"Людзі — не лічбы". Праваабаронцы-набеліяты вяртаюць страчаныя імёны
Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый з Беларусі, Расіі і Украіны выступілі з прапановай стварэння спецтрыбуналу, які дапаможа вярнуць імёны ахвярам злачынных рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.
Прадстаўнікі трох праваабарончых арганізацый — ліквідаванага ў Расіі «Мемарыяла», украінскага «Цэнтра грамадзянскіх свабод» і беларускага цэнтра «Вясна» — апынуліся на адной сцэне ўпершыню пасля ўручэння гэтым тром НКА Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
У сераду, 26 ліпеня, у Вашынгтоне на мерапрыемстве фонду Карнэгі старшыня рады праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аляксандр Чаркасаў, кіраўніца «Цэнтра грамадзянскіх свабод» Аляксандра Матвійчук і праваабаронца Канстанцін Старадубец з ПЦ «Вясна» гаварылі пераважна кожны пра сваю краіну, але ўрэшце прыходзілі да адных і тых жа высноў. Падрабязнасці — у рэпартажы «Deutsche Welle».
Расія, Украіна і Беларусь у адным загалоўку — вачыма ўкраінцаў
Ужо сам удзел у дыскусіі прадстаўнікоў трох краін, так ці інакш уцягнутых у вайну, — падзея нетрывіяльная. Як гэта ўспрымаюць ва Украіне — ахвяры агрэсіі Расіі, што падтрымліваецца Беларуссю, — пытанне, якое павінна было прагучаць у такой сітуацыі. Агучыла яго амерыканская вядучая малдаўскага паходжання Біянна Галадрыга з CNN, якая мадэравала канферэнцыю.
«Калі ўкраінцы бачаць у адным загалоўку разам Расію, Украіну і Беларусь, гэта адразу адсылае нас да савецкіх часоў і міфа пра сестрынскія нацыі, што было велізарнай хлуснёй. Толькі адна нацыя, адна мова і адна культура дамінавалі. А цяпер, калі мы ў стане вайны, а Расія і Беларусь — краіны-агрэсары, успрымаць гэтую хлусню асабліва балюча», — патлумачыла Аляксандра Матвійчук. У той жа час сама ўкраінская праваабаронца ў сувязі з атрыманнем «Нобеля» разам з калегамі з Расіі і Беларусі аддае перавагу іншай паралелі — з рухам дысідэнтаў у СССР, якія сумесна змагаліся супраць «агульнага зла».
«Гісторыя паўтараецца. Я гадамі працую разам з расійскімі і беларускімі праваабаронцамі — яшчэ да пачатку вайны ў 2014 годзе і нават больш інтэнсіўна з тых часоў. Яны заўсёды адказваюць на мае просьбы дапамогай», — падкрэсліла Матвійчук. Яна паскардзілася, што такіх людзей у Расіі, як яе знаёмыя праваабаронцы, меншасць.
Аляксандр Чаркасаў дапусціў, што многія расійцы, якія не згодныя з дзеяннямі ўладаў, проста адчуваюць сябе адзінокімі «супраць асфальтавага катка». Аднак у інтэрв'ю карэспандэнту DW пасля канферэнцыі ён перасцярог, што чым даўжэй ідзе вайна, тым больш можа стаць у РФ прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна: «Адзіная ўстойлівая лаяльнасць нараджаецца з датычнасці. Чым больш расійцаў возьмуць удзел у вайне, тым больш рэальная база падтрымкі дзеючага рэжыму, для якога вайна — галоўны сэнс».
«Ланцуг беспакаранасці» на прыкладзе Стралкова
Словы Аляксандры Матвійчук пра «дысідэнцкае» адзінства праваабаронцаў знаходзілі пацвярджэнне на вачах у публікі. Чым больш гаварылі спікеры, тым больш адыходзіла на другі план іх нацыянальная прыналежнасць, саступаючы месца іх адзінаму статусу змагароў за правы чалавека. Па-рознаму пачынаючы свае прамовы, яны раз-пораз прыходзілі да аднолькавых высноў. Адным з іх цэнтральных пасылаў стаў заклік да правасуддзя.
