«Кантролем за выкананнем санкцый займаюцца ўсе і ніхто». Чаму «кашалёк Лукашэнкі» можа весці справы ў ЕС?

Блізкі да Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Шакуцін, які трапіў пад санкцыі ЕС, арганізаваў паралельны імпарт сельскагаспадарчай тэхнікі заходніх вытворцаў, якія сышлі з беларускага і расійскага рынкаў. Для гэтага выкарыстоўваецца фірма, зарэгістраваная ў Германіі. Сума паставак у 2022 годзе склала як мінімум 9 мільёнаў долараў.

Шакуцін і Лукашэнка

Шакуцін і Лукашэнка

Як і чаму гэта магчыма, нягледзячы на санкцыі? Пра гэта «DW» паразмаўляла з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам і экспертамі, якія прыглядаюцца да бізнесу Шакуціна ў Еўрапейскім саюзе.

Вытворцы сышлі, але іх прадукцыю працягваюць пастаўляць на рынак

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі CNH Industrial і Amazone абвясцілі, што сыходзяць з беларускага і расійскага рынкаў. Але вырабленыя імі камбайны і трактары працягваюць паступаць у Беларусь і Расію — дзякуючы кампаніям, што належаць Аляксандру Шакуціну, і нягледзячы на тое, што ён трапіў пад санкцыі ЕС як «кашалёк Лукашэнкі».

У распараджэнні БРЦ аказаліся мытныя накладныя, з якіх вынікае, што ў 2022 годзе кампаніі Шакуціна паставілі ў Беларусь і Расію заходнюю тэхніку на суму 9 мільёнаў долараў. «Гэта мінімальныя лічбы, пра якія можна з упэўненасцю сказаць на аснове дакументаў, якія былі ў нас у руках, — кажа адзін з кіраўнікоў БРЦ Станіслаў Івашкевіч. Але гэта не поўная карціна, толькі яе частка».

Пастаўкі магутнай сельскагаспадарчай тэхнікі на беларускі і расійскі рынкі ажыццяўляюцца пры ўдзеле нямецкай фірмы SV Maschinen GmbH, лічаць журналісты-расследавальнікі. У Расіі і Беларусі яна вядома пад гандлёвай маркай «СВ машыны». Раней гэтыя фірмы ў асноўным імпартавалі камплектуючыя і запчасткі. Пасля сыходу замежных кампаній з рынку яны пераключыліся непасрэдна на сельскагаспадарчую тэхніку і абсталяванне. Напрыклад, з красавіка па канец чэрвеня 2023 года SV Maschinen GmbH паставіла ў Расію 50 тавараў на агульную суму большую за 12,5 мільёнаў еўра.

У 2021 годзе гэтая сума была ў 20 разоў меншая і не перавысіла 630 тысяч еўра, сцвярджае БРЦ.

Глядзіце таксама

«Кампанія Шакуціна стала неафіцыйным дылерам»

«Раней у нас выйшла расследаванне, якое ўстанавіла, што ў Аляксандра Шакуціна ёсць фірма ў Германіі. Так мы пачалі бліжэй прыглядацца да яго бізнесу. На сваё здзіўленне ўбачылі, што яна не проста закупляе кампаненты для «Амкадора», а ў дадатак стала неафіцыйным дылерам па паралельным імпарце такіх сусветных брэндаў, як «John Deere» або CNH Industrial. Хоць, здавалася б, гэтыя брэнды сышлі з Расіі і Беларусі, каб не мець справы з рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна», — распавядае Станіслаў Івашкевіч.

Паводле звестак следчых, кампанія CNH Industrial спыніла пастаўкі ў Беларусь і Расію, аднак яе прадстаўніцтвы, перш за ўсё ў Італіі і Польшчы, прадаўжаюць прадаваць тэхніку прадпрыемству Аляксандра Шакуціна з нямецкай рэгістрацыяй. Фармальна яны маюць справу з еўрапейскай кампаніяй, што дазваляе прадпрымальніку, які трапіў пад санкцыі, далей весці бізнес.

«Калі структуры, якія трапілі пад санкцыі, робяць некалькі пракладак паміж сабой і кліентам, з якім яны хочуць дзейнічаць на тэрыторыі ЕС, то часам знаходзяцца партнёры, якія прыкідваюцца, што не ведаюць, з кім маюць справу. У дадзеным выпадку пастаўшчыкі і вытворцы тэхнікі працавалі з беларускімі кампаніямі па пастаўках дэталяў. Яны ведаюць, з кім працавалі ў Расіі і Беларусі, і працягваюць супрацоўнічаць, проста пастаўляюць гэтую тэхніку праз іншыя філіялы», — сцвярджае Івашкевіч. Ён удакладняе, што фармальнай санкцыйнай забароны на гэтыя пастаўкі няма.

Па яго звестках, для афармлення паставак выкарыстоўваюцца два пакеты дакументаў: пры вывазе тэхнікі з ЕС указваецца адна з сярэднеазіяцкіх краін накшталт Казахстана або Узбекістана, калі ж яна трапляе на тэрыторыю Беларусі ці Расіі, у яе з'яўляюцца новыя дакументы. Як адзначаецца ў расследаванні, змяніліся і ўмовы пастаўкі SV Maschinen GmbH з Еўропы ў Расію. Раней кампанія гарантавала дастаўку да месца прызначэння. З сярэдзіны 2022 года пакупнік сам павінен забіраць тэхніку ва ўказаным месцы і несці рызыкі, звязаныя з дастаўкай.

