Эксперт: Лукашэнка шукае акно магчымасцей, каб саскочыць з расійскай іголкі

На сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Андрэем Траўнікавым Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся пра імпартазамяшчэнне. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук лічыць, што «імпартазамяшчэнне» стала новым спосабам атрымання фінансавай падтрымкі ад Расіі.

_001229_.png

— Я заўсёды, усе свае гады, колькі працую, Расію заклікаў да таго, што нам трэба сваё, сваё, сваё. Не трэба ад нафты і газу долары пераводзіць у нейкую, прабачце мяне, жратву або гайкі і балты. Мы самі гэта ўмелі рабіць, — сказаў ён.

У эфіры «Звычайнага ранку» старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук распавёў, якую мэту ў гэтым пераследуе Лукашэнка.

— Апошняе фінансаванне ад Расіі атрымлівалася пад маркай імпартазамяшчэння, — адзначае эканаміст. — Ва ўмовах санкцый трэба мець вытворчасць, якая будзе замяшчаць, — гэта эўфемізм, які ёсць у нас, і ў Расіі. Адпаведна, каб далей працягваць гэтую лінію, трэба паказаць, данесці, што беларускія вытворчасці ў рамках гэтай ідэалогіі працуюць не толькі на сябе, але і вельмі актыўна вырашаюць праблемы і ў расійскай эканоміцы. Гэта такая цалкам выразная прагматычная мэта, каб зачапіцца за крыніцу фінансавання.

Думаю, што яшчэ тут ёсць страх расійскага паглынання, які ідзе па ўсіх франтах. У дадзеным выпадку гэта фонавы бэкграўнд. Пошук акна магчымасцей для таго, каб саскочыць з расійскай іголкі так, каб захаваць фінансавае падсілкаванне, але знізіць палітычную залежнасць — гэта задача максімум, да якой цяперашнім уладам хочацца імкнуцца.

Іншае пытанне, што магчымасцей такіх няма. Яны сябе скавалі па ўсіх напрамках.

Таксама вядучыя пацікавіліся ў эканаміста, як ударыць па эканоміцы закрэдытаванасць насельніцтва Беларусі. Паводле Нацбанка, беларусы набралі крэдытаў на 18 млрд 986 рублёў — гэта рэкорд.

— Інфляцыйная пагроза — адна з самых галоўных у эканамічнай плоскасці, — лічыць эксперт. — Мы з калегамі ўжо некалькі месяцаў гаворым пра тое, што перадумовы для скачка інфляцыі пакуль, можа, на блізкім гарызонце не такія драматычныя, але на гарызонце да года ёсць істотная верагоднасць, што інфляцыя можа выйсці як мінімум на двухзначны дыяпазон. Гэта ключавое наступства.

Часта прыводжу аналогіі 2010-га. Тады таксама было шмат заяў пра тое, што мы забяспечылі небывалы рост дабрабыту, а потым праз некалькі месяцаў пачаўся выбухны валютны крызіс, абясцэньванне рубля. Цяпер, хутчэй, не абясцэньванне рубля, а інфляцыйны ціск.

Паводле «Салідарнасці»