Квіток да Гаагі — няўдзячнасць за «гуманізм». Балючае пытанне для дыктатара

Колькі б прапаганда паказальна ні высмейвала судовыя справы (рэальныя і патэнцыйныя) за ваенныя злачынствы, не-не дый прарвецца ў словах правадыра боль і крыўда за тое, што не ацанілі найлепшых памкненняў. І перспектыва, насамрэч, далёка не вясёлкавая.

Міжнародны трыбунал — балючая для Лукашэнкі тэма. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Міжнародны трыбунал — балючая для Лукашэнкі тэма. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У каго што баліць, той пра тое і кажа. Аляксандр Лукашэнка на саміце СНД у Бішкеку 13 кастрычніка палохаў суразмоўцаў падкопамі Захаду і асабліва настроіўся на міжнародныя суды. А таксама заклікаў партнёраў пазбегнуць далучэння да «ідэолагаў і праваднікоў санкцыйнага ціску».

Але пад санкцыямі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны аказаліся толькі Расія і Беларусь. У іншых краін СНД няма рацыі гуртавацца на глебе канфрантацыі з Захадам, як бы ні запэўніваў Лукашэнка, што «інакш нас парвуць на часткі». Гэтымі метафарамі ён адлюстроўвае перш за ўсё ўласнае светаадчуванне і стан сваёй знешняй палітыкі, піша Аляксандр Класкоўскі для «Позірка». Ніхто акрамя Мінска і Масквы так моцна з Захадам не рассабачыўся і сабачыцца не хоча.

Настальгія па СССР: «Нас баяліся ўсе»

Характэрна для ладу думак кіраўніка Беларусі і іншае выказванне, якое прагучала на саміце: «Згадайце, калі мы былі ў Савецкім Саюзе, нас баяліся ўсе. Баяліся і паважалі». Таму Лукашэнка з такой ахвотай размясціў у сябе расійскую ядзерную зброю: хай баяцца!

Але пра развал СССР настальгуюць толькі кіраўнікі Беларусі і Расіі. А ў іншых постсавецкіх краінах, наадварот, вельмі насцярожана назіраюць за спробамі Крамля ўзяць пад свой кантроль страчаныя пры распадзе Савецкага Саюза тэрыторыі. Так што ўся гэтая настальгічная рыторыка — міма касы.

«А калі б мы разам Садружнасцю плячом да пляча паставілі заслон гэтым страшылкам заходнім, нашы агульныя вынікі былі б значна вышэй. <...> А цяпер разам з Кітаем, Іранам, Бразіліяй ды і глабальным Поўднем — якія заходнія санкцыі?» — марыць Лукашэнка.

Але гэтая тэма баліць перш за ўсё яму і Уладзіміру Пуціну. Так, падобна, праз некаторыя краіны СНД у Беларусь і Расію ідзе шэры імпарт, які дапамагае змякчыць наступствы заходніх абмежавальных мер. Аднак асабліва рызыкаваць у гэтых краінах не хочуць: баяцца нарвацца на другасныя санкцыі. Невыпадкова Лукашэнка, выступаючы ў Бішкеку, пералічыў шэраг кірункаў супрацоўніцтва, якія, на яго думку, можна актыўна развіваць «без асцярогі трапіць пад другасныя санкцыі Захаду».

Глядзіце таксама

Ордэр у Гаагу — балючая тэма

Пры гэтым Лукашэнка напэўна парадаваў Паўла Латушку і іншых беларускіх апазіцыянераў, якія дамагаюцца, каб Міжнародны крымінальны суд (МУС) выпісаў ордэр на арышт кіраўніка Беларусі. У Бішкеку той міжволі паказаў, што гэта для яго балючая тэма.

Наколькі можна зразумець з пераказу Лукашэнкі, пры абмеркаванні праекта заявы аб міждзяржаўных адносінах у шматпалярным свеце не ўсе пагадзіліся з абзацам, «у якім прапаноўвалася выказаць заклапочанасць з нагоды палітызацыі дзейнасці міжнародных судоў».

