«Дзяржаўныя візіты»: хто, дзе, і на што працуе
На гэтым тыдні ў Беларусі здарыўся прарыў у міжнародных адносінах. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі, які нават сваю інаўгурацыю правёў таемна, наведаў адзін сусветны цэнтр сілы — Кітай. А прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская наведала другі — ЗША. Параўнаем?
Візіт Лукашэнкі ў Кітай быў даволі нечаканым. Беларускі кіраўнік сарваўся туды з кліматычнага саміту ў Дубаі, і вярнуўся туды ж — у ААЭ. Цяпер аналітыкі спрачаюцца, ці быў візіт «спантанным», бо насамрэч дзяржаўныя візіты грунтоўна рыхтуюцца. З іншага боку — візіт не анансаваўся. Узнікла ўражанне, што Лукашэнку проста выклікалі ў Кітай тады, калі ў Сі Цзіньпіна зачасалася левая пята ўбачыць Лукашэнку. Пры гэтым пята зачасалася ў максімальна нязручны для Лукашэнкі час: ён быў вымушаны перапыніць адзін дзяржаўны візіт і замяніць яго на другі.
Што абмяркоўваў Лукашэнка ў Кітаі? Калі ўважліва прачытаць паведамленні пра гэты візіт і адкінуць слоўнае шалупінне пра тое, як Сі Цзіньпін успамінаў пра сваё наведванне Мінска ды пра тое, што «кітайскі бок гатовы разам з беларускімі партнёрамі ўмацоўваць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў імя стварэння супольнасці адзінага лёсу чалавецтва», то мы пра перамовы і іх вынікі не ведаем практычна нічога.
Мы ведаем, што Сі Цзіньпін і Лукашэнка абмеркавалі вайну ва Украіне і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Мы даведаліся, што па выніках папярэдняга візіту Лукашэнкі ў Кітай было арганізавана больш за 120 узаемных паездак чыноўнікаў. Гэта Лукашэнка назваў «лёсавызначальным». Так, не здзіўляйцеся, вандроўкі чыноўнікаў — гэта «лёсавызначальнае».
Дык які ж вынік? Па словах эканамісткі, старшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Анастасіі Лузгінай, у плане знешняга гандлю Кітай цяпер з'яўляецца для Беларусі другой краінай па ўзроўні тавараабароту, пры гэтым за студзень-жнівень 2023 года тавараабарот з Кітаем склаў 5,8 млрд долараў, гэта значыць каля 12-13%.
5,8 млрд долараў і блізу 12-13% — прыкладна столькі ж у 2021 годзе, да расійскага ўварвання, склаў тавараабарот Беларусі і Украіны! А цяпер параўнайце 40-мільённую Украіну і больш чым мільярдны па насельніцтве Кітай. Супастаўце памеры іх эканомік. І гэта — «лёсавызначальнае дасягненне»? Гэта, хутчэй, цягне на маштабны правал!
Таму большасць экспертаў лічаць, што візіт Лукашэнкі ў Паднябесную насіў «палітычны» характар. У сэнсе, што Лукашэнка шукаў сабе нейкі «парасон» на выпадак паражэння Расіі ў вайне, а Пекін выстаўляў яму патрабаванні забяспечыць транзіт кітайскіх тавараў у ЕС. Што немагчыма зрабіць без паляпшэння стасункаў Беларусі з гэтым самым ЕС. А паляпшэнне стасункаў з ЕС — гэта, якраз, палітычнае пытанне.
І Лукашэнка вымушаны цяпер думаць, як усесціся паміж інтарэсамі Кітая (паляпшэнне стасункаў з ЕС) і інтарэсамі Расіі, якая гэтага паляпшэння з «гейропай» дапускаць не жадае. Дый сам Лукашэнка разумее, што проста размаўляць пра паляпшэнне стасункаў з ЕС можна толькі пасля вызвалення палітвязняў. А да такой ступені яго яшчэ не прыціснула.
Ну і яшчэ Лукашэнка наведаў Пекінскі ўніверсітэт, дзе стажыраваўся Коля, і сустрэўся з выкладчыкамі.
Святлана Ціханоўская пяць дзён на тыдні сустракалася са знакавымі асобамі ў ЗША. У яе была сустрэча з намеснікам дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыяй Нуланд, яна выступіла ў Падкамітэце па Еўропе Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША і перад студэнтамі ў Ельскім універсітэце разам са знакамітым гісторыкам Цімаці Снайдэрам.
