людзі могуць спраецыраваць сітуацыю на больш працяглы тэрмін, падумаць, што ў будучыні могуць быць уведзены яшчэ большыя абмежаванні», — кажа Лузгіна.

Праблема міграцыі і недахопу кадраў, на думку экспертаў, ляжыць у галіне не толькі эканомікі, але і палітыкі. Улады Беларусі паслядоўна пераследуюць грамадзян за любое іншадумства.


Глядзіце таксама

«Без змены эканамічнага базісу, без змен параметраў камфорту жыцця праблема высмоктвання працоўнай сілы нікуды не знікне. І тут пытанне не ў Лукашэнку. Дэмакратычны ўрад сутыкнецца з той жа самай праблемай. Іншая справа, што ён будзе абмежаваны ў магчымасцях рэзка рэагаваць. Калі вы хочаце прыклады — гэта Украіна і Малдова, дзе рэальна не хапае кваліфікаванай працоўнай сілы», — адзначае Ігар Тышкевіч.

Пакуль жа ўлады Беларусі праблему на рынку працы вырашаюць абмежаваннямі на выезд, павелічэннем тэрміну адпрацоўкі для студэнтаў пасля заканчэння ўніверсітэта, а таксама запрашэннем у краіну замежнікаў. Усё гэта малаэфектыўна, лічыць эканамістка Анастасія Лузгіна.

«На жаль, цяпер Беларусь як краіна мае вельмі дрэнную рэпутацыю. Рэпутацыйныя рызыкі высокія. І як краіна-суагрэсар у вайне з Украінай, гэта не дадае стымулу, каб замежнікі з іншых краін, асабліва добрыя спецыялісты, прыязджалі ў Беларусь. Мяркуючы па тым, як працуе ў нас рынак працы, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца, а не расце або стабілізуецца на нейкім узроўні. Мы бачым, што такая палітыка не дае належнага выніку», — лічыць Лузгіна.

Толькі з сярэдзіны 2020-га па 2022 год, паводле даных даследчага цэнтра «BEROС», у краіны Еўрасаюза з'ехалі жыць мінімум 180 тысяч грамадзян Беларусі. Журналісты выдання «Зеркало» паведамлялі, са спасылкай на ўцечку справаздачы намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, пра «сотні тысяч» тых, хто з'ехаў. У любым выпадку, на думку эканамісткі Анастасіі Лузгіной, колькасць эмігрантаў з Беларусі будзе расці.