Латушка, Чалы, Губарэвіч. Сілавікі ладзяць пагромы-ператрусы ў кватэрах вядомых беларусаў
Сёння з раніцы лукашэнкаўскія сілавікі ладзяць масавыя ператрусы па месцы жыхарства вядомых беларускіх палітычных эмігрантаў. У некаторых выпадках вобшукі нагадваюць сапраўдныя пагромы. Паводле наяўных звестак, гэта звязана з новай крымінальнай справай, заведзенай у сувязі з маючымі адбыцца выбарамі ў Каардынацыйную Раду.
Спачатку праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра масавыя ператрусы ў Мінску. «Некаторыя з іх звязаныя з ціскам на сябраў Каардынацыйнай Рады», — адзначылі правабаронцы.
«Нам дакладна вядома пра як мінімум шэсць такіх фактаў. Адзначым, што ў некаторых выпадках ператрусы звязаныя з ціскам на сябраў Каардынайцыйнай Рады. Пра пераслед людзей, звязаных з КР, паведамляюць і праўладныя тэлеграм-каналы — яны назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у Каардынацыйную Раду», — гаворыцца ў паведамленні «Вясны».
Пазней стала
вядома, што сілавікі прыходзілі па месцы прапіскі кіраўніка руху «За свабоду»,
удзельніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Юрася Губарэвіча.
Пра гэта палітык напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць па месцы прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 года», — напісаў Юрась Губарэвіч.
Таксама стала
вядома, што лукашэнкаўцы правялі ператрус у кватэры аналітыка і эканаміста, сябра
КР Сяргея Чалага. Фотаздымкі ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Бачна, што вобшук нагадвае пагром. Выглядае, што ў кватэру сілавікі спецыяльна прынеслі і раскідалі гару смецця.
Ператрус адбыўся і ў намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага
антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі і іншых членаў каманды НАУ.
Паведамляецца, што «сёння да родных многіх супрацоўнікаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а таксама ў кватэры, дзе яны раней пражывалі, прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі беларускіх спецслужб».
Па звестках Паўла Латушкі, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыцца прадстаўнікоў многіх дэмакратычных сілаў Беларусі.
«Мы адзначаем, што гэта не паўплывае на дзейнасць Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі», — напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.
Ператрусы па
«справе выбараў у Каардынацыйную Раду» праходзяць за «здраду дзяржаве» і шэраг
іншых крымінальных артыкулаў, адзначаюць праваабаронцы.
Яны заявілі аб атрыманні інфармацыі, што сілавікі
прыходзяць да людзей, якія нібыта звязаныя з КР, з пастановамі на ператрус
паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Здрада дзяржаве» (арт. 356 КК), «Змова
або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК), «Заклікі да мер
абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне
шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК), «Стварэнне
экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (арт. 361-1), «Фінансаванне
экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК), «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
(арт. 361-4 КК).