Хронікі рэпрэсій за 27 лістапада

Сілавікі зладзілі «хапун» у Баранавічах; «Народная грамада» запатрабавала спаткання Марыны Адамовіч з Мікалаем Статкевічам; Вярхоўны суд мусіў разгледзець апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку — такімі былі галоўныя навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1110 дзён, Дзяніс — 990.

***

«Народная грамада» патрабуе арганізаваць сустрэчу Мікалая Статкевіча і яго жонкі Марыны Адамовіч, паведамляе «Салідарнасць».

Пра асуджанага на 14 гадоў палітвязня няма навін ужо больш за дзевяць месяцаў.

На мінулым тыдні галоўная рэдактарка «Хартыі' 97» Наталля Радзіна напісала пра магчымую смерць Мікалая Статкевіча. На фоне гэтых чутак партыя Статкевіча «Народная грамада» запатрабавала ад «адказных асоб у Беларусі неадкладна арганізаваць» для палітвязня спатканне з жонкай Марынай Адамовіч і абвергнуць альбо пацвердзіць інфармацыю, якая тычыцца палітыка Мікалая Статкевіча.

Партыя звярнулася па дапамогу да міжнароднай супольнасці, а таксама заклікала беларусаў да правядзення акцый салідарнасці каля будынкаў палітычных сіл краіны знаходжання.

— Заклікаем праваабарончыя арганізацыі Беларусі праявіць салідарнасць, заклікаць да неабходнасці вызвалення ўсіх, хто незаконна ўтрымліваецца рэжымам, і давесці рэальную сітуацыю пра пагрозу для людзей, якія знаходзяцца ў турмах, — адзначаецца ў звароце партыі.

Пра Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне ў глыбоцкай калоніі, няма звестак з 9 лютага.

***

Сілавікі правялі аблаву ў Баранавічах, затрыманы як мінімум чацвёра мясцовых жыхароў, піша «Медыязона» са спасылкай на праўладны ТГ-канал, дзе апублікаваны відэа з затрыманымі.

Затрыманні былі звязаны з пратэстамі 9 жніўня 2020 года ў Баранавічах. У відэа сілавікоў спачатку дэманструюцца кадры пратэстаў у горадзе. Затым затрыманыя мясцовыя жыхары на камеру кажуць, што бралі ў іх удзел. Як сцвярджаюць аўтары канала, некаторыя з затрыманых вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы.

Паводле якіх менавіта артыкулаў затрыманы жыхары Баранавічаў і што з імі цяпер — невядома.

***

Палітвязня Сяргея Трацюка перавялі на турэмны рэжым. Заўтра ён адзначыць Дзень народзінаў, піша «Вясна».

Сяргей — жыхар Брэста, да зняволення працаваў токарам, мае непаўнагадовую дачку. Яго асудзілі паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках») за ўдзел у акцыі пратэсту ў Брэсце ў жніўні 2020 года.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Сяргею прызначылі 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Са студзеня 2022 года Сяргей адбываў тэрмін у Івацэвіцкай калоніі №22.

У Івацэвічах 7 ліпеня адбыўся суд па замене Трацюку рэжыму ўтрымання. Паводле рашэння суддзі Васіля Аўрусевіча яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму №4 да заканчэння тэрміну.

Падтрымайце палітвязня: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Сяргею Іванавічу Трацюку.

***

Крымінальная справа ў дачыненні да былога пазаштатнага відэааператара Андрэя Толчына перададзена ў пракуратуру для перадачы ў суд. Як высветліў БАЖ, яму выстаўлена абвінавачванне паводле арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).

Сілавікі затрымалі Толчына ў канцы верасня. На наступны дзень у яго кватэры прайшоў ператрус. Следчыя канфіскавалі камп'ютарнае абсталяванне і іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы патлумачылі, што ператрус праводзіўся нібыта ў рамках справы аб экстрэмізме.

З 2017 года Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі. Вядома, што палітвязень пакутуе на гіпертанію і мае праблемы з нагамі.

***

Суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў мясцовага жыхара Ігара Жука да двух гадоў «хіміі» паводле артыкула аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК) праз каментар пад відэа расійскага блогера Іллі Варламава «Беларусь: прыхаваная мабілізацыя і ўвод войскаў з Расіі. Украіна, Лукашэнка і NATO», піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

 Каментар сілавікі знайшлі ў дадатку Youtube пры аглядзе тэлефона Ігара Жука.

***

27 лістапада ў Вярхоўным судзе мусіў адбыцца разгляд скаргі на прысуд Эдуарду Бабарыку, сыну Віктара Бабарыкі, паведамляе «Салідарнасць».

На пачатку ліпеня Эдуарда асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: «Ухіленне ад выплаты падаткаў», «Арганізацыя масавых беспарадкаў» і «Распальванне сацыяльнай варожасці».

***

У Брэсцкім абласным судзе разгледзелі справу жыхара Кобрынскага раёна Пятра Ярмашука. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» і «распрацоўцы шкодных праграм» (арт.361-2 і ч.1 арт.354 КК), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле версіі абвінавачання, Пётр Ярмашук у сакавіку 2022 года запампаваў з сайта itarmy.com.ua некалькі файлаў, якія дазваляюць праводзіць DDoS-атакі. Затым «не менш за 8 разоў» запускаў на сваім камп'ютары праграму, праз што «парушалася сістэма абароны ад DDoS-нападаў» і была «парушана праца неўстаноўленых інтэрнэт-рэсурсаў Расійскай Федэрацыі». Такім чынам, на думку дзяржабвінавачання, Ярмашук «выкарыстаў шкодныя патэнцыйна небяспечныя праграмы».

Акрамя таго, жыхара Кобрынскага раёна абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе ён перавёў праз Фэйсбук каля 60 долараў фонду салідарнасці «BYSOL».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 287 дзён, Максіма Знака — 291 дзень, Мікалая Статкевіча — 290 дзён, Ігара Лосіка — 281 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 146 дзён, Віктара Бабарыкі — 218 дзён, Уладзіміра Гундара — 115 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1448 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1661 чалавек. Сярод іх — 178 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.