СК пахваліўся, што ўстанавіў больш за 100 падазраваных па справе КР, хаця прозвішчы ў адкрытым доступе

Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз, у якім паведаміў падрабязнасці новай крымінальнай справы супраць палітычных эмігрантаў. Паводле ведамства, якое пасля 2020 года актыўна займаецца палітычным пераследам беларусаў, у межах «справы Каардынацыйнай Рады» ўстаноўлена больш за 100 падазраваных.

Ілюстрацыя Каардынацыйнай Рады

Ілюстрацыя Каардынацыйнай Рады

У СК заявілі, што больш за сто асоб «прыцягнутыя» ў якасці падазраваных, хаця куды іх прыцягнуць, сказаць складана — усе члены КР, як вядома, знаходзяцца за мяжой.

«Паводле следства, у 2020 годзе верхаводы радыкальных ячэек на тэрыторыі Беларусі, якія кансалідаваліся ў так званую «Каардынацыйную Раду», рабілі актыўныя спробы па захопе дзяржаўнай улады і інтэнсіўна прасоўвалі ідэю гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу. Для ажыццяўлення такой дзейнасці імі ствараліся розныя псеўдаорганы і фарміраванні», — гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта.

У ведамстве важна заўважаюць, што «да нядаўняга часу грамадскасці была вядомая толькі вярхушка экстрэмісцкага мурашніка, аднак у злачынную арганізацыю актыўна ўключаліся новыя асобы». І вось, заяўляе СК, «адзін з такіх удзельнікаў, усвядоміўшы ўсю незаконнасць і бесперспектыўнасць дзейнасці «экстрэмістаў», вырашыў скарыстацца правам вярнуцца на радзіму праз створаную для гэтага камісію».

«Прыбыўшы на тэрыторыю Беларусі, асоба не толькі раскаялася ў здзяйсненні злачынстваў, але і ініцыятыўна прадаставіла пашыраны спіс збеглых злачынцаў з Каардынацыйнай Рады, у якім фігуруе звыш сотні асоб, у тым ліку раней невядомых праваахоўным органам здраднікаў», — гаворыцца ў заяве СК.


Глядзіце таксама

«Гэтыя асобы прызнаныя падазраванымі. У цяперашні час сумесна з МУС праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, у тым ліку ператрусы, накіраваныя на збор доказаў злачыннай дзейнасці. Устанаўліваецца наяўнасць у падазраваных маёмасці і нерухомасці на тэрыторыі нашай краіны з мэтай наступнага накладання арышту. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытанне аб запуску працэдуры спецыяльнай вытворчасці для забеспячэння прынцыпу няўхільнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, нанесенай злачыннымі дзеяннямі», — адзначаецца ў паведамленні.

Нельга выключаць, што нейкі чалавек спраўды вярнуўся ў Беларусь праз адмысловую камісію — такіх, як вядома, адчайна мала, але яны ёсць. Але наўрад ці «зліў» больш сотні прозвішчаў з’яўляецца вельмі карыснай інфармацыяй, бо на сайце Каардынацыйнай Рады ёсць адмысловая старонка з пералікам сябраў арганізацыі — там пазначана якраз каля 100 чалавек і дэмакратычных структур, склад якіх таксама асабліва не сакрэціцца.

Відавочна, што гэтая справа заведзеная не для таго, каб некага пасадзіць, паколькі ўсе дзейныя ўдзельнікі КР знаходяцца ў бяспецы. Крыміналка з’яўляецца чарговай акцыяй, скіраванай на запужванне актывістаў за мяжой, а таксама супраць выбараў у КР, якія мусяць прайсці на пачатку наступнага года на адной з лічбавых платформ.

Нагадаем, «справа Каардынацыйнай Рады» заведзеная паводле шасці «палітычных артыкулаў», уключаючы «здраду дзяржаве».