Фрыдман: Лукашэнка ўжо падпісаў сабе гістарычны прысуд

Толькі Лукашэнка можа ўмудрыцца амаль адначасова заяўляць пра добрае стаўленне да ЕС і поўную прыхільнасць РФ. Раней такі «маятнік» яго ратаваў, але, падобна, гэтыя часы прайшлі незваротна.

Ілюстрацыйнае фота: novayagazeta.ru

Ілюстрацыйнае фота: novayagazeta.ru

Лукашэнка паскардзіўся міністру замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэру Сіярце на тое, што «чамусьці ў Еўрасаюзе лічаць, што мы, Беларусь, з'яўляемся праціўнікамі Еўрапейскага Саюза. Ведаеце, мы людзі не злапомныя і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасць у ЕС і санкцыі, якія Еўрасаюз уводзіць супраць нас, вы павінны ведаць, што прэзідэнт Беларусі з'яўляецца заўзятым прыхільнікам захавання Еўрапейскага Саюза».

Далей — больш: Лукашэнка, які прадаставіў у 2022 годзе беларускую тэрыторыю для ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, раптам прыкінуўся міратворцам.

— Наша пазіцыя па Украіне прыкладна такая ж, як у Венгрыі. Нам гэтая вайна не патрэбная, як і вам. Мы суседзі. Гэта ў нашым доме ідзе вайна, — дадаў ён.

А вось на сустрэчы з кіраўніком МЗС РФ Лаўровым сказана супрацьлеглае: «Мы надзейныя хаўруснікі Расійскай Федэрацыі... Мы дзейнічаем як адзінае цэлае». Прамым тэкстам сказана: «І Расія, і Беларусь нямала сёння робяць для таго, каб утрымаць не толькі Еўропу, але і свет ад скочвання да самай небяспечнай мяжы».

Абедзве сустрэчы прайшлі ў Мінску 26 кастрычніка ў рамках канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармуемым свеце». Адна за другой.

У гарбачоўскую эпоху асаблівай папулярнасцю карыстаўся анекдот пра «плюралізм у адной галаве». А чым растлумачыць супярэчлівыя выказванні Лукашэнкі?


Глядзіце таксама

«BGmedia» пагаварылі пра гэта з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Я б не шукаў глыбіні думкі ў словах Лукашэнкі. Пры аналізе мы зыходзім з таго, што за яго словамі ўважліва сочаць, але ў Еўропе ўжо даўным-даўно гэтым ніхто не займаецца. Усё сказанае на адрас Сіярты гучыць прынамсі дзіўна, таму што, як вядома, у Венгрыі ва ўладзе знаходзяцца еўраскептыкі, якія назвалі Еўрасаюз дрэннай копіяй Савецкага Саюза. Жазэп Барэль нядаўна заявіў, што з такімі падыходамі Венгрыю ў ЕС ніхто не трымае.

Гаварыць з венграмі пра каштоўнасці Еўрапейскага Саюза, мякка кажучы, не па адрасе. Наогул жа Лукашэнку павінны былі далажыць, што ў часы Орбана праводзіцца палітыка на мінімізацыю прысутнасці Еўрасаюза нават на вуліцах Венгрыі. Заява, мякка кажучы, дзіўная, ды і сказана яшчэ міністру замежных спраў Венгрыі, пазіцыя якой па многіх пытаннях адрозніваецца ад пазіцыі большасці краін Еўрасаюза.

Наогул Лукашэнка і Сіярта размаўлялі на розных мовах: Сіярта спрабаваў сябе пазіцыянаваць як чалавека, які шукае шляхі заканчэння вайны, а Лукашэнка спрабаваў з ім размаўляць як з прадстаўніком Еўрасаюза, які зможа рэтрансляваць пэўныя мэсэджы ЕС. Хоць на самай справе зразумела, што заява Сіярты прадыктавана асаблівасцямі венгерскай палітыкі — і не мае нічога агульнага з прынцыпамі Еўрапейскага Саюза.

А на сустрэчы з Лаўровым ужо гучаць зусім іншыя, вядомыя наратывы: Лукашэнка поўзае і лебезіць перад Расіяй. Мяне зусім не здзіўляе, што супрацьлеглыя па сутнасці заявы зробленыя на працягу аднаго дня з розніцай у пару гадзін — гэта тыповыя паводзіны Лукашэнкі, у якіх няма логікі і ўзаемасувязі. Кожнаму суразмоўцу ён гаворыць тое, што лічыць лепшым, больш прыгожым, прыемным: вырашыў нагаварыць кучу прыемнасцей Сіярце — нагаварыў, а затым усё сказанае кампенсаваў клятвамі ў вечнай адданасці Лаўрову.


