Латушка: Лукашэнка паехаў у Дубай палічыць свае грошы
Кіраўнік НАУ і дыпламат Павел Латушка лічыць, што Лукашэнка скарыстаўся кліматычным самітам, каб праверыць сваю «заначку» ў ААЭ. А таксама пракаментаваў ператрусы ў чальцоў Каардынацыйнай рады на мінулым тыдні і магчымую канфіскацыю яго маёмасці.
«Гэта было зроблена, па-першае, дзеля таго, каб дэматываваць нас змагацца супраць рэжыму»
— Калі я глядзеў, як ламалі дзверы ў мой дом, я адразу сказаў: маглі ключы папрасіць, бо дом знаходзіцца пад аховай Дэпартамента аховы. Маглі ўзяць ключы і проста адамкнуць дзверы. Не, ім трэба была паказуха, — сказаў Латушка ў эфіры «Еўрарадыё».
Гэта было зроблена, па-першае, дзеля таго, каб дэматываваць нас змагацца супраць рэжыму. Па-другое, яны разумеюць, што ствараюцца протаструктуры ўлады.
Усё ж такі гэта нейкі сістэмны накірунак: ёсць прэзідэнтка-элект і яе Офіс, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада. Гэта структуры, якія супрацьстаяць Лукашэнку як мінімум на міжнароднай арэне.
Далей, калі прыйдзе сітуацыя змен, мы разумеем, што павінны мець гэтыя структуры, каб хутка ўступіць у кіраванне дзяржавай. І змаганне супраць гэтага з’яўляецца галоўным прыярытэтам спецслужбаў Лукашэнкі і яго самога.
Палітык лічыць, што беларускія ўлады прааналізавалі дыскусію выбараў дэмакратычных сіл. Па словах Латушкі, калі беларусы абяруць КР, можна будзе спрабаваць ставіць пытанне, каб гэты выбарны орган меў як мінімум статус назіральніка ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і АБСЕ.
— Наступны элемент дзеяння ўлад — канфіскацыя маёмасці. Я спакойна да гэтага стаўлюся, нават гатовы прапанаваць: пасяліце нейкую сям’ю, я не супраць. Наадварот, дом будзе дагледжаны. Зразумела, потым усё гэта вернецца, будуць рашэнні па кампенсацыях.
«Паехаў палічыць свае грошы і скарыстаўся нагодай ААН»
Таксама Латушка агучыў сваю версію візіту Лукашэнкі ў ААЭ на кліматычны саміт ААН.
— Лукашэнка ездзіў лічыць грошы, бо ў Дубаі знаходзяцца ўсе яго капіталы. Самая багатая сям’я ў Беларусі — сям’я Лукашэнкі. Дзе ён хавае гэтыя грошы? У Дубаі, Эміратах, Катары. Канешне, не пад сваім імем, а пасрэднікаў.
У Дубаі зарэгістравана фірма, якая кантралюецца Зінгманам, Шэйманам, і праз гэтую фірму ідзе гандаль з арабскімі краінамі, краінамі «дальняй дугі». Дзяржаўныя кампаніі прадаюць праз гэтую фірму тавары. А маржа дзе застаецца? Большая частка — на рахунках гэтай і іншай кампаній.
Усё, што больш-менш канвертуецца і можа прадавацца беларускага ў свеце ад дзяржаўных прадпрыемстваў, знаходзіцца пад кантролем сям’і Лукашэнкі і яго гаманцоў. І розніца застаецца там. Таму Лукашэнка паехаў палічыць свае грошы, праверыць, добра ці не працуюць давераныя асобы.
Таму ён знік з экранаў, і нам не было яго бачна нейкі час. З іншага боку, ён скарыстаўся нагодай ААН. ААН прызнае краіны, тых, хто фактычна кіруе ўладай у краінах. Таму Лукашэнка прысутнічаў на саміце па клімаце.
Але, заўважае палітык, на саміце Лукашэнка сустракаўся з прадстаўнікамі такіх краін, як Гвінея, Зімбабвэ.
— Ці хочам мы, беларусы, каб гэта былі асноўныя нашы партнёры? Нармальна, калі беларусы будуць штосьці прадаваць на гэты рынак, але ці з’яўляецца гэта нашым прыярытэтам, нашай марай — быць менавіта ў гэтым коле краін як галоўных нашых сяброў? Я думаю, большасць беларусаў хацела бы быць бліжэй да Еўропы.
Паводле «Салідарнасці»