Колькі менавіта заходняй сельгастэхнікі было пастаўлена ў Беларусь і Расію такім чынам, аўтары расследавання ацаніць не змаглі.

Глядзіце таксама

Паралельны імпарт — штодзённая практыка для беларускага бізнесу?

Як адзначае прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, пасля ўвядзення эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі практыка паралельнага імпарту стала звычайнай рэччу для беларускага бізнесу. «Гэта не ўнікальная схема, якую вынайшаў Шакуцін. Як толькі былі ўведзены санкцыі, многія прадпрымальнікі сталі шукаць спосабы паставак, толькі не наўпрост. І знайшлі іх, паколькі заўсёды ёсць прамежкавыя краіны накшталт Турцыі, Грузіі, куды вытворцы з задавальненнем паставяць тую ж самую тэхніку па тых жа самых коштах, каб пасрэднік прадаў яе беларусам з невялікай накруткай».

Па словах Кныровіча, паралельным імпартам займаюцца «не толькі пралукашэнкаўскія алігархі, але і звычайныя кампаніі». «Гэта не адзінкавы выпадак — гэта наша паўсядзённая практыка па многіх таварах, якія па пэўных прычынах трапілі пад абмежаванні. Гісторыя з сельскагаспадарчай тэхнікай на слыху і бачная. Зручна паказваць у ёй на Шакуціна, у якога сапраўды цяпер свята, таму што перад вайной ён быў блізкі да банкруцтва, а цяпер у яго ўсё добра. Але калі мы спытаем у сябе: як у Беларусь трапляюць айфоны? Па тых жа самых каналах паралельнага імпарту».

У выпадку з Аляксандрам Шакуціным ёсць асаблівасць: з канца 2020 года бізнесовец знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, якія ён спрабаваў аспрэчыць у Еўрапейскім судзе. Суд пакінуў абмежаванні ў сіле. «Калі Аляксандр Шакуцін зарабляе з дапамогай сваёй кампаніі, зарэгістраванай у Германіі, гэта значыць, ён нават не імкнецца нічога зрабіць, каб абысці санкцыі. Гэта насмешка з еўрапейскай сістэмы іх адсочвання. Ён і не стараецца, і ўсё ў яго атрымліваецца».

Аляксандр Кныровіч лічыць, што існаванне кампаній, з дапамогай якіх абыходзяць санкцыі, кідае цень на ўвесь беларускі бізнес за мяжой. «Але ён не з'яўляецца праваахоўнай структурай, не яго справа  займацца расследаваннем і пакараннем, — кажа Кныровіч. — З іншага боку, любы грамадзянін РБ, які знаходзіцца на законных падставах у Германіі, Аўстрыі, Польшчы альбо іншай краіне, павінен паведаміць у паліцыю, калі яму вядома аб здзяйсненні злачынства. А абыход санкцый з'яўляецца злачынствам, каб праца гэтай фірмы не кідала цень на астатні добрасумленны бізнес, які плаціць падаткі».

Глядзіце таксама

«Кантролем за выкананнем санкцый займаюцца ўсе і ніхто»

Станіслаў Івашкевіч звяртае ўвагу, што ў ЕС «ёсць вялікая праблема з кантролем за санкцыямі». На яго думку, расследаванні журналістаў, у тым ліку праца БРЦ, «мяняе погляд еўрапейцаў на тое, як павінны дзейнічаць санкцыйныя механізмы». «Да гэтага часу яны былі хутчэй фармальным жэстам, чым рэальным інструментам, у адрозненне ад амерыканскіх, якіх рэальна баяцца і ад якіх пакутуюць тыя рэжымы, на якія яны накладваюцца. Але ўсе дэталі даносяцца да нямецкіх органаў. Добрая тэндэнцыя — абмеркаванне, як гэта змяніць, і яно ўсё больш прадметнае. Але ёсць і негатыўная: санкцый баяцца ўсё менш і менш».

У ЕС кантроль за выкананнем санкцый ускладаецца на кожную краіну паасобку, распавядае Івашкевіч: «Па сутнасці, выходзіць, што гэтым займаюцца ўсе і адначасова ніхто. У кожнага розная інтэрпрэтацыя санкцыйнага заканадаўства. Напрыклад, у Літве, калі ў «кашалька Лукашэнкі» ёсць істотны ўклад у фірме, яго рахункі замарожваюць. У Германіі трэба, каб у яго было 50% плюс адна акцыя — толькі тады кампанія лічыцца «бізнесам кашалька». І то яго актывы замарожваюць не заўсёды: трэба яшчэ даказаць, што ён наўпрост атрымлівае ад гэтага бізнесу прыбытак».

Расследаванне аб паралельным імпарце сельгастэхнікі БРЦ падрыхтавала сумесна з партнёрамі: расійскім выданнем «Вёрстка» і нямецкім «Paper trail media». Апошняе адрасавала свае пытанні ў Міністэрства эканомікі і абароны клімату ФРГ. У ведамстве адказалі, што «кампаніям, якія часткова належаць асобам пад санкцыямі, тэхнічна дазволена весці бізнес у Германіі датуль, пакуль нейкая персона, якая знаходзіцца ў топе санкцыйных спісаў, не пачне атрымліваць ад іх прыбытак».

Журналісты адзначаюць, што перапіска з дзяржаўнымі органамі працягваецца.