Тканіна гвалту

Тысячы палітвязняў у беларускіх турмах проста цяпер хвіліна за хвілінай аддаюць свае жыцці за тое, што пайшлі супраць зла. Іх колькасць пастаянна, няўмольна расце, таму што тысячы беларусаў па гэты бок кратаў кожны дзень хвіліна за хвілінай жывуць у чаканні таго, што яны будуць наступнымі, па каго прыйдуць...

4__4__6_logo.jpg

Мы былі белай тканінай, вытканай з наіўнасці, любові і непрыняцця гвалту. Кожны з нас, незалежна ад жыццёвага досведу і набітых гузоў, заставаўся светлым дзіцём, якое верыць у цуды. З гэтай верай мы выйшлі на вуліцы ў далёкім і туманным жніўні 2020-га. А потым час усіх нас прымусіў пасталець.

Кроплямі чарнілаў разліваліся па нашай тканіне імёны Тарайкоўскага, Шутава, Бандарэнкі... Дробныя пырскі збіцця і калецтваў пакідалі ледзь заўважныя плямы на ўсё яшчэ белай, але ўжо патрапанай краіне, якую працягнулі за валасы па асфальце. Кропля па кроплі дадаваліся ўсё новыя і новыя ахвяры. Калі ў турме забілі Вітольда Ашурка, нам усім здалося, што вакол стала цёмна. Так бывае, калі атрымліваеш нечаканы і моцны ўдар па галаве: карцінка губляецца і перад вачыма застаецца толькі страшная пустата. Але потым зрок вяртаецца — і чорны колер саступае прастору святлу.

Гэта здараецца кожны раз: спачатку губляеш сэрца, а потым яго зноў знаходзіш.

Прасторы для чысціні застаецца ўсё менш. Яны збіваюць да непазнавальнасці палітвязняў у турмах (як гэта было з Віктарам Бабарыкам — чалавекам, якога ў твар ведае ўся краіна), катуюць іх сваякоў навінамі пра смерць (што адбываецца са Святланай Ціханоўскай), яны працягваюць забіваць — катаваннямі, здзекамі і бяздзейнасцю. Так нядаўна загінуў Алесь Пушкін — палітзняволены мастак, які не адно дзесяцігоддзе адкрыта гаварыў праўду пра Лукашэнку. З ім адбылося тое, што магло адбыцца паўгода таму з Марыяй Калеснікавай, якую лекарам у рэанімацыі ўдалося выратаваць: яе давялі да крайняй ступені знясілення, да немагчымасці прымаць ежу. Дзе Марыя цяпер і што з ёй? Мы не ведаем. Мы не ведаем нічога пра тых, каго рэжым трымае ў закладніках у якасці прадметаў магчымага гандлю. Але затое ведаем, што Алеся ўжо няма.

Наша белая тканіна даўно запэцканая бруднымі рукамі карнікаў. Павольна, усё глыбей убіраючыся, распаўзаецца па ёй чорная лужына гвалту, кавалак па кавалку пажыраючы надзею і здольнасць да супраціву. Катаванні і забойствы выбіваюць глебу з-пад ног і прыбіваюць да зямлі — напэўна, гэтак жа, як калісьці цвікамі прыбівалі да дрэва іншых, таксама не здольных да гвалту ў адказ.

3__4__9_logo.jpg

Распятаму на крыжы — яшчэ жывому, але пакутніку, — бессэнсоўна прасіць дапамогі: ад яго ўжо адмахнуліся, яго ўжо ў думках забілі тыя, хто мог выратаваць. Беларусы маўчаць: мы прадастаўлены самі сабе, адзін на адзін са злом, якога становіцца ўсё больш. Са злом, якое так не хоча знікаць, што прымае ў сябе чужое зло.

І вось ужо тысячы адпетых галаварэзаў, якія ўзвялі ў ранг боства кувалду, што разбівае галовы на камеру, перадаюць свой бясцэнны досвед зверстваў тым, іншым, якія ў жніўні 2020 года фарбавалі крывёю соцень людзей сцены Акрэсціна. Тут ладзяць лагеры, і чорныя плямы зла расплываюцца па карце ў тых месцах, дзе нагамі бязлітасных забойцаў ужо вытаптана трава і ўскапана зямля — якая яшчэ зусім нядаўна цярпела тое самае падчас адной з самых страшных войнаў у сваёй гісторыі. 

Мы запэцканыя гэтым злом, нас прасцей выкінуць, чым спрабаваць выратаваць — і гэта менавіта тое, што цяпер і адбываецца: нас выкідваюць з поля зроку, мы ўжо сталі нябачнымі, і ў сусветных навінах засталіся толькі Лукашэнка, «Вагнер» і Пуцін, а зямля, пра якую ідзе гаворка, тэрыторыя, на якой усё адбываецца, як быццам пустая. Быццам усіх ужо забілі — і тады пра што, пра каго цяпер гаварыць? Няма чалавека — няма справы.

Глядзіце таксама

Тысячы палітвязняў у беларускіх турмах проста цяпер хвіліна за хвілінай аддаюць свае жыцці за тое, што пайшлі супраць зла. Іх колькасць пастаянна, няўмольна расце, таму што тысячы беларусаў па гэты бок кратаў кожны дзень хвіліна за хвілінай жывуць у чаканні таго, што яны будуць наступнымі, па каго прыйдуць тыя, хто пераймае «перадавы досвед» у расійскіх баевікоў. 

І калі ўсе мы — тканіна, якая безнадзейна сапсаваная, тады ў нас няма будучыні, а хвіліны, якія мы аддаём — апошняе, што можна забраць. Свет прыдумаў столькі сродкаў, каб ратаваць і пазбаўляцца ад плям гвалту на сваёй палітычнай мапе! Але адну пляму заўважаць упарта не хоча — тым самым здзяйсняючы фатальную памылку. Таму што гвалт мае ўласцівасць пашыраць свае межы і запаўняць усю наяўную прастору. А значыць рана ці позна, дазволены ў нас, ён пойдзе далей.