Аляксандр Класкоўскі: Чым цяжэй Украіне, тым больш выгадна беларускаму рэжыму
Тэму «абы не было вайны» беларускія ўлады цяпер, на фоне араба-ізраільскай вайны, будуць разганяць з новай сілай, разважае палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
![_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg _belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларуская прапаганда, закранаючы тэму вайны ў Ізраілі, называе бенефіцыярам Вашынгтон. Насамрэч, гэты канфлікт на руку беларускім уладам. У прыватнасці, з'явілася новая нагода піярыць сваю краіну як астравок міру на звар'яцелай планеце. І выстаўляць правадыра рэжыму мудрым захавальнікам стабільнасці, спакою суграмадзян, міратворцам глабальнага маштабу.
Гэтыя наратывы на фоне таго, што робіцца цяпер у Ізраілі, напэўна будуць разганяцца перад «выбарамі» 2024 года.
Лукашэнка разважае пра сувязі з Сібір'ю і віншуе Уганду
Між тым Аляксандр Лукашэнка наконт вайны ў Ізраілі пакуль працягвае захоўваць маўчанне. Хоць публічныя падставы выказацца былі. 10 кастрычніка, прымаючы губернатара Новасібірскай вобласці, Лукашэнка патэтычна адзначыў, што «Сібір для беларусаў — асаблівы рэгіён, дзе яшчэ з часоў Кацярыны ІІ і царскіх рэформаў Сталыпіна жыве вельмі шмат нашых землякоў, якія сваім розумам і сэрцам прыкіпелі да гэтай зямлі...»
Пра зямлю Ізраіля можна сказаць тое ж: цэлы шэраг выхадцаў з Беларусі стаялі ля вытокаў ізраільскай дзяржавы, адыгрывалі ключавыя ролі ў яе палітыцы, шмат там людзей з беларускімі каранямі і цяпер. Але — маўчанне. Быццам і няма там у гэтыя дні крывавага кашмару. Пры гэтым Лукашэнка не забыўся павіншаваць прэзідэнта Уганды з тамтэйшым Днём незалежнасці.
Чаму кіраўнік Беларусі трымае паўзу ў дачыненні да гарачай тэмы? Ды таму, што няпроста сфармуляваць спіч так, каб праслізнуць паміж кропелькамі.
У аўтакрата-антызаходніка, які знішчае апазіцыю, які мае цесныя сувязі з шэрагам арабскіх рэжымаў, Іранам, не паварочваецца язык выказацца ў падтрымку Ізраіля так, як гэта зрабілі Джо Байдэн, Уладзімір Зяленскі, Святлана Ціханоўская.
Публічна ўпісацца за ХАМАС? Таксама варыянт так сабе. Зашкварна нават па мерках цяперашняга рэжыму. Псаваць прагматычныя стасункі з Ізраілем Мінску нявыгадна.
Хутчэй за ўсё, будзе абраная дэманстрацыя нейтральнасці, калі бакі канфлікту дэ-факта ставяцца на адну дошку і гучыць абстрактны заклік: заканчвайце кровапраліцце, шукайце развязкі канфлікту за сталом перамоваў.
Хоць Лукашэнка здольны і на імпульсіўныя экспромты, калі выскоквае тое, пра што з пункту гледжання ўласных палітычных інтарэсаў лепш бы прамаўчаць.
Глядзіце таксама
![Чаму маўчыць Лукашэнка? «Маўчы — за разумнага сыдзеш»: Чаму няма рэакцыі Лукашэнкі?](/img/v1/images/ne_boltaj_1.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Прапаганда прыглушана злараднічае, вешае сабак на ЗША
Тым часам падаў голас Уладзімір Пуцін. Ён заявіў 10 кастрычніка, што «рэзкае абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе» — гэта «яскравы прыклад правалу палітыкі Злучаных Штатаў» у рэгіёне.
Беларуская прапаганда ўслед за Масквой таксама выкарыстоўвае гэты наратыў: маўляў, Вашынгтон капітальна лажануўся. Паралельна прапагандысты ў Маскве і Мінску паўтараюць, што Штатам выгадна раздзімаць канфлікты па ўсім свеце, у тым ліку на Блізкім Усходзе, што яны спецыяльна сутыкаюць ілбамі арабаў і яўрэяў. Карацей, логікі не шукайце. Абы закляйміць у чарговы раз «англасаксаў».
У цэлым, аднак, беларускія дзяржаўныя СМІ пасля таго, як вызначылася «Мінская праўда» з панегірыкам ХАМАСу, імкнуцца пра вайну ў Ізраілі наогул не заўважаць. Скандальная публікацыя з сайта знікла, занадта заўзятым прапагандыстам, верагодна, параілі наперад бацькі ў пекла не лезці.
