Аляксея Шоту аштрафавалі больш чым на 12 тысяч рублёў
19 сакавіка, закончыўшы крымінальную справу Ігара Банцэра, суддзя Ленінскага суда Гродна Наталля Козел разглядала адміністрацыйную справу Аляксея Шоты, галоўнага рэдактара рэсурса Hrodna-life. Адміністрацыйная справа была распачатая па старым артыкуле 17.11, частка 2.
Разгляд справы пачаўся яшчэ 16 сакавіка і быў перанесены, паколькі Шота пажадаў заключыць дамову з адвакатам. Адміністрацыйная справа супраць партала, а таксама галоўнага рэдактара Аляксея Шоты пачалася з таго, што міліцыянты знайшлі на сайце hrodna.life інфармацыю з тэлеграм-канала, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Прычым гэта была ранейшая публікацыя, калі згаданы тэлеграм-канал яшчэ не быў забароненым. Гаворка ідзе пра тры публікацыі, датаваныя красавіком і чэрвенем 2020 года.
Раней у рэдакцыі рэсурсу Hrodna.life адбыўся ператрус і была забраная тэхніка.
Орган, які пачаў працэс, на судзе прадстаўляў міліцыянт Андрэй Пігульскі. Сведка Вадзім Налівайка з Ленінскага РАУС на пасяджэнне не з'явіўся. У справе фігуравалі два пратаколы — адзін складзены на Шоту як на фізічную асобу, другі — як на юрыдычную.
Аляксей Шота падкрэсліваў, што ніякага наўмыснага размяшчэння матэрыялаў са спасылкай на забаронены тэлеграм-канал рэдакцыя не рабіла. Да абеду былі заслуханы пісьмовыя матэрыялы справы, тлумачэнні прадстаўніка міліцыі і тлумачэнні Аляксея Шоты. Адвакат настаяў на паўторным выкліку сведкі Налівайкі.
Працэс прадоўжыўся ў другой палове дня. У выніку Аляксея Шоту аштрафавалі па двух пратаколах больш чым на 12 тысяч (!) рублёў. Рэдакцыі прысуджана 11 600 рублёў штрафу, Аляксею Шоту — 725 рублёў. Агулам — 12.325 рублёў (!).
Рэдактар партала мае намер абскардзіць пастанову суддзі.