«Менавіта беспакаранасць зрабіла магчымымі новыя злачынствы. Галоўнае цяпер — разбурыць гэты ланцуг беспакаранасці», — заявіў Аляксандр Чаркасаў. Ён прывёў прыклад Ігара Гіркіна, вядомага пад псеўданімам Стралкоў, які быў адным з кіраўнікоў так званай «ДНР» у 2014 годзе. «Ігар Стралкоў, які пачаў вайну на ўсходзе Украіны і прызнаны адказным за збіты малайзійскі "Боінг", пачынаў свой шлях раней — у Чачні. На пачатку "нулявых" ён быў адным з кіраўнікоў расійскіх "эскадронаў смерці" — сістэмы гвалтоўных знікненняў у Чачні. Ён не быў пакараны за тыя злачынствы, і гэта дазволіла яму працягваць», — паведаміў расійскі праваабаронца.
«Асаблівая адказнасць» за «стварэнне сістэмы міжнароднага правасуддзя, якая дазволіла б судзіць за злачынствы агрэсіі», ляжыць, на думку Чаркасава, на Злучаных Штатах. У адказ на меркаванні, што гэта можа перашкодзіць перамовам з Расіяй і дасягненню міру, прадстаўнік «Мемарыяла» нечакана ўспомніў словы «вялікага сучаснага амерыканскага філосафа». «Гэта Гамер Сімпсан (персанаж камедыйнага мультсерыяла "Сімпсаны". — Заўв. рэд.), які сказаў: "Але ж спроба — гэта першы крок да правалу". Я спадзяюся, што міжнародная супольнасць не рушыць услед за вучэннем гэтага філосафа», — сказаў на заканчэнне расійскі праваабаронца, відавочна, жадаючы разрадзіць абстаноўку пры абмеркаванні цяжкай тэмы.
У сваю чаргу, Аляксандра Матвійчук расказала, што яе «Цэнтр грамадзянскіх свабод» зафіксаваў ужо больш за 45 тысяч эпізодаў ваенных злачынстваў, учыненых расійскімі вайскоўцамі: «Мы дакументуем іх дзеля правасуддзя. Каб Пуцін і ўсе расійцы, якія ўласнаручна ўчынілі гэтыя злачынствы, былі прыцягнутыя да адказнасці».
Украінская праваабаронца заклікала стварыць спецтрыбунал для суду над расійскім кіраўніцтвам: «Мы павінны зламаць кругазварот беспакаранасці. Неабходна стварыць спецтрыбунал, каб прыцягнуць да адказнасці Пуціна, Лукашэнку, а таксама першых асоб расійскага кіраўніцтва і высокапастаўленых вайскоўцаў РФ».
«Людзі — не лічбы»: вяртанне імёнаў у жывым эфіры
Праваабаронцы трох краін ва ўнісон падкрэслівалі: гісторыі ваенных злачынстваў і парушэнняў правоў чалавека — гэта не бяздушныя лічбы, а трагедыі людзей.
«Вяртанне імёнаў, асоб, людзей, якіх спрабавалі вырачы на нябыт — гэта наша асноўная праца», — адзначыў Чаркасаў. Па суседстве з ім сядзеў на сцэне Канстанцін Старадубец — у футболцы з выявай кіраўніка ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага, якога беларускія ўлады хацелі вырачы на нябыт, прысудзіўшы да 10 гадоў калоніі.
«Ужо амаль тры гады, як у Беларусі штодня працягваюцца рэпрэсіі: кожны дзень — арышты, суды, непрыстойнае абыходжанне ва ўчастках міліцыі, катаванні ў турмах. У грамадстве пануе атмасфера тэрору», — сказаў Канстанцін Старадубец, які прадстаўляў нобелеўскага лаўрэата Бяляцкага. Старадубец перакананы, што аніякіх кантактаў з Лукашэнкам не павінна быць, пакуль не будуць выкананыя тры ўмовы: «Спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў і заканчэнне падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны».
