Ці выпусцяць з Беларусі, калі не паведаміць пра замежны ВНЖ?
Ніякай адказнасці за непаведамленне беларускім дзяржорганам пра атрыманне замежных дакументаў пакуль не прадугледжана, аднак зрабіць гэта ў АГіМ усё ж «рэкамендуецца».
У беларускім візавым агенцтве расказалі пра выпадак, які адбыўся з іх кліентам: яго не выпусцілі за мяжу, бо ён нібыта не аформіў паведамленне пра ВНЖ у іншай дзяржаве. «Люстэрка» паспрабавала даведацца ў Дзяржпамежкамітэце, а таксама ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ), ці сапраўды без такой паперы немагчыма выехаць за мяжу.
У роліку, што з’явіўся ў TikTok візавага агенцтва tutvisa, гаворыцца, што кліент не змог выехаць з Беларусі ў краіну ЕС, бо ў яго не было паведамлення пра апавяшчэнне дзяржорганаў наконт наяўнасці віду на жыхарства ў іншай дзяржаве.
— Не прапусцілі менавіта беларускія памежнікі, — падкрэсліў прадстаўнік фірмы.
У Дзяржпамежкамітэце супрацоўнікам агенцтва паведамілі, што не займаюцца такімі пытаннямі. Аднак у адным з АГіМ расказалі: калі ў грамадзяніна Беларусі ёсць ВНЖ у іншай краіне, але няма паперы, якая пацвярджае паведамленне пра гэта дзяржорганам, то яго не прапусцяць праз мяжу — прынамсі, наземную.
Як сцвярджаюць аўтары відэа, на мяжы вызначаюць наяўнасць у чалавека ВНЖ або іншага дазволу на пражыванне за мяжой з дапамогай пашпарта:
— Яны (беларускія памежнікі. — Заўв. рэд.) адкрываюць пашпарт і, калі там няма візы, задаюць пытанне, чаму. Калі вы адказваеце, што ў вас від на жыхарства, нейкі іншы дакумент, пашпарт (іншай краіны. — Заўв. рэд.) альбо пастаяннае месца жыхарства, вы мусіце паказаць паведамленне, якое вы бераце ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі, і тады вас спакойна прапускаюць.
Такім чынам, падсумоўваюць у візавым агенцтве, калі беларус едзе за мяжу не па візе, а па ВНЖ або іншым замежным дакуменце, ён мусіць мець пры сабе паперу пра тое, што паведаміў дзяржорганам пра наяўнасць у яго такога дакумента.
«Люстэрка» вырашыла ўдакладніць у беларускіх ведамствах, ці сапраўды без паведамлення цяпер не прапусцяць праз мяжу.
У Дзяржпамежкамітэце, куды журналістка «Люстэрка» звярнулася як звычайная беларуска з ВНЖ іншай краіны, паведамілі, што ніякіх новых распараджэнняў на гэты конт ім не паступала і парадак афармлення на мяжы грамадзян з замежнымі дакументамі не змяніўся: правяраюць перш за ўсё пашпарт і «адсутнасць праблем з законам».
Там параілі звярнуцца па кансультацыю ў АГіМ, бо менавіта гэтаму ведамству трэба паведамляць пра наяўнасць ВНЖ ці замежнага грамадзянства, а яно ў сваю чаргу выдае пацвярджэнне атрымання такіх звестак. Так і было зроблена.
У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі аднаго з РУУС Мінска журналістцы «Люстэрка» паведамілі, што рашэнне пра тое, выпускаць ці не выпускаць чалавека за мяжу, прымаюць самі памежнікі, прычым яны сапраўды маюць права праверыць наяўнасць у чалавека візы ці замежнага ВНЖ.
Пра патрабаванне паказваць паведамленне пра замежныя дакументы як абавязковую ўмову выезду за мяжу ў АГіМ не чулі. У ведамстве падкрэслілі, што ў іх кампетэнцыю гэта не ўваходзіць, і там займаюцца толькі афармленнем такіх папер.
Больш за тое, у АГіМ нагадалі, што ніякай адказнасці за непаведамленне беларускім дзяржорганам пра атрыманне замежных дакументаў пакуль не прадугледжана, аднак зрабіць гэта ўсё ж «рэкамендуецца».
— Вы ж бачыце, дзесьці могуць пытаць (пра паведамленне. — Заўв. рэд.), — дадала супрацоўніца ведамства.
Нагадаем, у Беларусі 11 ліпеня набыў моц абноўлены закон «Пра грамадзянства». Ён сярод іншага абавязаў грамадзян краіны паведамляць дзяржаўным органам пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства або іншых дакументаў, якія даюць ільготы і прэферэнцыі.
У законе прадугледжаны абавязак цягам трох месяцаў паведамляць беларускай дзяржаве пра атрыманне замежных дакументаў — то-бок зрабіць гэта трэба было да 10 кастрычніка. У адваротным выпадку ў МУС прыгразілі «наступствамі» — праўда, пакуль не вырашылі, якімі менавіта. Пакуль у ведамстве не кажуць, ці будзе ўводзіцца адказнасць для «штрафнікоў» і якой яна можа быць.
13 кастрычніка на гарачай лініі Дзяржпамежкамітэта расказалі, што «памежнікі не кантралююць» праверку замежных дакументаў. Там дадалі, што пакуль не атрымлівалі ўказанняў «разварочваць» і не пускаць у краіну тых, хто пра такія дакументы не паведаміў.
Чытачы «Люстэрка» таксама расказвалі, што беларускія памежнікі звычайна правяраюць у тых, хто заязджае і выязджае, толькі пашпарт — і цікавасці да іншых дакументаў часцей за ўсё не дэманструюць.
Як заявіць пра наяўнасць замежных дакументаў:
- размясціць адпаведную інфармацыю на адзіным партале электронных паслуг інфармацыйнай сістэмы platform.gov.by; для гэтага трэба папярэдне атрымаць электронны лічбавы подпіс і стварыць асабісты кабінет на партале;
- звярнуцца ў орган унутраных спраў ці дыпламатычнай службы па месцы свайго знаходжання;
- праз сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб (обращение.бел);
- пісьмовым зваротам у орган унутраных спраў ці дыпламатычнай службы.