521-шы дзень вайны. Акупанты працягваюць атакаваць мірнае насельніцтва Украіны
Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць наступальныя дзеянні расійскіх захопнікаў на ўсходзе і прасоўвацца на паўднёвым кірунку. Як гаворыцца ў зводцы Генеральнага штаба УСУ, на працягу сутак адбылося 27 баявых сутыкненняў.
У прыватнасці, на Ліманскім кірунку
вораг вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Серабранскага лясніцтва і
Белагораўкі Луганскай вобласці. Акупанты нанеслі авіяцыйны ўдар і шматлікія
артылерыйскія ўдары, адзначааюць у Генштабе УСУ.
Акрамя таго, на Бахмуцкім напрамку ад расійскіх артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі больш за 15 населеных пунктаў.
Таксама, на Аўдзееўскім кірунку вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Аўдзееўкі. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш за 10 населеных пунктаў.
Разам з тым, на Мар'інскім кірунку сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць наступ расійцаў у раёне горада Мар'інка. Праціўнік здзейсніў абстрэлы больш 10 населеных пунктаў.
На Шахцёрскім кірунку вораг здзейсніў абстрэлы населеных пунктаў Атраднае, Благадатнае, Макараўка, Зялёнае поле і Новадараўка Данецкай вобласці.
У той жа час на Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання ўкраінскіх войскаў. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш за 25 населеных пунктаў.
«Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, наносяць агнявое паражэнне артылерыяй па выяўленых цэлях праціўніка, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы», — гаворыцца ў зводцы.
Украінскія вайскоўцы працягваюць
контрнаступныя дзеянні на паўночным і паўднёвым флангах Бахмута, ёсць поспехі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы
амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі акцэнтуюць, што поспехі ўкраінцаў пад Бахмутам пацвярджаюць і ўкраінскія, і расійскія крыніцы.
«Расійскія войскі 28 ліпеня вялі наступальныя дзеянні на лініі Сватава — Крэменная, паблізу Бахмута і ў раёне мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, на асобных участках прасунуліся наперад. Украінскія войскі 28 ліпеня прадаўжалі контрнаступныя дзеянні прынамсі на трох участках фронту і, як паведамляецца, прасунуліся ўздоўж лініі Сватава — Крэменная, паблізу Бахмута і ўздоўж мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей», — адзначаюць у ISW.
Расійскія крыніцы заяўляюць аб прасоўванні ўкраінскіх войскаў паблізу Курдзюмаўкі і Андрэеўкі. Паводле інфармацыі ўкраінскага Генштаба, там працягваюцца баі.
«Украінская крыніца сцвярджала 28 ліпеня, што ўкраінскія сілы прасунуліся ў кірунку Бахмута на больш чым 1200 метраў. Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр 27 ліпеня паведаміла, што ўкраінскія войскі працягваюць наступ на поўдзень ад Бахмута, а Генштаб Украіны 28 ліпеня паведаміў, што працягваюцца баі на поўнач ад Бахмута і на поўдзень ад Бахмута паблізу Кляшчэеўкі, Курдзюмаўкі і Андрэеўкі (усе за 5-11 км на поўдзень ад Бахмута). Камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што ўкраінскія войскі засяроджваюцца на контрбатарэйным агні па значных навалах расійскай артылерыі паблізу Кляшчэеўкі, Курдзюмаўкі і Андрэеўкі. ...Расійскія войскі прадаўжалі контратакі, каб спыніць украінскія наступальныя аперацыі паблізу Бахмута», — пішуць аналітыкі.
За мінулыя суткі расійцы нанеслі шматлікія ўдары па
дэакупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці. Акупанты білі, у прыватнасці, па партовай інфраструктуры.
Як паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін, за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 29 абстрэлаў, выпусціўшы 126 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, танкаў, авіяцыі і БПЛА.
«Па горадзе Херсон вораг выпусціў 11 снарадаў. Расійскія вайскоўцы трапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, тэрыторыю збожжавага тэрмінала Берыслаўскага раёна. Праз расійскую агрэсію чатыры чалавекі атрымалі раненні», — адзначыў ён.
У Дняпры пасля расійскага ўдару «Іскандэрамі» завершаны аварыйна-пошукавыя работы. Як
паведамілі ў Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі, маштабы
разбурэнняў аказаліся больш вялікімі,
чым паведамлялася раней.
«Акрамя атакаваных адмінбудынкаў і шматпавярхоўкі ёсць яшчэ пашкоджанні. Гэта чатыры жылыя дамы вакол. Адзін гмах, іншыя — двухпавярховыя. Зачапіла і тры адміністрацыйныя збудаванні, і сем аўтамабіляў», — адзначыў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.
Паводле яго слоў, пасля трох ночы «надзвычайнікі» завяршылі пошукава-выратавальныя працы — да справы пераступілі камунальнікі.
«У Дняпры ж колькасць пацярпелых не змянілася. Дзевяць чалавек, сярод якіх двое дзяцей», — дадаў ён.
Кіраўнік Днепрапятроўскага абласнога савета Мікалай Лукашук адзначыў, што цяжкіх пацярпелых няма. «У выніку траплення па Дняпры траўмаваныя дзевяць чалавек, з іх двое — дзеці. Ва ўсіх не цяжкія раненні. У сувязі з тым, што ў комплексе не пражывалі людзі, абышлося без загінулых», — адзначыў ён.
Лукашук таксама ўдакладніў, што ў выніку ўдару па жылым комплексе зафіксаваныя шматлікія разбурэнні, але найбольшую шкоду расійцы нанеслі аднаму дому. «Увесь жылы комплекс мае пашкоджанні, адзін з дамоў комплекса разбураны з 9 па 13 паверх», — дадаў ён.
Расійскія акупанты нанеслі чарговы ўдар па Дняпры вечарам у пятніцу, 28 ліпеня. Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, акупанты ўжылі дзве балістычныя ракеты «Іскандэр-М».
Як паведамлялі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і мэр горада Барыс Філатаў, вораг у трэці раз атакаваў будынак Службы бяспекі Украіны — ён пуставаў на момант удару.
Акрамя гэтага, расійцы трапілі ў жылы комплекс. Дамы яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю — гэта дапамагло пазбегнуць значнай колькасці ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва.
Позна ўвечары ў пятніцу паведамлялася, што ў выніку
атакі пацярпелі дзевяць чалавек, сярод іх двое падлеткаў, большасць пацярпелых —
будаўнікі, якія працавалі на аб'екце.