Ціханоўская, адрозна ад Лукашэнкі, сустракалася са студэнтамі, а не з выкладчыкамі.
А па вялікім рахунку яе візіт быў пачаткам таго, што называюць стратэгічным дыялогам «Беларусь – ЗША». «Мы чакаем, што ў выніку з'явіцца выразная стратэгія і дарожная карта, а таксама канкрэтныя праекты, якія дапамогуць вярнуць Беларусь да дэмакратыі, вызваліць палітвязняў, захаваць незалежнасць Беларусі. Мы чакаем ад ЗША яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз Пуціну, што Беларусь зможа разлічваць на падтрымку аднаўлення эканомікі і што ЗША падтрымаюць еўрапейскую перспектыву для Беларусі», — паведаміла Ціханоўская свае чаканні ад гэтага візіту.
Многія беларускія палітыкі і аналітыкі казалі пра тое, што мы аказаліся ў цяперашняй сітуацыі не ў малой ступені таму, што ЗША і ЕС з часу развалу СССР не мелі ніякай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі як самастойнай і суверэннай краіны. Яны аддалі яе «ў сферу ўплыву» Расіі і нават некаторы час спадзяваліся, што больш-менш дэмакратычная Расія будзе «дэмакратызаваць» і Беларусь. Замест гэтага адбыўся адваротны працэс — «экспарт дыктатуры» з Беларусі ў Расію.
На жаль, спатрэбілася поўнамаштабная вайна ва Украіне, каб краіны Захаду зразумелі месца Беларусі ў сістэме еўрапейскай бяспекі. І вось цяпер гэтая стратэгія пачынае выпрацоўвацца — з ініцыятывы і пры ўдзеле беларусаў.
Што ж да канкрэтных вынікаў, то да візіту Ціханоўскай ЗША падрыхтавалі некаторыя «пасхалкі». У прыватнасці, Штаты працягнулі санкцыі ў дачыненні да «Белавія» і выкацілі новы санкцыйны спіс нашых прадпрыемстваў і «кашалькоў Лукашэнкі».
Вядома, казаць, што ад гэтага «рэжым пасыплецца», не даводзіцца. Дый сама Ціханоўская адзначыла, што «санкцыі — гэта не срэбная куля». Санкцыі — гэта сігнал канкрэтным людзям, што яны дзейнічаюць няправільна. І, як правіла, пасля ўвядзення санкцый пачынаецца пошук іх актываў за мяжой. Зразумела, наўрад ці хто-небудзь з «санкцыйнага спісу» дзейнічае ў ЗША наўпрост, але ўсведамляць, што за табой пільна сочаць — таксама непрыемна.
Такім чынам, візіт Ціханоўскай у Штаты ўжо мае некаторыя практычныя наступствы.
І нельга не адзначыць, што абодва гэтыя візіты прайшлі на фоне распачатага дыялогу паміж ЗША і КНР. Большасць аналітыкаў сыходзяцца ў тым, што фігура Лукашэнкі для Кітая — нязначная, і Пекін будзе супрацоўнічаць з любым беларускім урадам, які ўлічвае яго інтарэсы. Таму сустрэча Ціханоўскай з намесніцай дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыяй Нуланд — гэта цікавы момант. Можа так здарыцца, што тэма Беларусі ў наступны раз і «ўсплыве» падчас дыялогу Кітай — ЗША.
Бо адной з мэт Байдэна на перамовах з Сі Цзіньпінам 15 лістапада было адгаварыць Кітай ад вайсковай дапамогі Расіі, якая вядзе вайну з Украінай. І гэта можа закрануць Беларусь як саўдзельніцу ў вайне і частку расійскага ВПК. Ужо не сакрэт, што Лукашэнка перадаваў у РФ і тэхніку, і боепрыпасы, як і тое, што частка беларускіх заводаў выконвае расійскія вайсковыя заказы.
Якімі будуць доўгатэрміновыя вынікі гэтых візітаў, мы ўбачым. Аднак цяпер несумненна адно: па ўзроўні міжнародных візітаў Святлану Ціханоўскую можна з поўным правам называць прэзідэнтам Беларусі. Хай гэта будзе і «прэзідэнт-элект», але мы можам сказаць, што дэ-факта яна праводзіць «прэзідэнцкія» па ўзроўні візіты ў самыя ўплывовыя краіны свету.