Пакаленне, што страціла страх, і пакаленне страху

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у калонцы на «Deutsche Welle» піша пра тое, як змяніліся характар і мэты рэпрэсій, што праводзіць цяпер рэжым у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Канец лістапада і пачатак снежня адзначыліся ў Беларусі чарговым вітком палітычных рэпрэсій. Намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч даў справаздачу 3 снежня пра больш чым 130 выпадкаў ператрусаў і 145-разовае накладанне арышту на маёмасць у рамках «справы Каардынацыйнай рады». Гэтым беларускія ўлады, аднак, не абмежаваліся. 30 лістапада ў будынку Дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці ў Баранавічах прайшло выязное судовае пасяджэнне па справе 48-гадовага Валерыя Тацына. Яго прызналі вінаватым у «абразе Аляксандра Лукашэнкі» і прысудзілі да аднаго года калоніі агульнага рэжыму.

Ператрусы, арышты маёмасці, а таксама турэмныя тэрміны за абразу Лукашэнкі сталі ў Беларусі звычайнай практыкай, піша Аляксандр Фрыдман. Маштабныя рэпрэсіі не спыняюцца ў краіне з 2020 года і маюць сістэмны характар, аўтарытарны рэжым паступова набывае рысы таталітарнага. І хоць дэмакратычны рух і грамадзянская супольнасць разгромлены і выцеснены па-за межы Беларусі, грамадска-палітычнае жыццё адрозніваецца найвышэйшым узроўнем стэрыльнасці, а сама ўладная сістэма вонкава стварае стабільнае ўражанне, Лукашэнка і яго асяроддзе не жадаюць спачываць на лаўрах і прымаюць прэвентыўныя меры, каб выключыць паўтарэнне драматычных падзей другой паловы 2020-га года. Рэпрэсіўны апарат працуе зладжана, а яго супрацоўнікі часам дэманструюць асаблівую стараннасць.


Глядзіце таксама

Маральна-этычныя катэгорыі даўно вынесены за дужкі, а адкрытая подласць і паказальная жорсткасць сталі штодзённай з'явай. Кіраўніцтвам Беларусі ўсё яшчэ рухае сляпая нянавісць да прыхільнікаў перамен ці ёй на змену прыйшоў цынічны і прадуманы прагматызм?

Нянавісць і прагматызм

Публічнае прыніжэнне апанентаў і адкрыты здзек з асобы з'яўляюцца базавымі прынцыпамі барацьбы з іншадумствам пры дыктатурах. Беларусь Лукашэнкі не выключэнне. Мясцовыя сілавікі шырока ўжываюць практыку так званых «пакаяльных відэа», запісаных пад прымусам, а паняцце «таямніца асабістага жыцця» ў прынцыпе адсутнічае: падчас ператрусаў ажыццяўляецца аператыўная фота- і відэаздымка, і такія матэрыялы ўлады затым распаўсюджваюць у сацсетках і дэманструюць па тэлебачанні.

Праціўнікі рэжыму паўстаюць альбо ў абліччы людзей багатых, альбо сілавікі спрабуюць выставіць уладальнікаў разгромленых кватэр як асоб, якія злоўжываюць алкаголем і сімпатызуюць нацысцкім ідэям. Пры нядаўніх ператрусах у кватэрах шэрагу вядомых беларусаў, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, сілавікі зноў дэманстравалі бутэлькі з-пад алкаголю або прадметы, якія могуць падкрэсліць маёмасны дастатак. Сам факт такой здымкі можна разглядаць як своеасаблівую помсту.


Глядзіце таксама

Візуальны прадукт, які з'яўляецца на свет у выніку такіх ператрусаў і арыштаў, цалкам задавальняе кіраўніцтва краіны. Акрамя банальнага пачуцця помсты і жадання нашкодзіць ворагам, якія знаходзяцца за мяжой і да якіх афіцыйны Мінск не можа дацягнуцца, улады робяць стаўку на нізкія пачуцці насельніцтва — зайздрасць і пагарду да «багацеяў» і «камерсантаў». А «неахайнасць» і «алкагалізм», якія Лукашэнка рэгулярна ганіць у сваіх выступленнях, павінны лішні раз падкрэсліць маральнае падзенне праціўнікаў рэжыму.

