Так званы Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю Эдуарда Бабарыкі
Вярхоўны суд разгледзеў у апеляцыйным парадку крымінальную справу ў дачыненні да палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі. Пры вынікі паведамляе прэс-служба лукашэнкаўскай установы.
«28 лістапада 2023 года апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прысуд Мінскага абласнога суда ад 5 ліпеня 2023 года па абвінавачанні Бабарыкі Эдуарда Віктаравіча ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 243, ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342, ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК, у частцы прызначэння пакарання пакінуты без змены, а апеляцыйная скарга без задавальнення. Прысуд уступіў у законную сілу», — гаворыцца ў кароткім паведамленні.
Мінскі абласны суд 5 ліпеня 2023 года агучыў прысуд палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку, якога пад вартай на той момант утрымлівалі больш за тры гады — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Эдуарда Бабарыку абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў») Крымінальнага кодэкса.
Дзяржаўнае абвінавачанне адмовілася ад прад’яўленага Эдуарду Бабарыку абвінавачання па ч. 2 арт. 235 КК («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»).
Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў яму на два гады менш, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Справу разглядалі ў адкрытым рэжыме ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні Мінскага раённага суда з 22 траўня.
У той жа час у тэрмін не залічылі час знаходжання ў СІЗА КДБ ад 18 чэрвеня 2020 года (калі ён быў арыштаваны) да 14 снежня 2021 (калі ў дачыненні да яго была пачата новая крымінальная справа, па якой ён і быў асуджаны). Гэта фактычна працягвае тэрмін знаходжання Эдуарда ў зняволенні.
Нагадаем, Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы.
У абвінавачанні гаворыцца, што ён «абавязаны быў дэклараваць даходы і валодаў рэальнай магчымасцю выканаць свае абавязацельствы, але не падаў у інспекцыю падатковую дэкларацыю».
Паводле версіі абвінавачання, Эдуард Бабарыка садзейнічаў Сяргею Ціханоўскаму, затрыманаму 29 траўня 2020 года, у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Акрамя таго, палітвязня абвінавацілі ў аказанні дапамогі ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб па папярэдняй змове. Адзначаецца, што гэтыя дзеянні пацягнулі іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе ўзнікнення масавых беспарадкаў, прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры.
Эдуард Бабарыка не прызнаў віны. Ён заявіў, што не разумее сутнасці прад'яўленага яму абвінавачання. Таксама ён падкрэсліў, што асабіста не быў знаёмы з Ціханоўскім.
Эдуард на судзе вырашыў даваць паказанні: «Я не здзяйсняў ніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было здабыта ніводнага доказу маёй віны».
Ён таксама распавёў, што тыя 1,8 мільёна рублёў, якія
фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі.