Шаўцоў, Шакуцін і Тапузідзіс трапілі пад новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Беларусі
Улады ЗША пашырылі санкцыі супраць Расіі і Беларусі, уключыўшы ў санкцыйныя спісы 13 фізічных і 20 юрыдычных асоб, гаворыцца ў паведамленні Мінфіна ЗША.

У санкцыйны ліст сярод іншых уключаны:
- канцэрн «Беллеспаперапрам»;
- ММЗ імя С. І. Вавілава (кіруючая кампанія холдынга «БелОМА»);
- ААТ «Зеніт-БелОМА»;
- навукова-вытворчы холдынг «Планар»;
- кіруючая кампанія холдынга «Беларуская цэментная кампанія»;
- РУП «Белмытнясэрвіс»;
- ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт»;
- беларуская машынабудаўнічая кампанія «Амкадор»;
- прадпрыемства «Алевкурп», якое займаецца стварэннем новых радыёлакацыйных сістэм і аўтаматызаваных сістэм кіравання;
- беларуская тытунёвая фабрыка «Тытунь-Інвест».
Тэрмін завяршэння здзелак з «Тытунь-Інвест» устаноўлены да 2 лютага 2024 года.
Глядзіце таксама

Пад персанальныя санкцыі ЗША таксама трапілі:
- кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрый Шаўцоў;
- гендырэктар «Белмытнясэрвіс» Вадзім Бабарыкін;
- дырэктар ААТ «Зеніт-БелОМА» Мікалай Гайчук;
- гендырэктар «БелОМА» Аляксандр Мароз;
- дырэктар ТАА «Тытунь-Інвест» Віктар Пятровіч;
- старшыня савета дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандр Шакуцін;
- дырэктар «Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА» Аляксей Шкадарэвіч;
- уладальнік «Тытунь-Інвест» Павел Тапузідзіс.
Новыя санкцыі, адзначаецца ў паведамленні, уводзяцца за жорсткае падаўленне дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці, карупцыйнае фінансавае ўзбагачэнне сям'і Лукашэнкі і саўдзел Беларусі ў расійскім вайсковым уварванні ва Украіну.
«Сённяшнія дзеянні пацвярджаюць нашы намаганні прыцягнуць Лукашэнку, ягоную сям'ю і рэжым да адказнасці за антыдэмакратычныя дзеянні і парушэнні правоў чалавека як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Мы працягнем пераследаваць крыніцы даходаў рэжыму Лукашэнкі, яго так званыя асабістыя «кашалькі» і суб'ектаў, якія спрыяюць агрэсіўнай вайне Расіі ва Украіне, каардынуюць перамяшчэнне дзяцей з Украіны ў Беларусь і падтрымліваюць аўтарытарны рэжым Лукашэнкі», — заявіў намеснік міністра фінансаў у барацьбе з тэрарызмам і фінансавай выведкай Браян Нэльсан.
Паводле АФН