«Пагромы і раней рабілі рэгулярна, але гэтым разам вырашылі ўразіць маштабам»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, чаму ўлады ўчора стабілізавалі стабільнасць. З аднаго боку, гэта адпавядае ўяўленням «красаўцаў» пра ідэальную светабудову. А з іншага — па меры згуртавання народнага адзінства барацьба за народнае адзінства павінна нарастаць. Дыялектыка!

Фота з набліжанага да «красаўцаў» ТГ-каналу

Фота з набліжанага да «красаўцаў» ТГ-каналу

Учора красаўцы стабілізавалі стабільнасць. Так жа стабільнасць у нас моцная. Добрая такая стабільнасць. Стабільная. Але ёсць падазрэнні, што яна кульгае. І вось колькі ты гэтую стабільнасць ні стабілізуй, падазрэнні аб тым, што яна кульгае нікуды не дзяюцца.

Звычайна стабільнасць стабілізуюць арыштамі. Але арышты супраць падазрэнняў больш не дапамагаюць. Таму арышты ніхто не адмяняў, але да іх вырашылі яшчэ дадаць пагромаў. У тых, каго арыштаваць рукі не дацягваюцца. Каб падарваць безумоўнаму суперніку яго ўмоўную матэрыяльную базу.

Нельга сказаць, што пагромы ў чужых кватэрах — такая ўжо інавацыйная ідэя. Красаўцы і раней любілі рабіць пагромы ў чужых кватэрах. Магчымасць рабіць пагромы ў чужых кватэрах адпавядае іх уяўленням пра ідэальную светабудову. Таму што калі ты па вызначэнні не ўмееш нічога будаваць, то для поўнага самавыяўлення трэба што-небудзь зламаць.

Таму пагромы і раней рабілі рэгулярна, але гэтым разам вырашылі ўразіць маштабам. Кажуць, што ў іх па справе аб замахах на стабільнасць праходзіць больш за сто чальцоў Каардынацыйнай рады. Зрабіць пагромы ва ўсіх ста адразу, вядома, не атрымалася. Ёсць абмежаванні па матэрыяльна-тэхнічнай базе. Але пагромы зрабілі так, каб гэтыя пагромы дакладна нікога не пакінулі абыякавым.

Такая псіхалагічная аперацыя супраць грамадзян сумнеўнай палітычнай лаяльнасці, якія з'ехалі з краіны.

Глядзіце таксама

Таму што наперадзе ж выбары. І да гэтых выбараў народнае адзінства падыходзіць такім згуртаваным, якім яно ніколі яшчэ нікуды не падыходзіла. А чым больш згуртаванае народнае адзінства, тым больш у яго ворагаў. Таму, па меры згуртавання народнага адзінства барацьба за народнае адзінства павінна нарастаць. Дыялектыка. Разумець трэба. Асабліва калі народнаму адзінству пагражаюць перадвыбарчыя турбулентнасці.

Народзец жа вакол няўдзячны. Ты яму толькі дай на выбарах слабіну што-небудзь абраць, і ён табе навыбірае на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу. Нават пасля трох гадоў бесперапыннай стабілізацыі стабільнасці. Я б сказаў, асабліва пасля трох гадоў стабілізацыі стабільнасці. Таму што за гэтыя тры гады ў народа са сведкамі стабільнасці назапасіліся некаторыя невырашальныя супярэчнасці і трохі трагічныя непаразуменні.

Таму стабільнасць трэба стабілізаваць яшчэ больш стабільна. Пакуль яна не зламаецца, не вытрымаўшы ўласнай стабілізацыі. І атрымліваецца замкнёнае кола. З аднаго боку, акрамя пастаяннай стабілізацыі стабільнасці ўлады нічога больш народу прапанаваць не могуць. А з іншага, ніякая стабільнасць не вытрымае, калі яе пастаянна стабілізуюць.

P. S. І будзе, як з пацуком, якога сокалы скінулі на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.