Класкоўскі: Ордэр у Гаагу толькі цясней звяжа лёс Пуціна і Лукашэнкі
Ці рэалістычныя прапановы Святланы Ціханоўскай, агучаныя ў Кангрэсе ЗША? Пра гэта палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі разважае ў інтэрв’ю «Филину».
— Ціханоўская прапанавала прызначыць спецпасланніка ЗША для працы з дэмакратычнай Беларуссю. Ці магчыма гэта?
— Думаю, што гэта цалкам рэальна, Штаты могуць прызначыць такога чалавека, і гэта сапраўды важная рэч. Шчыра кажучы, беларускае пытанне ў палітыцы Вашынгтона займае даволі сціплае месца. Там вобмаль людзей, якія разумеюць, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца і якія там праблемы.
Таму, калі прызначаць чалавека, які будзе адказваць за такі кірунак, гэта вельмі важна, для таго, каб беларускія дэмакратычныя сілы, умоўна кажучы, Ціханоўская, магла пазваніць у Вашынгтон і ведала б, з кім размаўляць пра беларускія праблемы. Хаця гэта будзе функцыянер, а не чалавек, які вырашае стратэгічныя пытанні ў дачыненні да Беларусі.
— Палітык таксама заклікала Кангрэс падтрымліваць беларусаў і дапамагаць сем’ям рэпрэсаваных, а таксама ўхваліць рашэнне аб прадастаўленні статусу часовай абароны для беларусаў у ЗША.
— Гэта таксама важны момант, і добра, што на гэтыя пытанні каманда Ціханоўскай пачынае звяртаць болей увагі, але тут ёсць важнейшае за яго пытанне: як вызваліць тых людзей, якія знаходзяцца цяпер у беларускіх турмах? Мне здаецца, што гэтае пытанне на сёння правісае.
Лейтматыў Ціханоўскай — узмацніць санкцыі супраць рэжыму. Што тычыцца вызвалення палітвязняў, нядаўна праходзілі дэбаты ў Каардынацыйнай Радзе, на якіх моцна гучаў той матыў, што з нас карона не зваліцца, калі мы пачнём перамовы з Лукашэнкам на гэты конт і паабяцаем яму аслабленне ці зняцце пэўных санкцый, а гэта ўжо болей гнуткі падыход. Прасцей проста заклікаць: давайце прыціснем мацней гэтыя два рэжымы.
Пакуль што я не бачу, што ў дэмакратычных сілах знайшлі нейкую выразную форму вырашэння пытання аб вызваленні палітвязняў.
Тут справа не ў цудадзейнай формуле — яе няма, а ў тым, што трэба пераасэнсоўваць нейкія стэрэатыпы і шукаць болей гнуткія падыходы.
І вось я бачу тут супярэчнасць. З аднаго боку, давайце ўзмоцнім санкцыі, а з іншага — давайце падумаем, як вызваліць палітзняволеных.
Санкцыі ўсё болей уціскаюць Беларусь у Расію. Гэта відавочна, што Лукашэнка ўвесь гандаль завязаў на яе, ён пусціў да сябе расійскую армію і гэтак далей. У яго іншага выйсця няма. Раней ён гуляў у нейкую геапалітыку, разгойдваў геапалітычныя арэлі. Сёння яму толькі застаецца па кавалках здаваць беларускі суверэнітэт і спадзявацца, што на ягоны век яшчэ хопіць гэтага торгу.
Зразумела, што ў беларускіх дэмакратычных сіл — беларускай палітычнай эміграцыі — няма надта моцных рычагоў уздзеяння на беларускую сітуацыю. Два матывы гучаць: давайце ўзмоцнім санкцыі і давайце выпішам Лукашэнку ордэр у Гаагу. Але і на санкцыі штабы беларускай апазіцыі не надта ўздзейнічаюць, іх Захад прымае, зыходзячы са сваіх меркаванняў.