Што тычыцца маштабнай канфіскацыі маёмасці, то жаданне пакараць ворагаў хоць бы рублём суседнічае з банальнай прагай нажывы і ўдалай магчымасцю выкарыстоўваць уладу для прысваення ўласнасці палітычных праціўнікаў.

Моладзь павінна баяцца

Адметнай рысай беларускіх пратэстаў 2020 года стаў актыўны ўдзел у іх маладых людзей, якія спадзяваліся на перамены ў краіне. Улада разумее, што заваяваць сімпатыю моладзі ёй, хутчэй за ўсё, не ўдасца. Менавіта з гэтай прычыны стаўка робіцца на запалохванне, што павінна ператварыць пакаленне, якое страціла страх, у пакаленне страху.

Самавольства і жорсткае пакаранне за любыя (хай і самыя дробныя) правіны палітычнага характару з'яўляюцца для рэжыму Лукашэнкі інструментам стабілізацыі ўладнай вертыкалі. Любая яе крытыка, перш за ўсё ў дачыненні да самога Лукашэнкі, успрымаецца як выклік дзяржаве, які патрабуе неадкладнага і рашучага адказу. Менавіта такі адказ і быў дадзены ў выпадку Валерыя Тацына з Баранавічаў. Працэс па яго справе быў задуманы як паказальны, а карныя мэты і «выхаваўчыя» прынцыпы арганізатараў адлюстраваў спецыяльны рэпартаж дзяржтэлерадыёкампаніі «Брэст» пра гэты працэс.

У рэпартажы была паказана зала, у якой пераважна была моладзь (відавочна, навучэнцы каледжа), на вачах якой і вырашаўся лёс Тацына. У сюжэт увайшлі таксама і ўрыўкі з апошняга слова падсуднага, які заявіў пра раскаянне і папрасіў аб літасці: на яго апецы знаходзяцца маці, якая пакутуе на анкалагічнае захворванне, і 98-гадовая бабуля. Суд, аднак, міласэрнасці не праявіў: Тацына адправілі ў калонію, надзеўшы яму кайданкі проста на вачах у публікі. У фінальнай частцы рэпартажу слова было дадзена маладым людзям, якія прысутнічалі на судовым пасяджэнні. Іх задачай — як прадстаўнікоў «пакалення страху» — было пацвердзіць няўхільнасць пакарання.


Глядзіце таксама

І хваля ператрусаў, і справа Валерыя Тацына дэманструюць шматпланавы характар рэпрэсій у Беларусі. Напрыканцы 2020 года і на пачатку 2021-га рэжымам Лукашэнкі рухала жаданне захаваць уладу, пры гэтым ірацыянальная нянавісць да сваіх апанентаў і прага расправы з імі зашкальвала. Акрыяўшы ад першага шоку і дамогшыся стабілізацыі сітуацыі, афіцыйны Мінск стаў дзейнічаць больш асэнсавана, і ў рамках рэпрэсій у аснову ўсё часцей цяпер ставяцца цалкам прагматычныя мэты (прысваенне маёмасці, нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве).

Асабістая помста і нянавісць, аднак, нікуды не зніклі, а меркай эфектыўнасці, у адпаведнасці з савецкай традыцыяй, лічыцца не якасць, а колькасць. У такіх умовах сілавікам і дзяржпрапагандыстам прадастаўляецца магчымасць праявіць сябе ў барацьбе з іншадумствам, пацвердзіць сваю лаяльнасць, дамагчыся матэрыяльных выгод або прасоўвання па кар'ернай лесвіцы. Гэтыя фактары і вызначаюць дынаміку рэпрэсій, якая па-ранейшаму застаецца негатыўнай.