Пекін змяняе гнеў на ласку? Чаму і навошта Лукашэнку тэрмінова выклікалі ў Паднябесную
Лукашэнка раптоўна, не вяртаючыся з кліматычнага форуму ў ААЭ, узяў курс на Пекін. Навіна стала нечаканай нават для дзяржаўнага агенцтва «БелТА». У нядзелю раніцай тэлеграм-канал «Пул першага» паведаміў, што ў панядзелак адбудуцца перамовы Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
«На парадку дня — пытанні гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і міжнароднага супрацоўніцтва», — напісаў набліжаны да прэс-службы кіраўніка тэлеграм-канал, суправадзіўшы навіну двума клічнікамі.
Аднак Сі Цзіньпін сустрэўся з Лукашэнкам, не чакаючы панядзелка, паведаміла агенцтва «Xinhua», не прыводзячы дэталей сустрэчы.
Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што сустрэча прайшла ва ўрадавай рэзідэнцыі Дзяаюйтай. «Мы ведаем, што трэба нашым краінам. І мы вельмі шмат у гэтым плане зрабілі. Калі я рыхтаваўся да гэтага візіту і распытваў сваіх калег пра тое, што трэба зрабіць, што не рухаецца, каб сказаць старшыні пра гэта. Але мы не знайшлі ніводнага пытання, па якім бы не было руху. Адзінае пытанне, якое я хацеў бы з вамі абмеркаваць сёння — хуткасць», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Навіна пра паездку Лукашэнкі ў Пекін стала даволі нечаканай, асабліва на фоне таго, што надоечы кітайскае кіраўніцтва не палічыла патрэбным запрасіць беларускага кіраўніка на форум «Пояс і шлях». Гэты крок многія аналітыкі звязвалі з незадаволенасцю Пекіна дзеяннямі тутэйшага кіраўніка на мяжы.
Гэтую незадаволенасць, па меркаванні аналітыка ўкраінскага Інстытута Будучыні Ігара Тышкевіча, у Мінску заўважылі. І пастараліся выправіць сітуацыю.
«У Мінску намёк зразумелі, і... Умова паспрабаваць «не рабіць нервы» суседзям — зрухі нават з мігрантамі (за апошнія некалькі дзён паток мігрантаў з Беларусі на межы ЕС значна знізіўся — НЧ). Умова абароны інвестыцый — тэкст дамовы, якую так не хацеў падпісваць Мінск з 2020 года, узгоднены. Гэта толькі 2 пункты з прыкладна 5 ключавых, але старанні ацанілі. І выклікалі. Тэрмінова, без папярэджання. Паляцеў», — напісаў Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале.
Пры гэтым ён адзначае, што пачатак і сярэдзіна 2023 года праходзілі пад знакам «пастаноўкі на паўзу» развіцця адносін КНР з Беларуссю. Афіцыйны Мінск не атрымаў жаданага сяброўства ў ШАС — яму нагадалі пра дарожную карту. Тое ж самае адбылося і з заяўкай на ўступленне ў БРІКС — падобныя пажаданні і пастаноўка ў чаргу.
«Атрымаўшы сігналы, што без выканання «хатняга задання» аб новым этапе развіцця адносін з КНР можна забыцца, у Мінску дасталі канспект і пачалі дзейнічаць. Месцамі, дэманструючы паказуху, месцамі, робячы рэальныя справы», — зазначыў Тышкевіч.
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў інтэрв’ю «Салідарнасці» таксама выказаў думку, што прычынай «пацяплення» сталі пэўныя спробы разруліць сітуацыю на мяжы, але адначасова ўзніклі праблемы на мяжы расійскай: «Бо міграцыйны крызіс перамясціўся на расійска-фінскую мяжу, і яна таксама практычна закрылася, за выключэннем пункта пропуску на Крайняй Поўначы».
Эксперт звярнуў увагу, што на беларуска-польскай мяжы ўпершыню за апошнія два гады быў дзень без спроб перасячэння яе мігрантамі па-за пунктамі пропуску.
«Аднак адкрываць мяжу палякі прадбачліва не спяшаюцца, ды і ўсё астатняе напружанне ў беларуска-польскіх стасунках нікуды не падзелася, — нагадвае аналітык. — І публічна артыкуляваныя надзеі Мінска на некаторую нармалізацыю стасункаў пры новым польскім урадзе выглядаюць не занадта пераканаўча. Тым больш калі кіраўніком МЗС Польшчы стане Радаслаў Сікорскі, які мае вялікі асабісты негатыўны досвед узаемадзеяння з Лукашэнкам. З пункту гледжання надзейнасці транзіту ўсё гэта ніяк не можа радаваць Кітай».
Іншая патэнцыйная тэма, якая можа падымацца на сустрэчы з Сі Цзіньпінам, — гэта вайна Расіі ва Украіне і звязаныя з ёй пастаўкі — ад тавараў падвойнага прызначэння да непасрэдна ўзбраенняў.
«Украінскія аналітыкі ўжо фіксавалі наяўнасць у Расіі кітайскіх мінамётаў і снарадаў да іх, а таксама іншых боепрыпасаў, — адзначае Вадзім Мажэйка. — Беларусь супрацоўнічае з Кітаем у вайсковай сферы ўжо больш за 10 гадоў — у прыватнасці, у адпаведнасці з міжурадавымі пагадненнямі 2013 года быў створаны вядомы РСЗА «Паланэз», які выкарыстоўвае кітайскія ракеты А-200», — адзначыў ён.
Мажэйка дадаў, што ягоныя калегі — вайсковыя аналітыкі — альбо за кратамі (Андрэй Паротнікаў, Ягор Лебядок), альбо перакваліфікаваліся ў прапагандыстаў (Аляксандр Алесін). Таму тэхнічныя дэталі, звязаныя з беларуска-кітайскім супрацоўніцтвам у ваеннай сферы, кваліфікавана пракаментаваць няма каму.