Аляксандра Матвійчук расказала гісторыю 14-гадовай Сафіі з Марыупаля. Падчас расійскай бамбардзіроўкі дзяўчынка адкопвала з-пад завалаў сваю маці. «Маленькі брацік Сафіі памёр імгненна, праз некалькі гадзін памерла і яе маці. Гэтай гісторыяй я хачу сказаць: людзі — гэта не лічбы. Мы павінны вярнуць ім іх імёны, і толькі правасуддзе здольнае зрабіць гэта».
«Давайце дапаможам Украіне перамагчы хутчэй»
Ключавым тэзісам выступоўцаў у гэты вечар стала ідэя перамогі Украіны, ад якой залежаць перспектывы ўсіх трох краін. «Будучыня Беларусі ў значнай ступені залежыць ад таго, што адбываецца ва Украіне. Мы верым, што расійскі агрэсіўны імперыялізм можна спыніць, толькі дапамагаючы Украіне перамагчы. Гэта таксама зробіць свабоднай Беларусь і паспрыяе вырашэнню мноства важных праблем, у прыватнасці, прывядзе да вызвалення Алеся Бяляцкага», — падкрэсліў Старадубец.
Чаркасаў прызнаў, што расійскія праваабаронцы «правалілі місію не дапусціць паўтарэння злачынстваў, учыненых у 20 стагоддзі таталітарнымі рэжымамі». Але цяпер галоўнае, на чым канцэнтруюцца прадстаўнік «Мемарыяла» і яго калегі, — гэта «ўсё, што звязана з вайной ва Украіне». Ён прывёў у прыклад дапамогу ўкраінцам, перамешчаным у Расію, у выездзе ў Еўропу. Дапамога насельніцтву Украіны і самой суседняй краіне — агульная мэта расійскіх праваабаронцаў, адзначыў Чаркасаў, назваўшы гэта «па-сапраўднаму патрыятычнай пазіцыяй». Ён падсумаваў: «Самае важнае для ўсіх нас — гэта дэмантаж пуцінскага рэжыму. Таму галоўная агульная мэта расійскай апазіцыі — гэта перамога Украіны. Без гэтага немагчыма рашэнне папярэдняй задачы».
«Чаму мае калегі гавораць, што поспех Украіны пракладзе шлях да дэмакратычнай будучыні Расіі і Беларусі? Таму што гэта дапаможа большасці расійцаў адрэфлексаваць іх імперыялісцкую культуру. Яны павінны пацярпець паразу і зразумець, што ў 21 стагоддзі ненармальна нападаць на суседнюю краіну і забіваць людзей, адмаўляць у іх ідэнтычнасці. Ім трэба знайсці іншую аснову для славы Расіі», — сказала Матвійчук.
Яна згадала, што пасля пачатку ўварвання РФ краіны Захаду дапамагалі Кіеву з пасылам: «Давайце дапаможам Украіне не прайграць». «Прыйшоў час змяніць гэты наратыў на: "Давайце дапаможам Украіне перамагчы хутчэй. Адрозненне — у відах зброі, калянасці санкцый і хуткасці прыняцця рашэнняў». Яна заклікала не баяцца думкі, што перамога Украіны азначае паразу РФ. «Расія прайграе, гэта непазбежна, так што лепш быць падрыхтаванымі да такой сітуацыі і дапамагчы Украіне хутчэй перамагчы», — канстатавала праваабаронца.
Матвійчук дадала, што ўсё раней сказанае было яе пазіцыяй як праваабаронцы. Як звычайны чалавек яна хацела б не толькі дакументаваць ваенныя злачынствы, а хутчэй іх спыніць. «Магчыма, дзіўна чуць гэта ад праваабаронцаў і лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру, але я выкажуся вельмі прама: нам патрэбная зброя. Каб абараніць нашу краіну, нашых людзей і наш дэмакратычны выбар», — падсумавала кіраўніца «Цэнтра грамадзянскіх свабод».