«Нават такая мяккая фармулёўка была падтрыманая не ўсімі», — прызнаўся Лукашэнка. І далей стаў вяшчаць ужо адкрытым тэкстам пра сваё, пра хворае: «Навошта нам гэтыя міжнародныя суды? <...> Мабыць, кагосьці гэта проста пакуль не кранула. Калі-небудзь захочаце і вы дапамагчы дзецям, падарыць ім трохі дзяцінства, выратаваць ад бамбёжак і выбухаў, а вас за гэта абвесцяць у міжнародны вышук».

Гаворка, як лёгка здагадацца, пра вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. За гэта Пуцін ужо атрымаў ордэр МУС, над Лукашэнкам згусціліся хмары. Дарэчы, цікава, хто ўпісаў гэты спрэчны абзац у праект дакумента саміту. Ёсць вялікае падазрэнне, што не абышлося без рукі Масквы і Мінска. Як бачым, яны хочуць уцягнуць астатніх у свае разборкі з Захадам, дэмакратычнай сусветнай супольнасцю. Але сустрэчнага энтузіязму не назіраецца.

Пра тое, як Пуцін і Лукашэнка, гэтыя два вялікія гуманісты, ратуюць дзетак ад бамбёжак і выбухаў, — гучыць, вядома, жаласна. Толькі вось усе ведаюць, хто напаў на Украіну, пускае ракеты на яе мірныя аб'екты, забівае жыхароў. І адкуль расійскія войскі пайшлі на Кіеў 24 лютага 2022 года.

Глядзіце таксама

Беларускі кіраўнік мацней за ўсіх прывязаў сябе да імперыі

У Бішкеку кіраўнікі Расіі і Беларусі малявалі светлыя перспектывы Садружнасці, ставілі задачу пашырыць яе ўплыў. Пры гэтым дэ-факта Лукашэнка быў вымушаны прызнаць карціну паўраспаду СНД: «Спачатку выйшла з нашага аб'яднання Грузія, дэ-факта з намі няма Украіны. Вялікія пытанні па Малдове. Не заўсёды па-партнёрску паводзіць сябе, на жаль, Арменія».

Так, армянскі прэм'ер Нікол Пашынян у Бішкек не паляцеў. І ў Ерэване лічаць, што гэта якраз-такі Масква і Мінск паводзяць сябе не па-партнёрску ў сітуацыі, калі Азербайджан захапіў Карабах і армян, якія жылі там, спасцігла гуманітарная катастрофа.

Лукашэнка не раз палымяна заклікаў да большай эфектыўнасці АДКБ, але гэтая арганізацыя аказалася недзеяздольнай у кантэксце Карабахскай трагедыі. А ўжо пра СНД у гэтым кантэксце і гаварыць няма чаго — гэтая структура яшчэ больш аморфная.

На словах Мінск дэманструе роўнааддаленасць ад бакоў карабахскага канфлікту, на справе нашмат шчыльней супрацоўнічае з Баку, чым з Ерэванам. Лукашэнка і Ільхам Аліеў не хаваюць свайго сяброўства, у Бішкеку іх можна было бачыць побач. А вось з Пашынянам, якога вылучыла ў дзяржаўныя лідары вуліца, у беларускага правадыра адносіны не заладзіліся з самага пачатку. Як і ў Крамля. Цяпер, зняверыўшыся ў Расіі, у АДКБ, Арменія патроху разгортваецца на захад.

Глядзіце таксама

Але справа не толькі і нават не столькі ў міжасобасных адносінах. Дэ-факта Масква слабее, губляе ўплыў на Паўднёвым Каўказе і на ўсёй постсавецкай прасторы. Азербайджан даўно вядзе самастойную палітыку, абапіраючыся на заступніцтва Турцыі. Умела развівае шматвектарнасць Казахстан: у яго і з Захадам канструктыўныя адносіны, і моцны кітайскі «парасон» у наяўнасці. Наогул у Цэнтральнай Азіі ўсё больш упэўнена адчувае сябе Пекін.

Так, кіраўнікі краін СНД час ад часу з'язджаюцца на такія вось саміты, прымаюць дакументы, у асноўным дэкларатыўныя, але кожны з гэтых постсавецкіх лідараў сабе на розуме.

Сабе на розуме нават Лукашэнка (якога раптам пахваліла ўкраінская выведка). Проста ён мацней за ўсіх прывязаў сябе да павольна паміраючай імперыі.