Глядзіце таксама

— Абедзве сустрэчы прайшлі ў рамках міжнароднай канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце», якая 26-27 кастрычніка праходзіць у Мінску. Суагрэсар у вайне Расіі супраць Украіны вылучае нейкія мірныя ініцыятывы. Ні логікі, ні сэнсу, ні выніку…

— Тут трэба адзначыць тры моманты.

Падзеі 2015 года так спадабаліся Лукашэнку, ён атрымаў такое задавальненне ад ролі «міратворца», што ахвотна эксплуатуе антываенную тэму і далей.

Другое: такія наратывы прадаюцца грамадзянам у Беларусі — іх трэба супакоіць, паказаць спакой і стабільнасць, і нават паўстаць перад грамадзянамі ў ролі «выратавальніка Еўропы».

А па-трэцяе, усё-ткі з пэўнымі краінамі рэжым захоўвае кантакты, таму такія мерапрыемствы праводзяцца для таго, каб падняць у тым ліку і ўласную знешнепалітычную значнасць. Такія сустрэчы не прыносяць аніякіх вынікаў, але Лукашэнку прыемна адчуваць сябе ўдзельнікам міжнароднага жыцця. Ён уяўляе сябе фігурай сусветнага маштабу, таму і выступае з падобнымі пражэктамі — авось што-небудзь ды атрымаецца. У рэшце рэшт, трэба ж імітаваць знешнюю палітыку, якой у краіны практычна няма.

— У вас не склалася ўражанне, што падобнымі «міратворчымі ініцыятывамі» Лукашэнка спрабуе заслужыць індульгенцыю за ўжо зробленыя грахі?

— Думаю, не. Ён выдатна разумее, што ўжо здзейсніў усё, што мог здзейсніць, а шлейф яго дзеянняў цягнецца следам за ім. А па-другое, ніхто не звяртае ўвагі на яго ініцыятывы. Гэтыя мерапрыемствы ігнаруюцца як вельмі дзіўныя формы, вельмі дзіўныя фарматы, якія ладзяцца толькі для таго, каб Лукашэнка адчуў сябе больш упэўненым і датычным да сусветнай палітыкі. Мне здаецца, на яго словы і дзеянні ніхто не звяртае ўвагі, таму ўсе яго міратворчыя заклікі не мелі ніякіх наступстваў. Ніхто не разглядае Мінск як патэнцыйную пляцоўку для перамоваў, а Лукашэнку не бачаць у якасці верагоднага ўдзельніка мірных перамоваў.


Глядзіце таксама

— Раз за разам у публічнай прасторы з'яўляюцца меркаванні, што «не ўсё дрэннае ў вайне звязана з Лукашэнкам». Адчуванне такое, што Лукашэнка можа выйсці сухім з вайны.

— Вынік гэтай гісторыі залежыць ад таго, чым скончыцца вайна. Калі расійска-ўкраінская вайна скончыцца замарозкай сітуацыі ці перамогай Расіі, то ў гэтым выпадку Лукашэнка, вядома, выйдзе сухім з вады. Калі вайна скончыцца паразай Расіі, тады і Лукашэнку чакаюць сур'ёзныя наступствы.

Думаю, што сур'ёзныя наступствы ў любым выпадку чакаюць Лукашэнку: раней ці пазней МУС выдасць ордэр на яго арышт. Яго чакаюць непрыемныя рэчы, аднак гэта зусім не азначае, што Лукашэнку выдадуць у Гаагу і ён панясе заслужаную адказнасць. Лукашэнка ўжо падпісаў сабе гістарычны прысуд: яго знаходжанне ва ўладзе будзе ацэньвацца па падзеях 20-га года і па ўдзеле ў вайне. А які вердыкт вынесе гісторыя — усё вельмі неадназначна. Сапраўды, Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну, але не настолькі, каб ва Украіне гінулі беларускія вайскоўцы. Іншае пытанне: а ці ёсць у тым яго заслуга? Думаю, ніякай яго заслугі ў тым няма, але ён будзе спрабаваць прадаваць свае «заслугі».

Але сітуацыя можа змяніцца ў любы момант: сёння беларускае войска не запатрабаванае на вайне, а заўтра сітуацыя можа змяніцца карэнным чынам. Хто ведае, у які бок паверне гісторыя?