«Беларусь акружана ворагамі», або Пра што сведчыць самаабгавор Паротнікава

Цэлы шпіёнскі фільм выпусціў «АНТ» з адной-адзінай мэтай: запэўніць «дзяржаўных людзей» у тым, што яны акружаны з усіх бакоў варожымі сіламі.

Андрэй Паротнікаў. Фота: «Еўрарадыё»

Андрэй Паротнікаў. Фота: «Еўрарадыё»

Фільм «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў» з самых першых хвілін стварае напружаную атмасферу «шпіёнскага» пры дапамозе музыкі і заявы, што ён «заснаваны на рэальных падзеях». Звычайна дакументальныя фільмы, заснаваныя на журналісцкім расследаванні, не звяртаюцца да такіх заяў. Гэты прыём выкарыстоўваецца ў мастацкіх фільмах, каб прыцягнуць аўдыторыю пэўнасцю сюжэту, але ў той жа час пакінуць месца для творчай інтэрпрэтацыі падзей. Так што яны пачалі свой аповед з намёку на прысутнасць мастацкай выдумкі, піша «MediaIQ».

У сакавіку 2023 года стваральнік аналітычнага праекта «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў быў затрыманы ў Мінску, пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам і паўдзельнічаў у аператыўнай гульні КДБ, падчас якой рабілася спроба выявіць механізмы эвакуацыі з Беларусі.

Як паведамляецца ў фільме, пад кантролем КДБ Паротнікаў жыў на «нелегальным становішчы» ў Мінску, потым у Віцебску, Мёрах і Смаленску. 

Падчас аператыўнай гульні ў красавіку Паротнікаў уступаў у кантакт з прадстаўнікамі польскага аналітычнага цэнтра, польскім дыпламатам у Мінску, прадстаўніцай Офіса Святланы Ціханоўскай, кіраўнікамі фонду «BYSOL» і «Беларускага дома» ў Варшаве. У прадстаўленых запісах размоў Паротнікаў просіць аб дапамозе з эвакуацыяй, а яго суразмоўцы пытаюцца, ці ёсць у яго пашпарт і віза, разважаюць, як менавіта можна яму дапамагчы, і абяцаюць абмеркаваць гэта з калегамі. Паротнікаў кажа, што баіцца затрымання пры перасячэнні мяжы. Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі кажа, што не ведае, чым тут можна дапамагчы. Кіраўнік «Беларускага дома» Алесь Зарэмбюк гаворыць, што Паротнікаў не здзяйсняў супрацьпраўных дзеянняў і можа вярнуцца са Смаленска ў Мінск.


Глядзіце таксама

У інтэрв'ю выданню «Зеркало» кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак расказаў, што з самага пачатку ведаў пра арышт Паротнікава: «Усе перамовы Андрэй вёў са мной асабіста, калі яго ўжо затрымалі. З самага пачатку было вядома, што чалавека «вядуць». Мы разумелі, што эвакуацыя Андрэя, хутчэй за ўсё, скончыцца нічым. У нас было некалькі задач. Па-першае, паспрабаваць выцягнуць нашага калегу і сябра. Па-другое, адсачыць і даведацца, як працуюць спецслужбы і што яны робяць у такіх аперацыях. Па-трэцяе, у выпадку немагчымасці эвакуацыі даць Андрэю магчымасць спаць «на белых прасцінах» замест шконкі як мага даўжэй».

У фільме фрагменты паказаных размоў суправаджаліся тэндэнцыйнымі даведкамі пра суразмоўцаў Паротнікава — усе яны галаслоўна названы «агентамі спецслужбаў Польшчы і Літвы», у залежнасці ад краіны пражывання. Якія-небудзь доказы дадзеных сцвярджэнняў не былі прадстаўлены.

Ствараецца ўражанне, што затрыманне Паротнікава было зрэжысіравана: яго здымаюць з розных ракурсаў у памяшканні з кафлянай падлогай і сценамі (магчыма, пастановачнае відэа). Таксама дэманструюцца допыты жанчыны, названай гаспадыняй арандаванай кватэры ў Мінску, кіроўцы маршруткі, які вёз Паротнікава ў Смаленск, нарэзкай аператыўнай здымкі пра людзей, якія хадзілі па калідорах гасцініцы ў Смаленску, а значыць, нібыта сачылі за Паротнікавым, ну і, уласна, запіс самаабгавору Паротнікава, што яго дзеянні як аўтара «Belarus Security Blog» з'яўляюцца «здрадай радзіме».

Пры ператрусе ў памяшканні, верагодна , звязаным з Паротнікавым, закадравы голас паведамляе, што знойдзены «грошы, экстрэмісцкая сімволіка і мноства доказаў супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі». У пацвярджэнне гэтых слоў паказаны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, брашуры незарэгістраваных арганізацый «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «Правы альянс», кніга амерыканскага псіхолага Мілгрэма Стэнлі «Як добры чалавек становіцца нягоднікам».

На перакананне аўдыторыі працуе калейдаскоп згаданых асоб, іх характарыстыка як «агентаў замежных спецслужбаў», музыка і атрыманае ад Паротнікава прызнанне. 


Глядзіце таксама

Варта ўлічыць, што ніхто не можа быць названы злачынцам да рашэння суда — гэта парушэнне стандарту аддзялення меркаванняў ад фактаў (версія следства/абвінавачанні падаюцца як факт да рашэння суда). Ананімныя аўтары фільма могуць спаслацца на выраз, які часта прыпісваецца сталінскаму пракурору Андрэю Вышынскаму: «Прызнанне — царыца доказаў» (Вышынскі хоць на практыцы і выкарыстаў гэты прынцып, але ў тэарэтычных працах і публічных прамовах яго крытыкаваў), але ні прызнання, ні самаабгавору ў прававой дзяржаве недастаткова для вынясення прысуду. 

Такім чынам, ананімны фільм «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў» уяўляе сабой цікавы прыклад выкарыстання кінематаграфічных сродкаў для пераканання масавай аўдыторыі ў тым, што Беларусь акружана ворагамі, якія пагражаюць і негатыўна ўплываюць звонку праз завербаваных спецслужбамі прадстаўнікоў апазіцыі. Аднак крытычнае мысленне і выяўленне прыёмаў маніпуляцыі дазваляюць разбурыць створанае прапагандысцкім фільмам уражанне.

Крытычны погляд на інфармацыю, аналіз і параўнанне з рознымі крыніцамі — важныя навыкі ў сучасным інфармацыйным грамадстве, асабліва ва ўмовах інфармацыйнага супрацьстаяння.