Шакуцін падаў пазоў аб адмене ўключэння яго ў трэці пакет санкцый ЕС
Як вынікае з рэестра суда Еўрасаюза, старшыня савета дырэктараў «Амкадора» Аляксандр Шакуцін падаў іскавую заяву аб адмене выканаўчай пастановы Савета ЕС па ўключэнні бізнесмена ў трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі. Шакуцін пракаментаваў TUT.BY гэтае рашэнне.
Нагадаем, 17 снежня 2020 года Савет ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да сямі кампаній ( «140 рамонтны завод», «Агат — электрамеханічны завод», МЗКЦ, «Белтэхэкспарт», «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, «Dana Holdings» і «Сінезіс») і двух бізнесменаў — Мікалая Вараб'я і Аляксандра Шакуціна. Іх абвінавачваюць у падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
— Азнаёміўшыся з доказнай базай [Cавета ЕС], наша каманда не адчула аніякіх пачуццяў, акрамя здзіўлення. Нам незразумела, як такі паважаны орган, як Савет Еўрапейскага саюза, выносіць абвінаваўчы прысуд, не выслухаўшы другі бок? Як у Еўрасаюзе працуе прэзумпцыя невінаватасці? Мы накіравалі лісты практычна ва ўсе органы кіравання ЕС і зацікаўленыя краіны, але, на вялікі жаль, не атрымалі адказаў. У нас не заставалася выбару, акрамя як падаць іскавую заяву ў суд ЕС, — сказаў Шакуцін. Ён таксама накіраваў ліст кіраўніку прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірку Шубелю з запрашэннем наведаць заводы холдынга «Амкадор», каб «на месцы азнаёміцца з іх працай і абмеркаваць надзённыя праблемы». «Спадзяюся, наша просьба будзе пачутая», — сказаў Шакуцін.
Міністр прамысловасці Пётр Пархомчык казаў, што пасля ўвядзення санкцый ЕС узніклі складанасці з пастаўкай камплектуючых з Германіі і Фінляндыі для «Амкадора». З'яўлялася таксама інфармацыя, што замежныя банкі затрымліваюць разлікі.
— На першым этапе сапраўды паўсталі складанасці ў мяне, кампаній з маім удзелам у статутным капітале, з пастаўкамі камплектуючых, разлікамі, узаемадзеяннем з партнёрамі. Дзякуючы зладжаным дзеянням кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання холдынга праблемы вырашаны. У гэтым годзе працуем устойліва, без узрушэнняў, з перавыкананнем плана вытворчасці і продажаў, — сцвярджае Аляксандр Шакуцін.
Паводле яго слоў, у тэхніцы «Амкадора» больш за 70% вузлоў і агрэгатаў вырабляецца на заводах холдынга. Цяпер «вядзецца актыўная праца па стварэнні і пастаноўцы ў вытворчасць камплектуючых, якія да санкцый куплялі ў краінах Еўрасаюза».
Аляксандр Шакуцін лічыць, што, паводле задумы «аўтараў» санкцыйных спісаў, павінны былі пацярпець простыя супрацоўнікі прадпрыемстваў холдынга. Бізнесмен удзячны сваім работнікам, што яны ў гэты перыяд «праявілі свае лепшыя якасці».
— Санкцыі і ўзніклыя праблемы з'ядналі калектыў, зрабілі яго матываваным, супрацоўнікі сталі працаваць больш старанна, не лічачыся з часам. Паскорылі працэсы рэфармавання холдынга і рэінжынірынга ўсіх бізнес-працэсаў. Аператыўна былі ўнесены карэкціроўкі ў стратэгію росту холдынга, у планы НДВКП, перагледзелі планы рэканструкцыі і мадэрнізацыі заводаў, вызначылі альтэрнатыўных пастаўшчыкоў камплектуючых, — пералічыў Шакуцін і дадаў, што праведзеная праца дазваляе ўжо сёння прапанаваць больш за 1000 працоўных месцаў на заводах холдынга «Амкадор».
Раней беларускім бізнесменам, якія трапляюць у санкцыйны спіс, спатрэбілася каля 3 гадоў, каб аспрэчыць рашэнне Савета ЕС. Аляксандр Шакуцін хоць і верыць у лепшае, але гатовы да працяглай барацьбы з Еўрасаюзам.
— На вялікі жаль, у адпаведнасці з рэгламентам генеральнага суда ЕС, нават пры спрыяльным правядзенні працэсу, працэдура будзе доўжыцца не менш за два гады. У гэты перыяд мы павінны навучыцца жыць не толькі ва ўмовах каронавіруса, але і санкцый, — сказаў бізнесмен.
Раней з'явілася інфармацыя, што ІТ-кампанія «Synesis» таксама падала пазоў у суд Еўрапейскага саюза аб прызнанні несапраўдным рашэння Савета ЕС па ўключэнні кампаніі ў трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі.
— Усе абвінавачанні ў адрас кампаніі намі лічацца не проста надуманымі, але і абсурднымі, — заяўляе кампанія. — У сваім рашэнні Савет аперыраваў не фактамі, а выключна спекуляцыямі ў сацсетках і на вэб-старонках з сумнеўнай рэпутацыяй. «Доказная база» па сваёй недакладнасці і расплывістасці больш падобная да дайджэсту бульварнай прэсы і не мусіць у прынцыпе прымацца пад увагу такім адказным органам, як Савет ЕС.