Асобная думка. Паветраныя шары трыбуналаў
На першы погляд навіна гучыць нават здзекліва: «Эксперты міжнароднага Цэнтра права і дэмакратыі падрыхтавалі першы (!) падрабязны юрыдычны аналіз парушэнняў правоў чалавека... Лукашэнка... апошні час». Досыць лёгка заблытацца ў розных падобных праявах увагі да злачынстваў улад у Беларусі, якія раз-пораз робяцца то ў Літве, то ў Германіі. Ці ёсць ад гэтага нейкага карысць? Ці не дарэмна садзяць зрок юрысты ў сваіх намаганнях?
Адразу можна сказаць, што недарэмна, хаця б з той нагоды, што юрысты такога класа нічога проста так рабіць не будуць. Іх час вельмі дорага каштуе, і яны добра аб гэтым ведаюць. Вядома, што літаральна заўтра ніхто не паляціць на гелікоптарах са спецназам і ордэрамі ў кішэні, каб вызваліць палітвязняў ды ўвогуле ўвесь беларускі народ на падставе гэтага ды іншых дакладаў. Не будзе Бруса, беражы яго Божа, Уіліса ці Чака, хай яму столят, Норыса ў Гародні ці Глыбокім. Гэта вельмі важны складнік у будучай чарзе судовых працэсаў на міжнародным узроўні, якія мусяць адбыцца пры супадзенні шматлікіх «калі».
Мяркуючы па папярэдняй хадзе гісторыі, гэтыя «калі» могуць ніколі і не супасці, але цяперашні час з ягонымі непрадказальнымі выбрыкамі і лічбавымі магчымасцямі зусім не гарантуе варыянтаў пазбегнуць пакарання нават шараговым «ятольківыконваўзагад». Канечне, адзначаецца, што асноўны фокус будзе, хутчэй за ўсё, на тых, хто аддаваў загады. Але ж мы памятаем, што пасля Другой сусветнай вайны яшчэ больш за паўстагоддзя адмысловыя людзі і падраздзяленні вельмі пільна шукалі менавіта шарагоўцаў, бо загадчыкі на высокіх пасадах ужо займалі месцы на лаве падсудных у Нюрнбергу.
І знаходзілі ж. Шмат каго знаходзілі. Такія злачынствы не маюць тэрміну даўніны, калі што.
Нехта можа адмахнуцца: «Ну зараз жа няма канцлагераў, масавых расстрэлаў. Нікога не паляць у печах і гэтак далей». А вы ўпэўнены ў гэтым? Ашурак, Клімовіч, Пушкін — гэта толькі тыя, пра каго вядома, што яны забіты ў надзвычай «гуманнай» сістэме выканання пакаранняў лепшай у сусвеце краіны. Статкевіч, Бабарыка, Калеснікава, Знак... Гэты спіс тых, аб кім невядома літаральна нічога, можна працягваць доўга. Гэта таксама катаванне. Не толькі іх, але больш сваякоў, сяброў і ўсіх неабыякавых да іх лёсу людзей.
Гэта ўсё і дакументуюць юрысты, гэта радок за радком і кладзецца ў даклады, справаздачы, нататкі, якія ў свой час абавязкова будуць запатрабаваныя. Так, гэтыя людзі ў акулярах і строгіх касцюмах распавядаюць аб даўно ўсім вядомых рэчах, але ўжо на асобай юрыдычнай мове. Так, каб гэта было не чарговым жахліва-эмацыйным апавяданнем, а сухімі, абгрунтаванымі, жалезабетоннымі доказамі злачынстваў. Факты, доказы, ахвяры, абвінавачаныя.
З пункту гледжання шараговага грамадзяніна гэта падаецца нейкім такім «чарговым» ні на што не ўплываючым у бягучым моманце мерапрыемствам. Грошы выдаткаваны, праца зроблена, вязні сядзяць, каты катуюць. Нічога не мяняецца. Дакладчыкі пайшлі піць каву ці каньяк і спаць ва ўтульных нумарах гатэля. Заўтра паедуць зноўку рабіць штосьці. А што рабіць тым, хто не мае магчымасці распавесці аб сваім болі? Тым, хто менавіта зараз страчвае прытомнасць у камерах на Акрэсціна? Іх сваякам, сябрам, якія ледзьве не больш пакутуюць...
Ведаеце, больш за ўсё карнікі баяцца апублічвання. Сваіх асоб, сваіх дзеянняў, сваіх злачынстваў. Менавіта за гэта яны і змагаюцца зараз — каб ніхто нікога не пазнаў. Каб, калі што, можна было б саскочыць на тое самае «яшараговы». Яны літаральна змагаюцца за сваё далейшае бесклапотнае жыццё ў любым выніку. Не істотна дзе — у Беларусі, у рэштках Расіі ці яшчэ дзе. Менавіта таму яны хаваюцца за «Александровічамі Аляксандрамі Аляксандравічамі», за балаклавамі — хаця мінула амаль тры гады, і яны з усіх кутоў запэўніваюць усіх у сваёй перамозе. Але ж балаклавы кажуць адваротнае.
Апублічванне — зараз галоўная зброя. Ніводны кат не павінен застацца ананімам, і гэта цалкам магчыма. Неаднаразова ад выйшаўшых з Акрэсціна і з калоній я чуў, што галоўная прычына іх жорсткасці нібыта ў тым, што хтосьці пагражаў ці мог пагражаць іх дзецям і сем’ям. Такія клапатлвыя бацькі і сваякі, што ажно сляза бярэ!
Тут такая справа, што нічога не можа застацца таемным — асабліва ў наш час. Будзем рэалістамі — магчыма, шмат з іх пазбегне лавы падсудных нават у новай Беларусі, не кажучы аб міжнародным трыбунале. Там будзе каму і кім займацца. Але ж «шэрыя шарагоўцы» ўпарта не жадаюць памятаць, што ад людзей не схаваешся. Людзі памятаюць усё і, нібыта змагаючыся за будучыню сваіх дзяцей, сучасныя карнікі самі ўзнагароджваюць іх тытуламі «Сын карніка», «Дачка амапаўца», «Унук суддзі»... А калі людзі назвалі, то гэта на дзесяцігоддзі — традыцыя тут такая старажытная.
Паветраныя шары толькі звонку здаюцца нечым прыгожым і далёкім, але яны раптоўна могуць прызямліцца дзе заўгодна і стаць рэчаіснасцю ў любы момант і ў досыць нечаканым выглядзе.