Але ўсё роўна прарываюцца некалькі характэрных матываў. Гэта злараднасць з нагоды таго, што Ізраіль апынуўся не цалкам гатовым да тэрарыстычнай атакі, «Масад праваліўся» і г. д. БелТА піярыць выказванні расійскага вайсковага эксперта Ігара Каротчанкі, які адзначае, што ХАМАС удала выкарыстоўвае ў вайне супраць Ізраіля «новыя фарматы баявых дзеянняў». Тыпу таго, што спрытна скінулі выбуховае прыстасаванне з квадракоптэра на ізраільскі танк. Пры гэтым — ні слова пра тое, як баевікі расстрэльвалі мірнае насельніцтва, бралі закладнікаў.
Яшчэ адзін матыў — што Украіне цяпер стане яшчэ горш. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч прагназуе, што аб'ём грашовай і вайсковай дапамогі Кіеву значна скароціцца, але пры гэтым Вашынгтону нявыгадна, маўляў, згортваць вайну супраць Расіі. Так што калі «трэба будзе – іх [украінцаў] без зброі, з рыдлёўкамі і віламі адправяць гінуць».
Ну, і зусім ужо смешна выглядае, калі аўтар галоўнага рупара беларускіх уладаў — sb.by крытычна разбірае выказванні польскага прэзідэнта на тэму вайны ў Ізраілі, адзначаючы, што «Дуда асцярожнічае». Гэта на фоне таго, што родны правадыр і зусім як вады ў рот набраў!
Глядзіце таксама
![Эксперт: У Лукашэнкі ёсць страх расійскага паглынання, які ідзе па ўсіх франтах Эксперт: Лукашэнка шукае акно магчымасцей, каб саскочыць з расійскай іголкі](/img/v1/images/_001229_.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Агрэсар лезе ў міратворцы
Лішні раз штурхнуць Варшаву і «англасаксаў» — гэта для прапаганды Пуціна і Лукашэнкі, вядома, святое. На самай справе няцяжка зрабіць выснову, што разам з Іранам пагрэць рукі на вайне ў Ізраілі хоча менавіта Масква. Проста ў Тэгеране радуюцца непрыкрыта («Мы цалуем рукі тым, хто планаваў напад на сіянісцкі рэжым», — заявіў тамтэйшы духоўны лідар), а Крэмль вядзе больш хітрую гульню.
Сёння вось прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Масква захоўвае кантакты з абодвума бакамі палесціна-ізраільскага канфлікту і «мае патэнцыял удзелу ў працэсах урэгулявання». Бачыце, якая зручная нагода дзяржаве-агрэсару прымерыць міратворчую тогу. Можна меркаваць, што і беларускае начальства ўхопіцца за гэтую магчымасць зноў уключыць матыў, які ён міралюбны і як несправядліва Мінск запісаны ў суагрэсары.
Як бачым, каментатары ў пракрамлёўскіх і беларускіх дзяржаўных СМІ смакуюць верагоднасць таго, што «калектыўны Захад» аслабіць увагу да Украіны, скароціць яе падтрымку, паколькі трэба разбірацца з новай вайной. Лукашэнка і раней не раз раіў Зяленскаму замірацца з Крамлём на ягоных умовах. Цяпер, трэба думаць, гэты заклік загучыць яшчэ мацней.
Глядзіце таксама
![СМІ Ізраіля адрэагавалі на падтрымку ХАМАС беларускай прапагандай «Маскі зняты». У Ізраілі адрэагавалі на падтрымку ХАМАС беларускай прапагандай](/img/v1/images/dbc46e6f82c449bbb24b266ee7be95d0.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагода паставіць кружэлку пра «астравок міру і стабільнасці»
Наогул, чым цяжэй давядзецца Украіне ў вайне супраць Масквы, тым лепш для беларускіх уладаў. Бо Лукашэнка паставіў усё на саюзніцтва з Крамлём, гэта галоўная апора рэжыму.
Таксама з'яўляюцца новыя падставы для піяру, разлічанага на беларусаў. Вось бачыце, маўляў, якое вар'яцтва дзеецца ў свеце. Не толькі ва Украіне палыхнула, але і ў Карабаху, і ў Ізраілі. І толькі ў нас астравок міру дзякуючы самі ведаеце каму.
Самы час зноў ставіць гэтую старую пласцінку. Бо хутка ўжо — пачатак «электаральнай кампаніі», закліканай імітаваць выбары ў мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў. А там, глядзіш, і прэзідэнцкія выбары 2025 года.
Так, апаненты рэжыму ўпэўненыя, што той будзе запалохваць і фальсіфікаваць. Але і дыктатарам рэальныя настроі мас неабыякавыя. Так што тэму «абы не было вайны» будуць разганяць з новай сілай, ківаючы цяпер яшчэ і на Блізкі Усход.